Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магнітафоны


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Калі і была ў нас, школьнікаў, культавая рэч, дык гэта, безумоўна, магнітафон. Гэта быў ня проста апарат для запісу і перадачы гуку. Гэта было акно ў сусьвет, празь якое мы пачулі “бітлоў”, “ролінгаў” ды іншых сваіх куміраў. І называлі мы магнітафон па-свойску ляпідарна: маг.

Да самага канца шасьцідзясятых магнітафоны, асабліва ў правінцыі, былі рэдкасьцю. У нашым клясе, памятаю, толькі ў аднаго хлопца дома стаяў магнітафон: лямпавы “Дніпро”. Пайсьці зь ім кудысьці ды штосьці перапісаць не было магчымасьці, бо важыў ён 25 кіляграмаў.

Першы маг бацькі мне набылі ў 1970 годзе. Прычым, ехаць за ім давялося ў стольны Менск. Называўся “Дайна” і каштаваў 130 рублёў. Неўзабаве ў продажы зьявіліся “Юпітэры”, “Вільмы”, “Яўзы”, “Каметы”. Самы танны маг, “Aidas”, каштаваў 110 рублёў. Была яшчэ прыстаўка “Нота”, на дваццаць рублёў таньнейшая, але ў яе не было дынамікаў і трэба было падключацца да прыймачу. Самыя прасунутыя мэляманы хадзілі па вуліцах зь пераноснымі магамі на батарэйках. У іх плаваў гук і пастаянна зрываўся тросік. Правая бабіна пасьля таго не круцілася і стужка зьбівалася ў ком, утвараючы так званую “бараду”. Уладальніку “Вясны” – так называліся пераносныя магі, -- даводзілася потым, каб разматаць “бараду”, круціць бабіну пальцам.

Самымі шыкоўнымі магамі лічыліся “Грундзігі” ды “Соні”. Пра іх было шмат размоваў, але на ўласныя вочы замежную тэхніку мала хто бачыў.

У магах увесь час нешта трэба было падцягваць ды падкручваць, таму зь іх здымалі верхнюю накрыўку. Колькі ведаю сяброў – ва ўсіх магнітафоны працавалі з аголеным нутром. Да таго ж, клявішы, асабліва ў “Дайны”, часьцяком не ўключаліся, таму, каб выправіць дэфэкт, іх закліньвалі запалкамі. Сур’ёзнай праблемай было тое, што магнітафонная стужка бязьлітасна рвалася. Склейвалі яе воцатам. Адпаведна, у пакоі, дзе стаяў маг, панаваў густы пах воцату і адэкалёну – апошнім даводзілася праціраць гуказдымальныя галоўкі. Магнітафонныя стужкі былі трох тыпаў: другога, шостага і дзясятага. Дзясяты быў самым трывалым, бо вырабляўся на лаўсанавай аснове. Праўда, і каштаваў адпаведна.

Лічылася, што якаснае гучаньне, можна дасягнуць пры хуткасьці запісу 19 сантымэтраў у сэкунду. У сярэдзіне сямідзясятых зьявіліся гаргарыстыя шматдарожкавыя магі зь вялізнымі бабінамі і са згаданай хуткасьцю. Ставілі іх вэртыкальна. Праўда, мода на гаргары хутка прамінула, бо неўзабаве сьвет апанавалі кампактныя і зручныя касэтныя магнітафоны.
XS
SM
MD
LG