Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Мікола Купава, Віктар Сташчанюк, Надзея Дземідовіч, Іна Снарская


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 26 жніўня) Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Іна Студзінская. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка

ВЭРНІСАЖ

ВІКТАР СТАШЧАНЮК: “Я ВЕРУ Ў АСЬВЕТНІЦКУЮ СІЛУ МАСТАЦТВА”

У Менску ў Дольнай залі Чырвонага касьцёлу адчынілася выстава, прысьвечаная 500-годзьдзю перамогі ваяроў Вялікага Княства Літоўскага над войскам крымскіх татараў, што адбылася ў 1506 годзе пад Клецкам. У экспазыцыі няма батальных палотнаў, ды іх і быць ня можа, бо сёньня мастакі сваімі творамі найперш хочуць не дэталі бітвы паказаць, а абудзіць гонар за славу продкаў і колішнюю веліч роднай краіны. На выставе пабывала нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “Маё першае пытаньне да арганізатара выставы, кіраўніка творчае суполкі “Пагоня” мастака Міколы Купавы: чаму экспазыцыя, прысьвечаная такой паважнай даце ў гісторыі краіны, зладжаная ня ў больш адпаведным для гэтага месцы, скажам, не ў вялікім Палацы мастацтва, а ў камэрнай залі Чырвонага касьцёлу?”

(Мікола Купава: ) “Ну вы ж, я думаю, знаёмыя з той сытуацыяй, што ў Палацы мастацтва першы паверх заняты сланамі і сабакамі, а на другім паверсе зусім пуста — я ня ведаю, у чым там справа. Але ў плян не паставілі такую выставу…”

(Аксак: ) “А вы зьвярталіся з такой прапановай?”

(Купава: ) “Зьвяртаўся, вядома ж. І неаднаразова. Але нічога па сутнасьці мне не адказалі… Я думаю, што мы усё ж пакажам шырока ваенную тэму наогул, сабраўшы ўсё: і бітвы з татарамі, і бітвы з усходнімі нашымі сябрамі, і з заходнімі, і з паўночнымі. У нас бліскучая вайсковая гісторыя. Мы яшчэ ня ўсё зрабілі, каб сабраць такую экспазыцыю, але плянуем вялікую выставу такой тэматыкі”.

Уладзімер Кандрусевіч. Князь Міхал Глінскі напярэдадні бітвы. 2006

(Аксак: ) “Як шмат мастакоў удзельнічае ў гэтай экспазыцыі?”

(Купава: ) “Тут выстаўлена трыццаць твораў пятнаццацёх аўтараў. Важна ня тое нават, колькі тут выстаўлена, а важна тое, што тэма раскрытая”.

(Аксак: ) “Ці пісаліся творы адмыслова для гэтае даты, ці яны прадстаўленыя ў экспазыцыю з мастакоўскіх сховішчаў?”

(Купава: ) “Ёсьць такія працы, якія створаныя адмыслова для гэтае выставы. Гэта акварэль Івана Пратасені, гэта працы маіх былых навучэнак Валянціны Праўдзінай і Марыны Цімафеевай, некаторыя яшчэ… І, як бачыце, выстаўленыя і раней напісаныя творы пра вайсковую славу нашых продкаў, напрыклад, графічны партрэт Анастасіі Слуцкай Арлена Кашкурэвіча, і гэта твор вельмі яркі, вобразны. Ну, і ёсьць тут выбітныя творы Міхася Басалыгі і іншых…”

(Аксак: ) “У ліку іншых вылучаецца праца Віктара Сташчанюка. Гэта графічная рэканструкцыя мястэчка Клецак, пры якім адбылася 500 гадоў таму пераможная бітва ваяроў ВКЛ з крымскімі татарамі. І маё пытаньне да мастака: ці напраўду Клецак, які сёньня ёсьць заштатным мястэчкам зь нічым неадметнаю архітэктураю і кволым духоўным жыцьцём, на пачатку 16 стагодзьдзя выглядаў так па-эўрапейску велічна, як на вашай карціне?”

(Сташчанюк: ) “Вядома ж, фантазіі я не прымяняю, якую рэканструкцыю я не рабіў бы, і гэтая рэканструкцыя Клецка зробленая паводле вядомай гравюры сямнаццатага стагодзьдзя. Замак на ёй паказаны, гледзячы як бы зьверху, я ж павінен быў зрабіць панарамна і таму адпаведна падыходзіў да таго, што бачыў на гэтай гравюры, знаходзячы адпаведную кропку. Замак на гары, а яшчэ ж сьцены яго атуляюць, таму ён мусіць вымалёўвацца з-за іх такім, якім ён і быў — велічным. Тут і вежы-данжоны, каторыя заўсёды былі цэнтрамі абарончых сьценаў, і дарога са слупкамі, абвітымі галінамі дрэў дзеля таго, каб трымалі грунт насыпу гары… Усёй панарамы не хапае, але відзён барочны храм, да прыкладу…”

(Аксак: ) “Скажыце, калі ласка, а што вас натхніла на стварэньне гравюры Клецку пачатку шаснаццатага стагодзьдзя?”

