Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Не вучыліся Pink Floyd у савецкай школе з ідэалёгіяй і капаньнем бульбы ў калгасе..."


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 28 жніўня, панядзелак. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар) “Паважанае Радыё Свабода, адкажыце, калі ласка, на пытаньне, чаму да гэтага не наладжана надзейнае радыёвяшчаньне на ўльтракароткіх ці хаця б сярэдніх хвалях на Беларусь. Бо на кароткіх хвалях прыём ненадзейны. Прэм’ер Польшчы абяцаў гэта зрабіць яшчэ ў лютым гэтага года. Дзякую за ўвагу.”

(Спадарыня) “Дарагое Радыё Свабода, прывітаньне. Як баліць у мяне душа глядзець…Надыходзіць восень, ідзе такая пара! Вельмі баліць душа за тое, што нашыя калгасы вельмі запушчаныя. Фэрмы ў калгасах настолькі параскіданыя !..Я ня ведаю, як людзі могуць купляць малако ў магазінах, калі гной з вуліцы цячэ наўпрост у будынак кароўніка, дзе дояць кароў. Даяркі настолькі ўсе брудныя ходзяць, але ніхто на гэта не зьвяртае ўвагі. Баліць душа за тое, што нашыя палі вельмі ўраджайныя, але яны не даюць ураджай, а ідуць пад лясы. Садзяць лясы, пакідаюць бур’ян…

“Учора глядзела праграму і хачу выказацца на гэты конт. Як гучна нашыя чыноўнікі крычаць: “Нараджайце дзяцей!” Куды ж нараджаць тых дзяцей? Хіба на голад! Хіба на жабрацтва! На прыніжэньне! Навошта ж тады па тэлевізару заклікаць нараджаць, бо Беларусь вымірае. Так, Беларусь будзе выміраць, бо няма клопату пра дзяцей! Некаторыя дзеці будуць хадзіць па два– па тры кілямэтры да школы! Як жа так можна ў наш час?!”

(Яблонскі) “Паважаная, “Свабода”! Я тэлефаную з такой нагоды. Тое, што робяць улады з нашымі пісьменьнікамі, я не магу назваць інакш, як “зьдзек над нашай культурай.” Мне хочацца зьвярнуцца да прадпрымальнікаў, да ўсіх людзей добрай волі, у якіх ёсьць нейкая магчымасьць, калі ласка, я са сваёй пэнсіі па інваліднасьці пералічу некалькі даляраў на гэты рахунак, які адчыняць нашыя пісьменьнікі. Я зьвяртаюся да прадпрымальнікаў. Ва ўсе часы толькі вы маглі даказаць усім, што вы вялікія людзі. Прашу вас, калі можна, падтрымайце!”

(Тацьцяна) “Паважаная “Свабода”, запрашаю вас у вёску Дубіны Кобрынскага раёну. Разам з мужам мы вырошчвалі лекавыя расьліны, дапамагалі многім людзям пазбавіцца хваробаў, але ж чыноўнікі нас вырашылі проста задушыць. Я хачу, каб вы прыехалі, і мы раскажам вам сваю сумную гісторыю. Я жонка Уладзімера Банцэвіча, фэрмера, які вырошчвае лекавыя расьліны, а цяпер знаходзіцца ў турме.”

(Павел Лястовіч зь Пінску) “Добры дзень. 1 верасьня ў Пінск чакаецца прыезд Аляксандра Лукашэнкі да адкрыцьця Палескага ўнівэрсытэту. Пінск цяпер драіцца, чысьціцца, фарбуецца, новыя платы будуюцца. І што самае цікавае, да паляўнічых ходзяць міліцыянты і забіраюць паляўнічую зброю. Цікава было б даведацца, наколькі гэта законна. Гэтыя людзі прайшлі ўсе магчымыя і немагчымыя праверкі і маюць права ісьці з гэтай зброяй некуды ў балота, у лес паляваць, а зброю ў іх забіраюць да таго моманту, пакуль Лукашэнка адсюль не зьедзе, адкрыўшы ўнівэрсытэт. Дзякуй.”

(Васіль Цюхай зь Беразіна) “Добры дзень. Я лічу, што асноўная праблема школы – гэта прымусовы характар школьнай адукацыі. У антычнасьці, калі не было кнігадрукаваньня, дзяцей зганялі ў школу, каб яны паўтаралі навучальную праграму хорам за настаўнікам. Сёньня кнігі танныя, ёсьць бібліятэкі, кнігарні, інтэрнэт. Я не разумею, навошта трымацца за перажыткі каменнага веку. Хаця не, разумею, людзей зь дзяцінства трэба прымушаць да парадку і падпарадкаваньня загадам. І калі прыйдзе пара, да прымусовага рабства ў войску, ніхто і не падумае, што гэта зло. Адно зло вынікае зь іншага. Бясплатны кампутар на 10 гадоў для кожнага дзіцяці, мне здаецца, будзе каштаваць значна меней для падаткаплатніка, чым усе падаткі, якія паглынае Міністэрства адукацыі. “Нам не патрэбна адукацыя, якая ператварае людзей у цагліны ў сьцяне,” – сьпявалі калісьці Pink Floyd. У той песьні пералічваліся заганы заходняй сыстэмы адукацыі. Не вучыліся яны ў савецкай школе з ідэалёгіяй і капаньнем бульбы ў калгасе.

Трэба мець мужнасьць, каб назваць рэчы, прынамсі, сваімі імёнамі: не “абавязковая сярэдняя адукацыя,” а “прымусовая сярэдняя адукацыя.” Любое невуцтва насаджаецца. І калі дзяржава кантралюе ня толькі тое, што чалавек робіць і гаворыць, але і тое, што ён ведае, гэта найгоршы з усіх відаў гвалту. І на заканчэньне цытата: “Што не зрабіў рускі штык, зробіць рускі поп і руская школа.” І яшчэ адна цытата: “І бачыў я, як выходзяць з вуснаў прарока, і з вуснаў зьвера, і з вуснаў ілжэпрарока тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў. Гэта бясоўскія духі, якія твораць знаменьні. Яны выходзяць да цароў зямлі ўсяго Сусьвету. Каб сабраць іх на бітву ў храме на вялікі дзень Бога Ўсемагутнага. І ён сабраў іх на месца, названае Армагедон.” (Апакаліпсіс 16) Што такое тры агідныя жабы, тлумачыць папярэдняя цытата. Гэта патрыятызм, мараль і адукацыя.”

(Спадар) “Добры дзень. Мне хацелася б выказаць сваё асабістае меркаваньне і падтрымаць Сямёна Букчына, які разам з Алегам Трусавым удзельнічаў у апошняй “Экспэртызе “Свабоды.” У гэтай перадачы Алег Трусаў, а да гэтага Лявон Баршчэўскі тыдзень таму ў перадачы “Пражскі акцэнт”, выказалі такую думку, што за рэвалюцыяй абавязкова ідзе контррэвалюцыя. І тое, што адбылося ў першай палове 90-х у Беларусі, гэта, маўляў, заканамерна. Паважаныя Алег Трусаў і Лявон Баршчэўскі, няўжо БНФ у першай палове 90-х адабралі ўладу ў партыйна-дзяржаўнай намэнклятуры, распачалі карэнныя эканамічныя рэформы, пачалі сур’ёзную перабудову палітычных інстытутаў? Нічога гэтага не было ў рэчаіснасьці. Дзеячы БНФ пайшлі зусім іншым шляхам, шляхам падмены. На месца камуністычнай ідэалёгіі яны спрабавалі паставіць нацыянальную ідэалёгію і ідэю. І рукамі савецкіх чыноўнікаў-бюракратаў рабіць з савецкіх беларусаў нацыянальна сьвядомых беларусаў. І такім чынам забясьпечыць нацыянальнае Адраджэньне. Яны ці не разумелі, ці не хацелі разумець, што без рашэньня асноўнага пытаньня ў палітыцы, пытаньня ўлады, без карэнных сацыяльна-эканамічных рэформаў…”

“Добры дзень, шаноўныя. Цікава было б пачуць меркаваньне дасьведчаных людзей наконт указаньня кіраўніка краіны Міністэрству адукацыі распрацаваць норму беларускай артаграфіі і пунктуацыі. У сувязі з гэтым шэраг пытаньняў. Першае, чаго тут чакаць? Другое, хто мусіць быць кампэтэнтным у гэткіх распрацоўках? І каму афіцыйна нададзена гэтае права? Далей. Калі гэта сыходзіць ад спадара Лукашэнкі, які грэбуе роднай мовай, то тут несхаваная небясьпека чарговай русыфікацыі мовы беларускага народу. Дзякую.”

(Спадарыня) “Добры дзень, Радыё Свабода. Я ведаю, у нашага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў цяпер вялікія праблемы, ім трэба выплачваць велізарны штраф, вырашаць пытаньне з офісам. Скажыце, калі ласка, ці можна ім неяк фінансава дапамагчы, ці ёсьць нейкі разьліковы рахунак, на які можна пералічыць грошы. Я думаю, што не я адна, а шмат хто з грамадзтва мог бы ім дапамагчы. Дзякую.”
XS
SM
MD
LG