Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аб’яднанай кааліцыі -- новая ініцыятыва


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску пройдзе пасяджэньне рабочай групы, якая створана ў межах аб’яднанай дэмакратычнай кааліцыі і павінна да сярэдзіны верасьня падрыхтаваць прапановы па ўдасканаленьні дэмакратычнага працэсу. На нядаўнім сойме партыі БНФ гаварылася, што ў кааліцыі дэмсілаў ёсьць крызыс. Дагэтуль не сфармаваныя да канца выканаўчыя органы кааліцыі, няма скаардынаванай сумеснай працы паводле агульнага пляну. Сёньня на разгляд рабочай групы выносяцца новыя прапановы па пераадоленьні крызысу.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч прапануе ўсім суб’ектам аб’яднаных дэмсілаў максымальна актыўна ўдзельнічаць у мясцовых выбарах і вылучыць як мага большую колькасьць кандыдатаў, прычым шляхам збору подпісаў. Сапраўднасьць подпісаў мусіць кантралявацца і ў кааліцыі.

(Івашкевіч: ) “...І прычым мы павінны паставіць задачу, каб гэтыя кандыдаты сабралі ня менш за 500 подпісаў, што будзе прымушаць іх ісьці не ў маленькія пасялковыя саветы, а ў гарадзкія буйных гарадоў і ў абласныя. Пасьля заканчэньня выбарчай кампаніі зьбіраецца кангрэс дэмсілаў, дэлегатамі якога з’яўляюцца вось гэтыя кандыдаты ў дэпутаты, якія сабралі пры сваім вылучэньні больш за 500 подпісаў, незалежна ад іх далейшага лёсу. І на кангрэсе абіраюцца новыя кіроўныя органы з улікам палітычных раскладаў сярод дэлегатаў кангрэсу”.

Гэтая прапанова пакуль не знайшла падтрымкі ў тых сябраў партыі БНФ, якія асьцерагаюцца, што ў выніку адбудзецца зьвяржэньне Аляксандра Мілінкевіча з пасады лідэра аб’яднаных дэмсілаў.

Каардынатар рабочай групы Вацлаў Арэшка заявіў, што трэба ісьці ў накірунку аб’яднаньня ўсіх дэмакратычных сілаў. Спадар Арэшка не выключае магчымасьці правядзеньня наступнага кангрэсу дэмсілаў, які, магчыма, вырашыць праблему лідэрства.Іншая справа, як зрабіць дэлегаваньне на кангрэс легітымным і даступным для ўсіх сілаў. Як спадар Арэшка ставіцца да прапановы Віктара Івашкевіча?

(Арэшка: ) “У грамадзкага сэктару вельмі крытычнае стаўленьне да гэтай ідэі, таму што гэта больш скіравана хіба на раз’яднаньне сэктараў, таму што грамадзкаму сэктару па вызначэньні няма сэнсу займацца вылучэньнем сваіх кандыдатаў. У яго іншыя задачы і мэты. Таму можа стацца так, што будзе нейкая кансалідацыя палітычных сілаў, але ў той жа час яны адыдуць яшчэ далей ад грамадзкіх. Ня думаю, што гэта найлепшы накірунак”.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, у кааліцыі няма крызысу, а ёсьць дыскусія адносна таго, як зрабіць працу больш эфэктыўнай. Спадар Лябедзька выказваецца за рэформу структур аб’яднаных дэмсілаў і падтрымлівае прапанову Віктара Івашкевіча.

(Лябедзька: ) “Нашыя адносіны да гэтага абсалютна пазытыўныя, прыхільныя. У нас было пасяджэньне палітрады партыі, мы гэта разглядалі і да гэтай ініцыятывы мы ставімся прыхільна, тым больш, што яна грунтуецца на тых прапановах, якія мы зрабілі пасьля 19 сакавіка”.

Ідэю Віктара Івашкевіча плянуецца абмеркаваць на паседжаньні палітрады дэмсілаў, якая пройдзе 30 жніўня ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG