Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Воршы адбыўся сход, прысьвечаны 20-м угодкам клюбу “Повязь”


Радыё Свабода, Віцебск Аршанскі культурна-асьветны клюб аматараў гісторыі й даўніны “Повязь” быў створаны ў 1986-м годзе, неўзабаве пасьля вядомай менскай “Талакі”. Мэты абедзьвюх суполак таксама былі падобны: захаваньне і ўпарадкаваньне архітэктурных помнікаў, занядбаных дзяржавай.

У свой час аршанскія аматары й абаронцы гістарычнай спадчыны ўратавалі ад зьнішчэньня будынкі Куцеінскага кляштару, дзе ў 1630-м годзе была заснавана славутая друкарня Сьпірыдона Собаля, і будынак трынітарскага кляштару, у якім пасьля рэстаўрацыі й адбудовы цяпер месьцяцца гарадзкі архіў і аддзел ЗАГС.

Дзясяткі лістоў у розныя інстанцыі накіравалі сябры “Повязі”, каб захаваць будынак колішняга касьцёлу, у якім гарадзкія ўлады разьмясьцілі Палац культуры будаўнікоў. Сёньня там ізноў -- каталіцкая парафія Сьвятога Язэпа. І менавіта ў гэтым касьцёле мясцовыя краязнаўцы правялі сход, прысьвечаны 20-м угодкам клюбу “Повязь”.

На сход прыйшлі тыя, хто калісьці запачаткаваў “Повязь”, у тым ліку й самы старэйшы аршанскі краязнаўца -- Аляксандар Шынкевіч, аўтар шэрагу кніг па гісторыі Аршаншчыны, якія пераважна выдае за ўласны кошт і з уласнай ініцыятывы. Прыйшлі таксама й колішнія наведнікі аматарскіх курсаў беларускай мовы, арганізаваных клюбам “Повязь” у адной з гарадзкіх бібліятэк.

Прысутныя вырашылі адрадзіць у горадзе традыцыю краязнаўчых чытаньняў, якая згасла апошнім часам з прычыны адсутнасьці сродкаў на гэта ў гарадзкім бюджэце, а таксама працягваць культурна-асьветную працу, паасобку, – дзеля аховы архітэктурных помнікаў. Патрэбы гэткае дзейнасьці за апошнія 20 год не паменела: якраз цяпер жыхары Воршы зьбіраюць подпісы за захаваньне парэшткаў царквы ХVШ стагодзьдзя, на падмурках якой міліцэйская ўправа зьбіраецца будаваць ізалятар часовага ўтрыманьня.
XS
SM
MD
LG