Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 28 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне! З вамі ў “Начной АБЛОЗе” Севярын Квяткоўскі.

На форумах парталу TUT.by вядзецца жвавае абмеркаваньне таго, якімі словамі разьвіталіся з гледачамі ўдзельнікі гурту “The Сardigans”: “Жыве Беларусь!” Эўрапейскі гурт даў канцэрт на аэрадроме “Менск-1” 27 жніўня. У Інтэрнэце дагэтуль кіпяць жарсьці. Карыстальнік pani Monica піша: “Галоўныя зоркі фэсту сталіся ідэалягічна падкаванымі… Цяпер усе зоркі будуць праходзіць ідэалягічны інструктаж. Чытайце мэтадычку!”. А карыстальнік Yura_1974 піша пра АМОНаўцаў, якія ахоўвалі мерапрыемства: “Цікава, а што адчувалі хлопцы ў чорнай спэцназаўскай і міліцэйскай форме? Пэўна, ім ужо няўтульна ў гэтай краіне. Куды б іх ня кінулі – паўсюль апазыцыйныя настроі”.

Блогер Slaver be распачаў кампанію супраць пераводу беларускай інтэрнэт-бібліятэкі “Вікіпэдыя” на афіцыйны правапіс, які завецца “наркамаўка”. “Зарэгіструйцеся і прагаласуйце супраць прыхільнікі камуністычнай наркамаўкі «наркаманаў»! – заклікае Славер. Карыстальнік yu_tarasievich заклікае за роўныя правы клясычнага правапісу і наркамаўкі ў “Вікіпэдыі”: “Хочаце ім пісаць -- пішыце. Іншая рэч, што іншых прымушаць да гэтага -- не трэба”. aniol13 катэгарычны: “У школцы, калі мне было 9 год, мы пісалі дыктоўку па бел. мове я напісаў слова СЬВЯТА менавіта СЬВЯТА – зь мяккім знакам. Нават дзіцём я чуў гэты мяккі знак і яго напісаў. Я ЗА КЛЯСЫЧНЫ ПРАВАПІС!!!

У інтэрнэт-суполцы Minsk_by зьмешчаная абвестка пра бясплатныя курсы для тых, хто жадае ўдасканаліць альбо пачаць вучыць ад нуля беларускую мову Карыстальнік tk_sionnia адгукаецца: “Jość...znajomaja karejanka daskanała viedaje rasiejskuju, žyvie j pracuje u Miensku...Dauno prosicca movu vyvučać”. Блогер alinastefanovic дадае: “У мяне знаёмая ёсьць. Выйшла замуж за беларуса, сама з Расеі. Хоча мову вучыць”.

Не сакрэт, што многія людзі, якія стала ўжываюць беларускую мову, ня ведаюць беларускіх народных прымавак. Таму часьцяком робяць кальку з расейскай. Цяпер з дапамогай інтэрнэту можна ўдасканаліць свае веды ў народнай мудрасьці. На сайце “Беларуская Палічка” выкладзены электронны варыянт “Малога расейска-беларускага слоўніку прыказак, прымавак і фразем”, які быў укладзены і выдадзены Зьмітром Саньком на пачатку 1990-х гадоў. Вось прыклады:

Усялякае бывае: жук рыкае, а карова лятае; свой час ягадзе, свой час баравіку; у сваім гародзе роўны ваяводзе; на сваім сьметніку і певень сьмелы; дзе цесна, там пацешна; цесна сядзець, ды добра гладзець.

Маладая гомельская літаратарка Югася Каляда, якая у сваім інтэрнэт-дзёньніку іранічна рэпрэзэнтуе сябе як “славутая пісьменьніца на плоце” зьмясьціла новы верш пад назвай “Выток Гомелю”.

У сярэдзіне лета, ураньні ў нядзелю, мы на паркавым мосьце стаялі й глядзелі, як гамоніць унізе кагал лебядзіны, як жывуць яны, птушкі вялікія, дзіўныя.

Дрэвы ўверсе спляліся ў зялёнае неба; белым птушкам кідалі кавалачкі хлеба людзі зь дзецьмі, што сажалку атачалі. Хлеб лавілі нахабныя спрытныя чайкі.

А паверхня сажалкі лебядзінай зацягнулася раскаю, зарастала цінай. І фантанчыкаў згасьлі, апалі струмені. І аблеплена жабамі набярэжнай каменьне.

З захапленьнем глядзелі мы ў твар вадаёму: Гамяюк пераліўся у Сож пакрыёму; перасохлы, рачнога ня страціў ён гонару: даў ён сажалку – птушкам, найменьне – гораду.

Мы глядзелі, і ведаць было нам прыемна, што пад мостам – дзівосаў і явы мяжа. Там, пад сховаю дрэваў, бруіцца таемна лебядзіная, белая, гарадзкая душа.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG