Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму жыхар Салігорску абвясьціў галадоўку?


Севярын Квяткоўскі, Менск Ад 25 жніўня на балконе кватэры Валерыя Бараноўскага вісіць плякат з надпісам “Галадоўка”. 56-гадовага Валерыя Бараноўскага зьвінавацілі ў незаконным прадпрымальніцтве, асудзілі на тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкай выкананьня на паўтара года, а таксама забавязалі выплаціць суму блізу 12 тысяч даляраў у эквіваленце. Валеры Бараноўскі апратэстоўвае ня толькі прысуд, але і тое, як вёўся разгляд справы, і сам факт зьяўленьня крымінальнай справы.

Пра пачатак галадоўкі Валеры Бараноўскі папярэдзіў уладу адпаведным лістом у Салігорскую пракуратуру:

(Бараноўскі: ) “Я пішу пракурору: за тыя машыны, якія мне выставілі вінавачаньнем, я заплаціў дзяржаве $7 100 прыбытку за “растаможку”. І я стаўлю пытаньне да пракурора: хто больш карысьці даў дзяржаве – вы ці я раней?”

Валеры Бараноўскі апошнія некалькі гадоў прыганяў у Беларусь аўтамабілі для продажу: адзін-тры разы за год. Дэкляраваў прыбытак, плаціў падаткі, афармляў усе дзеяньні адпаведнымі дамовамі.

(Бараноўскі: ) “Пададзеныя сьледчым у судзе сумы узяты са слоў. Копіі дамоў да ўвагі не бяруцца. Банкаўскі чэк зь пячаткай не бярэцца да ўвагі”.

Ганяючы зрэдзьчасу машыны з-за мяжы, Валеры Бараноўскі ня думаў, што падпадае пад закон аб прадпрымальніцтве. Тым больш, што занятку свайго не хаваў, а наадварот – імкнуўся ўсё рабіць афіцыйна. І вось толькі празь пяць гадоў фінансавая міліцыя выставіла да яго прэтэнзіі.

Мы датэлефанаваліся да сьледчага Алега Марыніча, які вёў справу Валерыя Бараноўскага:

(Карэспандэнт: ) “Прэтэнзіі да сьледзтва ён выказваў?”

(Марыніч: ) “Не… Але на сьледзтве паводзіў сябе скрайне агрэсіўна. Адмаўляўся падпісваць усе дакумэнты. Магчыма, такім шляхам (галадоўкай) спрабуе пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці”.

Сам спадар Бараноўскі мяркуе, што стаўся ахвярай пэўнай стратэгіі мясцовых уладаў:

(Бараноўскі: ) “Я ў гэтым бачу нейкую замову. “Белкалій” сядзеў на мялі. Можа, яны ў бюджэт грошы выскрабаюць любымі шляхамі…”

Галадоўка Валерыя Бараноўскага як акцыя сацыяльнага пратэсту ня першая ў Беларусі. У 2004 годзе ў Ваўкавыску галадалі 25 працаўнікоў фірмы таксі, а сёлета на пачатку жніўня скончылася галадоўка ў Берасьці, дзе пратэставалі 15 чалавек – зь фірмы маршрутнага таксі. Але Валеры Бараноўскі кажа, што ня сочыць за навінамі й ня чуў пра падобныя акцыі. Ён нават ня ведаў, што сёлета ў Салігорску маладыя актывісты дэмакратычнага руху цягам дзевяці дзён трымалі палітычную галадоўку:

(Бараноўскі: ) “Я ўсё раблю са сваёй званіцы, я ні зь кім ня раіўся, не рыхтаваўся. Папросту – дасталі!”

Пакуль рэакцыі з пракуратуры не было. Валеры Бараноўскі рыхтуецца неўзабаве да выхаду на пэнсію. Ён падлічыў, што, вылічваючы з пэнсіі дазволены працэнт, дзяржава атрымае прысуджаныя 25 мільёнаў рублёў толькі праз 200 гадоў.
XS
SM
MD
LG