Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі за лепшыя ўмовы для вязьняў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы палітвязень Валер Леванеўскі прапануе ўдасканаліць закон аб утрыманьні зьняволеных. Свае прапановы спадар Леванеўскі накіраваў Аляксандру Лукашэнку і прэм’еру Сяргею Сідорскаму, ад якіх, на думку праваабаронцы, найперш залежыць лёс беларускіх вязьняў.

Ужо ня першы раз Валер Леванеўскі, які толькі ў траўні выйшаў з калёніі пасьля двухгадовага зьняволеньня, падае свае прапановы па ўдасканаленьні закону аб утрыманьні асуджаных. Гэтым разам ён выступае за цалкам новы парадак падачы і разгляду скаргаў вязьняў на дзеяньні адміністрацыі.

(Леванеўскі: ) “Выхад з турмы нейкіх скаргаў ці заяваў жорстка спыняецца адміністрацыяй, бо людзі скардзяцца аб’ектыўна, а адміністрацыя баіцца, каб гэта стала вядома”.

Паводле Валера Леванеўскага, ў беларускіх турмах ужываюць некалькі захадаў, каб спыніць крытыку. Па-першае, супрацоўнік турмы, які прымае ад асуджанага скаргу, можа проста не перадаць яе далей, а выкінуць ў сьметніцу. Таксама вельмі распаўсюджаны захад – пагрозы ці ўжываньне гвалту супраць таго, хто скардзіцца.

( Леванеўскі: ) “Прыкладам, мне не давалі спаць. Ноччу не даюць спаць асуджаныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй: б’юць па ложку, быццам яны спортам займаюцца, і ім ніхто не робіць заўвагі, а днём дзяжурны не дазваляе спаць. І гэтак было цягам некалькіх тыдняў”.

Валер Леванеўскі прапаноўвае зьмяніць парадак падачы скаргаў. Паводле яго, кожную трэба рэгістраваць у асобнай кнізе, прычым рабіць гэта адразу, у прысутнасьці вязьня. Цягам дня адміністрацыя мусіць выдаць даведку, што скарга атрыманая і разглядаецца.

Днямі свае прапановы Валер Леванеўскі накіраваў Аляксандру Лукашэнку і старшыні беларускага ўраду Сяргею Сідорскаму. Былы палітвязень лічыць, , што гэтыя вышэйшыя чыноўнікі мусяць прысьпешыць ўдасканаленьне адпаведных законаў. Яшчэ раней такія ж прапановы былы пасланыя начальніку Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімеру Коўчуру, але той дагэтуль не адказаў на ліст. Цяпер Валер Леванеўскі патрабуе адстаўкі спадара Коўчура.

Высьветліць меркаваньне Ўладзіміра Коўчура адносна прапановаў спадара Леванеўскага не ўдалося: тэлефон галоўнага начальніка над беларускімі турмамі не адказваў.
XS
SM
MD
LG