(Сташчанюк: ) “Я заўсёды ў любым мястэчку цікаўлюся, што захавалася з архітэктурных помнікаў, як можна зрабіць рэканструкцыі таго ці іншага гораду…”

(Аксак: ) “Вас натхняе чыста практычная ідэя аднаўленьня страчанай архітэктуры?”

(Сташчанюк: ) “Такія думкі калі й зьяўляюцца, то недзе далёка і глыбока, але натхняе найперш думка, што калі гэты малюнак пойдзе на выставу, у часопісы, то людзі ўбачаць, як выглядаў той ці іншы горад, што сёньняшнія мястэчкі страцілі свой ранейшы выгляд, а мелі ж некалі адметнае аблічча. Тое, што сасьпеў гэты малюнак Клецка якраз да гэтай выставы, то добра — яго ўбачылі многія”.

Экскурсію па выставе праводзіць Мікола Купава

(Аксак: ) “Ці будзеце і пасьля выставы надаваць асьветніцкую місію гэтаму свайму твору?”

(Сташчанюк: ) “Такія задумы ў мяне ёсьць, але гэта датычна найперш твораў пра Наваградак. А гэты твор, як мне сказаў Мікола Купава, вырашыў набыць Клецак для свайго музэю”.

(Аксак: ) “Наведнікам Клецкага музэю пашчасьціла — яны будуць бачыць вашую рэканструкцыю і ганарыцца сваім горадам. А ці верыце вы ў асьветніцкую сілу мастацтва сёньня?”

(Сташчанюк: ) “Вядома, веру. Проста трэба рабіць, рабіць і выставы, і іншае… Так, умовы для гэтага неспрыяльныя, але трэба шукаць хады да людзей…”

БЛІЗКАЯ ГІСТОРЫЯ

Многія вэтэраны вызвольнага руху Беларусі альбо зусім ня пішуць успаміны, альбо трымаюць іх у шуфлядах. Ды й выдаць сёньня мэмуары няпроста, звычайна, гэта прыватныя ініцыятывы. Ёсьць, праўда рэдкія выключэньні — летась выйшлі кнігі ўспамінаў сьветлай памяці Кастуся Рамановіча "За волю Беларусі", а сёлета пабачылі сьвет мэмуары Юрася Дубовіка "Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі". І вось зьявілася яшчэ адна навінка — другая кніга Надзеі Дземідовіч, вязьня ГУЛАГу, удзельніцы Кенгірскага паўстаньня 1954 году. Кніга называецца "Ўспаміны майго сэрца", яна выйшла дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы Аляксандра Салжаніцына і Леакадзіі Шышэі. З працягам тэмы — Іна Студзінская.

Надзея Дземідовіч нарадзілася ў 1927 годзе на Слонімшчыне. Вучылася ў Слонімскай беларускай прагімназіі. Уступіла ў Саюз беларускай моладзі. У сьнежні 1944 году падчас масавых арыштаў сябраў СБМ у Слоніме перайшла на нелегальнае становішча, доўга хавалася. У 1949 годзе Надзею Дземідовіч арыштавалі ў Казахстане, дзе яна жыла ў сваякоў. Перавезьлі ў Баранавіцкую турму. У 1950-м дваццацітрохгадовая Надзея Дземідовіч была асуджаная на 25 гадоў лягероў. Потым была турма ў Горадні. І чатыры лягеры — Чалябінск, Караганда, Кенгір, Тайшэт. Надзея Дземідовіч — удзельніца вядомага Кенгірскага паўстаньня вязьняў 1954 году.

У 2002 годзе ў сэрыі "Архіў найноўшай гісторыі" выйшла кніга ўспамінаў Надзеі Дземідовіч “Век так ня будзе". І вось выйшла другая — "Успаміны сэрца майго".

(Дземідовіч: ) "Я мусіла напісаць другую кнігу, таму што ў першую ня ўсё яшчэ ўвайшло. Я пішу пра сябе, але такіх людзей, з такім лёсам, як у мяне, было вельмі шмат. А цяпер нас засталося вельмі мала. І хочацца перадаць, расказаць новаму пакаленьню, якое "шчасьлівае" было пры Сталіне жыцьцё".

