Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Новік-Пяюн


Уладзімер Арлоў, Менск 27.8.1906, в. Лявонавічы (цяпер Нясьвіскі раён) — 26.8.1994, Менск. Пахаваны ў в. Лявонавічы Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Пераехаўшы з Полацку ў Менск, я нечакана даведаўся, што наняў кватэру побач з домам, дзе жыў аўтар адной з маіх найулюбёнейшых песьняў.

Песьня, якую я ўпершыню пачуў у выкананьні Сержука Сокалава-Воюша, а затым — Данчыка, называлася “Зорачкі”, а яе аўтарам быў Сяргей Новік-Пяюн.

Праз пару дзён я ўжо разглядаўся ў ягонай падобнай да музэю аднапакаёўцы з кніжнымі рарытэтамі, карцінамі Пётры Сергіевіча і нотнымі сшыткамі Рыгора Шырмы. Увішны вясёлавокі ўладальнік усяго гэтага багацьця тым часам разыгрываў сваю, як потым выявілася, традыцыйную пры нечым першым візыце сцэнку. “Сядай, сядай даражэнькі”. Госьць сядаў, а гаспадар, якому тады даўно ўжо ішоў дзевяты дзясятак, працягваў стаяць. Візытант, натуральна, прасіў прысесьці і самога Сяргея Міхайлавіча. І тут той жыцьцярадасна адказваў: “А я, даражэнькі, ужо наседзеўся. Сядзеў пры ўсіх: пры паляках, пры немцах, пры саветах...”

Усё было праўда. За палякамі яго высылалі й кідалі за краты за стварэньне ў родных Лявонавічах пад Нясьвіжам беларускай бібліятэкі, тэатральнага гуртка і народнага хору (які, дарэчы, існуе і сёньня). Фашысты кінулі Новіка-Пеюна ў Калдычэўскі лягер сьмерці за сувязь з партызанамі. Самы справядлівы ў сьвеце савецкі суд у 1945-м адмераў паэту 10 гадоў Калымы за мітычнае супрацоўніцтва з акупантамі...

Ён усё вытрымаў, захаваўшы і сваё своеасаблівае пачуцьцё гумару, і, я сказаў бы, крыху эпікурэйскае стаўленьне да жыцьця, і нязводную веру ў сьветлую зорку Беларусі.

Новік-Пяюн напісаў болей за сто песьняў. Далёка ня кожны з калегаў Сяргея Міхайлавіча мог бы пахваліцца, што хоць адна зь іхніх песьняў стала народнай яшчэ пры жыцьці аўтара. Новік-Пяюн падараваў нам такіх цэлыя дзьве — “Над Шчарай” (“Слонімскі вальс”) і згаданыя ўжо “Зорачкі”. Вы, пэўна ж, таксама памятаеце іх шчымлівую мэлёдыю:

Ўночы зорачкі прыветліва мігцяць, Быццам зь неба на мяне яны глядзяць... Што чуваць, скажэце, зорачкі, вы мне Ў маёй роднай ды далёкай старане?..

Учора споўнілася 100 гадоў з дня яго нараджэньня.

P.S. І Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі (т. 5, 1999) і ўнівэрсальная Беларуская Энцыкляпэдыя (т. 11, 2000) дружна пашыраюць «дэзу», паведамляючы, што зборнік Сяргея Новіка-Пеюна «Песьні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе (аўтары артыкулаў Л. Гарэлік і І. Саламевіч). Насамрэч гэтая ўнікальная, амаль цалкам напісаная ў няволі кніга пабачыла сьвет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1993 годзе і аўтар яшчэ пасьпеў падпісаць мне яе сваім непаўторным бісэрным почыркам, які быў, відаць, вынікам аднолькавага браку паперы ў самых розных турмах, дзе сядзеў мой колішні сусед.
XS
SM
MD
LG