Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўзбэкістане прагназуюць сацыяльны крах


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 1 верасьня Ўзбэкістан адзначыць 15-я ўгодкі сваёй незалежнасьці. Прэзыдэнт краіны Іслам Карымаў паўтарае, што для 26 мільёнаў грамадзянаў Узбэкістану адзінай формаў палітычнага разьвіцьця зьяўляюцца дэмакратычныя рэформы. Але ягоная рыторыка рэзка адрозьніваецца ад рэальнасьці: правы чалавека парушаюцца, свабоды зьнішчаныя, і любая крытыка рэжыму рэзка караецца.

Назіральнікі адзначаюць, што праз 15 гадоў пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, краіна апынулася, калі ня ў поўнай сацыяльнай катастрофе, дык у тупіку. Былы амбасадар Вялікай Брытаніі ў Ташкенце Крэйг Мюрэй называе рэжым Карымава найбольш брутальным сярод усіх цэнтральнаазіяцкіх краінаў.

(Мюрэй:) “Я думаю, што самы жорсткі рэжым ва Ўзбэкістане. Тут закатавана людзей нават болей, чым ў Туркмэністане. Натуральна, што рэпрэсіі ўзмацніліся пасьля падзеяў у траўні 2005 году ў Андыжане. Пасьлядоўна перасьледуюцца і апазыцыйныя, і рэлігійныя групы, часта шматлікія. І маштаб палітычнага ціску расьце.”

Цягам апошняга году былі забароненыя шэраг замежных няўрадавых і гуманітарных арганізацыяў. Улады працягваюць строга кіраваць мясцовымі СМІ, а замежныя журналісты вымушаныя пакідаць краіну з прычыны перасьледу і запужваньня. Шмат актывістаў апазыцыі і праваабаронцаў сядзяць у турмах, ці пакінулі краіну. Праваабаронца Бахціяр Хамроеў, які пакуль яшчэ працуе ў краіне, 18 жніўня быў зьбіты вялікай групай людзей ва ўласнай кватэры ў прысутнасьці брытанскіх дыпляматаў і са згоды паліцыянтаў.

Ня лепшая сытуацыя і ў эканоміцы Ўзбэкістану. Апошнім часам былі абвешчаныя банкрутамі ці пазбаўленыя ліцэнзіяў некалькі буйных прапрыемстваў з замежным капіталам. Насельніцтва бяднее, а атачэньне прэзыдэнта Карымава багацее коштам высокіх цэнаў на золата і бавоўну. Натуральна, што растуць апазыцыйныя настргоі ў насельніцтва, і, на думку незалежнага ўзбэцкага сацыёляга Багадзіра Мусаева, усё гэта можа прывесьці да перавароту ў краіне.

(Мусаеў:) “Краіна ўступіла ў паласу смутаў. Патэнцыял пратэсту нарастае. Будзе сацыяльны крах. Спачатку – мясцовы, рэгіянальны, а затым і агульнадзяржаўны. Краіна ўжо некіруемая. Яна трымаецца толькі на страху, на гумавых дубінках і штыках.”

Аналітыкі таксама цьвердзяць, што такая сытуацыя робіць папулярнымі радыкальныя ідэалёгіі, улучна з ісламскімі.
XS
SM
MD
LG