Гісторык Сяргей Ёрш рыхтаваў да друку друную кнігу ўспамінаў Надзеі Дземідовіч.

(Ёрш: ) "Па выхадзе першай кнігі Надзеі Раманаўны "Век так ня будзе" я быў перакананы, што будзе яшчэ і працяг. І вось мінулым летам я атрымаў новы тэкст для падрыхтоўкі для друку. Найбольшае ўражаньне аказалі на мяне ўспаміны пра савецкія турмы і канцлягеры".

Натуральна, яшчэ да арышту маладая дзяўчына чула ад блізкіх, што ня ўсё так проста і добра ў краіне, як сьпявалася ў папулярных тады песьнях кшталту "Я другой такой страны не знаю…". Але што такія зьдзекі зь людзей могуць быць, не ўяўляла нават у страшных снах.

(Дземідовіч: ) "Калі я хавалася, і маміна стрыечная сястра, каб ніхто ня чуў, расказвала мне праўду пра лягернае жыцьцё, я ня верыла, думала, што гэта казкі. А потым сама апынулася ў лягерах, і столькі пабачыла! І сьмерці, і катаваньні, і столькі ўсяго, што й не апішаш. І цяпер яшчэ лягер у вачах стаіць...".

Ва "Ўспамінах сэрца майго" Надзея Дземідовіч апісвае падзеі, эпізоды, якія не ўзгадвала раней. У 1954 годзе ў Кенгірскіх лягерах было паўстаньне вязьняў, якое доўжылася 40 дзён. Прыехала начальства з Масквы і рабіла выгляд, што пераглядае справы тых, хто зьдзейсьніў злачынствы да 18 гадоў. Моладзі абяцалі волю за пакаяньне. Але амаль ніхто не згадзіўся пайсьці на свабоду такім коштам.

(Дземідовіч: ) "Прыехала начальства, і нас, асуджаных па малалецтве, сабралі ў сталоўцы і пачалі абяцаць свабоду тым, хто ўсё раскажа. А я была асуджаная на 25 гадоў, сказала ім: ня веру, што нас адпусьцяць дамоў, як, дарэчы, і ня верыла, што мне дадуць 25 гадоў! І многае яшчэ ім сказала. І нічога ім не расказала. І многія маўчалі і засталіся ў няволі. А як я пайду на свабоду, калі застаюцца ў турме родныя, блізкія людзі? Як іх пакінуць, каб іх замардавалі, зьнішчылі — якая нам воля?"

40 дзён доўжыўся бунт вязьняў Кенгірскіх лягероў. Калі начальства зразумела, што асуджаныя не саступяць, пачалося масавае зьнішчэньне вязьняў. Забівалі з самалётаў, расстрэльвалі, душылі безабаронных людзей танкамі...

(Дземідовіч: ) "Уявіце сабе: танкі ідуць па людзях! Маладыя латышы, якіх ксёндз павянчаў у лягеры, кінуліся самі пад танк. І барак інвалідаў, дзе былі жывыя людзі, раздушылі танкамі. Там вельмі шмат ахвяраў было. А каго паранілі, потым дабівалі ламамі альбо штыхамі паролі. А потым напісалі, што была эпідэмія, і людзі памерлі ад эпідэміі! І маёй душы хочацца, каб людзі пра гэта ведалі".

Надзеі Дземідовіч тады цудам удалося выжыць. Чытаць і слухаць яе ўспаміны цяжка. Але такія кнігі неабходныя. І для сучасьнікаў, і для моладзі, і для будучых пакаленьняў.

(Ёрш: ) "Людзі, на жаль, адыходзяць. Вэтэранаў беларускага вызвольнага руху становіцца ўсё менш, і хочацца, каб яны пакідалі як мага больш сьведчаньняў. Пра тое, як людзі жылі падчас савецкай акупацыі, як яны змагаліся за волю, за незалежнасьць Бацькаўшчыны. І вельмі важна, каб заставаліся сьведчаньні пра невядомых нам беларускіх патрыётаў, якія загінулі ў турмах, на этапах. Некалі мы адшукаем іх магілы, ушануем іх памяць. Надзея Раманаўна ў сваёй кнізе таксама вяртае нам невядомыя раней імёны беларускіх патрыётаў".

У новай кнізе Надзеі Дземідовіч зьмешчаныя таксама і вершы, прысьвечаныя Васілю Быкаву, Алесю Адамовічу, Ларысе Геніюш, Сяргею Новіку-Пеюну, Барысу Кіту.

