Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Памерла найстарэйшая жанчына сьвету


Юрась Бушлякоў, Прага У Эквадоры напярэдадні памерла Марыя Эстэр дэ Капавільля – менавіта гэтую жанчыну лічылі, згодна з Кнігаю рэкордаў Гінэса, найстарэйшай зь людзей, якія жывуць цяпер на сьвеце. Марыі Эстэр дэ Капавільлі было 116 гадоў. У Менску жыве старэйшая за эквадорскую даўгавечніцу жанчына – паводле беларускіх дакумэнтаў, мянчанцы Ганьне Барысевіч сёлета споўнілася 118. Аднак імя найстарэйшай беларускі ў Кнізе рэкордаў Гінэса няма.

Няма, бо трапіць туды зусім ня проста. У гэтую кнігу запісваюць тых, хто дажыў да 110 гадоў – і такіх людзей цяпер у сьвеце крыху больш за сотню (гэта калі кіравацца зьвесткамі Кнігі рэкордаў Гінэса). Прадстаўнікі Кнігі Гінэса дэталёва правяраюць век усіх прэтэндэнтаў. Давер там маюць да дакумэнтаў, выдадзеных, скажам, у Швэцыі, Бэльгіі, Нідэрляндах, Вялікай Брытаніі, Японіі, ЗША. Да дакумэнтаў з бальшыні краінаў сьвету ставяцца зь недаверам. Таму праблематычна, што павераць беларускім дакумэнтам.

Нашае радыё летась расказвала пра Ганну Барысевіч – жанчына была амаль асьлепла, фактычна нічога ня бачыла. І тады на нашую перадачу адгукнулася кіраўніца беларускага прадстаўніцтва кампаніі “Алькон”. Афтальмолягі адважыліся на ўнікальную апэрацыю і вярнулі зрок Ганьне Барысевіч. Найстарэйшая беларуска выгадавала траіх дзяцей. Цяпер у яе шасьцёра ўнукаў, трынаццаць праўнукаў і тры прапраўнукі. Жыве Ганна Барысевіч з старэйшай дачкою і сям’ёй унука ў Менску. Жанчына цьвердзіць, што нарадзілася ў 1888 годзе.

Я прагледзеў інтэрвію, якое летась давала нашаму радыё Ганна Барысевіч. Яе словы: “Ня трэба нэрвавацца, дык пражывеш доўга. А будзеш нэрвавацца, злавацца – дык хутка парыесься”.

Эквадорка Марыя Эстэр дэ Капавільля, якую да ўчорашняга дня, згодна з Кнігаю рэкордаў Гінэса, лічылі найстарэйшай зь людзей, што жывуць на Зямлі, відаць, стаўленьнем да жыцьця была падобная да беларускай даўгавечніцы. “Яна мела вельмі спакойны характар. Усё жыцьцё спакойна да ўсяго ставілася”, – так гаворыць пра эквадорскую даўгавечніцу яе дачка.

Прадстаўнікі Кнігі рэкордаў Гінэса паінфармавалі ўжо, што цяпер найстарэйшым чалавекам на Зямлі лічаць Элізабэт Болдэн з амэрыканскага Мэмфісу – ёй таксама 116, яна на 11 месяцаў маладзейшая за нябожчыцу Капавільлю. Найстарэйшым мужчынам на сьвеце лічаць пуэртарыканца Эміліяна Мэркада Дэль Тора – тыдзень назад яму споўнілася 115.

Пацьверджаны дакумэнтальна рэкорд у працягласьці жыцьця належыць францужанцы Жан Кальмэн – яна пражыла 122 гады 164 дні: нарадзілася ў 1875-м і памерла ў 1997-м.
XS
SM
MD
LG