На жаль, кніга выйшла вельмі малым накладам — усяго 300 асобнікаў, таму ў кнігарнях яе ня будзе. Набыць "Успаміны сэрца майго" можна будзе ў незалежных распаўсюднікаў.

АЎТАР І ТВОР

ІНА СНАРСКАЯ: “Я ЖЫВУ НА ДЗЬВЕ КРАІНЫ — УКРАІНУ І БЕЛАРУСЬ”

У Эўропе сёньня карыстаюцца попытам кніжкі-білінгвы. Паэты спрабуюць знайсьці чытача ў іншамоўнай прасторы. У Менску ўжо выйшлі паралельныя беларуска-нямецкія, беларуска-літоўскія, беларуска-польскія паэтычныя зборнікі. А нядаўна пабачыла сьвет беларуска-ўкраінская кніга “Дзьве зямлі — дзьве долі” паэткі Іны Снарскай, якая нарадзілася ў Полацку, аднак ужо многа гадоў жыве ў Палтаве, дзе працуе на мясцовым тэлебачаньні. З аўтаркай кнігі падчас яе прыезду ў Беларусь сустрэўся Міхась Скобла.



(Міхась Скобла: ) “Іна, да гэтай пары вас і ў Беларусі, і ў Палтаве ведалі, як беларускую паэтку. Пасьля выхаду кнігі “Дзьве зямлі — дзьве долі” вы пачынаеце прысутнічаць і ва ўкраінскай паэзіі. А вам гэтак утульна будзе існаваць — адразу ў дзьвюх літаратурах?”

(Іна Снарская: ) “Я думаю, што досыць утульна. Таму што й жыву я адначасова на дзьве краіны – Украіну і Беларусь. Сёньня я ўжо не магу ў сваім сэрцы аддзяліць іх адну ад другой. Дужа многа зьвязана і там, і там. Так усё перамяшалася ў маёй долі і ў маім жыцьці, таму і лягічна выглядае выхад гэтай кнігі. Калі раней я ў Палтаве выступала перад рознымі аўдыторыямі — у ВНУ ці ў школах — то выглядала пэўным экзотам, бо выступала па-беларуску. Ня ўсё было зразумела. Цяпер жа мне з украінцамі будзе лягчэй паразумецца”.

(Скобла: ) “Вы задаволеныя перакладамі вашых вершаў?”

(Снарская: ) “Так, я задаволеная, хоць і перакладалі шэсьць перакладчыкаў: пяцёра з Палтавы, і паэтка Мая Львовіч з Харкава (яе ведаюць у Беларусі, яна піша па-беларуску і па-ўкраінску). Усе — мае добрыя знаёмыя, усе яны паэты. Што дзіўна: усе перакладчыкі думалі спачатку перакласьці па адным-два вершы. Але потым яны ўсе так захапіліся, што не маглі спыніцца. Па 50-60 вершаў пераклалі! Так іх захапіла стыхія беларускай мовы. Яны ў адзін голас гаварылі: “Божа, якая прыгожая мова!”. Напрыклад, Мікола Кастэнка прызнаўся: “Я чую, як у тваім кожным вершы шчабечуць беларускія птушкі. На жаль, украінскай мовай гэтае шчабятаньне, усе гэтыя “цёхканьні” вельмі цяжка перадаць”.

(Скобла: ) “Гэта заўважыла і аўтарка пасьляслоўя да вашай кнігі, мовазнаўца з Палтаўскага пэдунівэрсытэту Ларыса Безабразава. Яна называе вас “Маўкай беларускіх лясоў” і працягвае: “Па вершах Іны Снарскай можна вывучаць флёру й фаўну ўсходнеславянскіх зямель”. Вы нараджэнка Полацку, дзе вы навучыліся разумець мову траў і дрэў?”

(Снарская: ) “Гэта нешта падсьвядомае. Магчыма, ува мне прамаўляе генэтычны голас продкаў. Да таго ж, я расла да першай клясы на вёсцы ў бабулі. А чалавек фармуецца ў маленстве, менавіта тады мадэлююцца і захапленьні чалавека, і яго здольнасьці. У маленстве я хадзіла ў лес, слухала траву, а ўсіх матылькоў і казюрак ведала пайменна! Усе ўражаньні запісаліся ў памяць, як на відэастужку, і засталіся са мной на ўсё жыцьцё”.

(Скобла: ) “Наклад вашай кнігі — 1000 асобнікаў. Зыходзячы з таго, што яна дзьвюхмоўная, варта было б падзяліць увесь наклад на дзьве роўныя часткі. А колькі насамрэч вашых кніг трапіла ў Беларусь?”

(Снарская: ) “Ой, вельмі мала — колькі змагла дацягнуць, 25 асобнікаў. Параздавала сваім сябрам, знаёмым пісьменьнікам. Некалькі асобнікаў занесла ў Нацыянальную бібліятэку. Будынак, вядома ж, мяне ўразіў. Такая грандыёзная спаруда з бэтону і шкла! Але нейкая бяздушная, яна прыціскае чалавека да зямлі. Адчуваеш сябе маленькай казюркай. Я доўга блукала лябірынтамі бібліятэкі, шукала патрэбнага мне чалавека, які мог бы прыняць кнігі. Там такі строгі прапускны рэжым — як на вайсковым аб’екце. Супрацоўнікі праводзілі мяне, сваімі карткамі адчынялі дзьверы. Па дарозе я ўспамінала Кафку, ягоны славуты “Замак”. Нешта абсурднае ў гэтым было. Але сустрэлі мяне прыхільна, кнігі з удзячнасьцю ўзялі”.

(Скобла: ) “Дазволю сабе адно назіраньне. Калі вы прыяжджаеце ў Беларусь, такое ўражаньне, што вы ёю дыхаеце, што вы яе назапашваеце, як пахучае сена на зіму клапатлівы гаспадар. Каб потым сілай свайго слова ажывіць залаты гербарый, каб кветка расьцьвіла і лісток разлапушыўся. А што сёлета трапіла ў ваш паэтычны гербарый?”

(Снарская: ) “Гэтым разам мне запомнілася дарога да продкаў. Я пабывала ня толькі ў Полацку, але і ў вёсках, дзе калісьці жылі мае дзяды, — у Варонічах і Сястронках. Наведала я могілкі, дзе пахаваныя мае бацькі. А яшчэ зьезьдзіла ў Краснапольле на Расоншчыну, дзе, паводле “Шляхціча Завальні” Яна Баршчэўскага, жылі мае продкі Снарскія. Ад панскай сядзібы мала што засталося — парэшткі старога саду ды возера, у якім калісьці пан Снарскі разводзіў рапушку эўрапейскую (цяпер яна вядомая як сялява). Мяне зьдзівіла і захапіла прырода Расонскага краю — там такія лясы, азёры!”

(Скобла: ) “Шановні друзі, Іна Снарська, автор та режісер документального фільму, які ви тількі шчо побачили, бажае вам творчой наснаги. Гэта, на жаль, пачуюць толькі гледачы Палтаўскага тэлебачаньня. А мы пачуем вершы Іны Снарскай у аўтарскім выкананьні”.

ІНА СНАРСКАЯ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * * Адна зямля падставіла рукі, Каб ня ўпала на дол. Ліўся дождж, і кропляў мудрыя гукі Загаворвалі боль.

Другая зямля ратавала слова, Дзе вусны агнём пякло, Дзе птушка ляцела, ляцела на волю, Шукала жытло.

І гэтыя белыя, чыстыя строі — Зары сьветлы ўздых, Выткалі мне дзьве зямлі, дзьве долі, Дзьве песьні маіх.

* * * Маё зьмярканьне яшчэ далёка, Але чамусьці я бачу яго несупынна Ва ўсім навокал: У раньняй халоднай восені, У птушках, якія паляцелі ў вырай не разьвітаўшыся, У састарэлай пажухлай лістоце, У невясёлых стомленых тварах, Якія праплываюць неяк занадта павольна, Нібы ў сьне, побач са мной і вакол мяне… Я так даўно ня бачу шчырых, шчасьлівых вачэй. Яны — быццам халодныя люстэркі, Аддаюць, не шкадуючы, мой уласны адбітак.

* * * Заблукала ў лесе надвячоркам, Ніяк сьцяжыну запаветную не знайду. Але бачу — тры прагаліны, І на кожнай зь іх — брама. За першай жыве зьмяя, Ды не хапае ёй мудрасьці, За другой — крумкач, Ды не хапае яму літасьці, За трэцяй — воўк, Ды не хапае яму сьмеласьці. Да якога гаспадара зайсьці, З кім сьвітанку дачакацца? Стукаю ў першую браму — ды зьмяя джаліць мяне. Стукаю ў другую — Ды крумкач гоніць мяне. Стукаю ў трэцюю — Ды воўк хаваецца ад мяне. Блукаю па цёмным лесе, шукаю дарогу…

ПОЛАЦКУ

А ноч плыла пад зорным парасонам, Дрыготкая і крохкая, як шкло. Мінулае належала бяссоньню, А будучае — крылы апякло… Што там яшчэ? — Далёкая дарога, Зноў торбу пазычаць у жабрака. Радкі кладуцца болем і трывогай: “Сафія сьпіць. Сьпяшаецца рака…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG