Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Саўка: “Мэта новых правілаў – забарона “тарашкевіцы”


Ганна Соўсь, Менск Якія зьмены чакаюць беларускі правапіс і пунктуацыю? Якія пункты правілаў беларускай мовы падлягаюць дасканаленьню? Ці захаваецца тэндэнцыя русіфікацыі ў новых правілах? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць вядомыя мовазнаўцы.

Праект новай рэдакцыі правілаў правапісу й пунктуацыі беларускай мовы распрацавалі Міністэрства адукацыі й Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук. Мяркуецца, што цягам двух тыдняў ён будзе ўнесены на разгляд кіраўніка Беларусі для зацьверджаньня адпаведным указам.

Мовазнаўца Зьміцер Саўка кажа пра два магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў: новыя правілы будуць грунтавацца на раней распрацаваным праекце навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства на чале з акадэмікам Падлужным альбо гэта будзе новы праект.

(Саўка: ) “У другім выпадку, калі гэта будзе нейкі іншы праект, дык, хутчэй за ўсё, мэтай яго будзе ня столькі ўнармаваньне правапісу – мэта будзе палітычная. Усе праекты, якія прымаліся за савецкім і постсавецкім часам, перасьледавалі ня столькі лінгвістычныя, колькі палітычныя мэты. Як асноўную палітычную мэту я бачу забарону “тарашкевіцы” й – аўтаматычна – забарону выданьняў, якія ёй карыстаюцца”.

Прафэсар, доктар навук, загадчык катэдры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства гарадзенскага Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Павел Сьцяцко ў 2004 годзе рэцэнзаваў праект новых правілаў правапісу й пунктуацыі беларускай мовы, падрыхтаваны навукоўцамі Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі на чале з акадэмікам Аляксандрам Падлужным.

(Сьцяцко: ) “Там на вокладцы было напісана “прэзыдэнт”, і ён павінен быў падпісаць. Але тады Мясьніковіч атрымаў адмоўныя водгукі ад Саюзу пісьменьнікаў, ад ТБМ і выклікаў тады яшчэ дырэктара Інстытуту мовазнаўства Падлужнага й сказаў, што іх трэба карэнным чынам дапрацаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія асноўныя хібы Вы заўважылі?”

(Сьцяцко: ) “Па-першае, хібы былі ў тым пляне, што там разглядалі чысты правапіс, не закранаючы формаў словазьмяненьня. Другое, яны блыталі асабовыя й неасабовыя назоўнікі. Трэці, вялікі вельмі разьдзел, прысьвечаны скланеньню прозьвішчаў, дзе наагул было наблытана. Там вельмі шмат было недахопаў”.

Прафэсар Павал Сьцяцко непакоіцца, каб у новых правілах правапісу й пунктуацыі беларускай мовы наноў ня выявілася тэндэнцыя русіфікацыі беларускай мовы.

(Сьцяцко: ) “Калі яны патрабуюць, каб пісалася “Янку Купале”... А трэба ж: “Коласу, Купалу” – формы, уласьцівыя беларускай мове. А яны ж падганялі, як у савецкі час: “аб Брэжневе”. Яны хочуць захаваць старыя русіфікацыйныя нормы. Інстытут мовазнаўства працягвае гэтую традыцыю. У слоўніку пад рэдакцыяй Падлужнага 2003 году пакінуты ўсе русіфікацыйныя формы. І я думаю, што яны не адступяцца”.

Пра новыя правілы правапісу й пунктуацыі беларускай мовы загаварылі напрыканцы мінулага тыдня, калі кіраўнік Беларусі прыняў з дакладам міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Як патлумачыў нашаму радыё дырэктар Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Аляксандар Лукашанец, гэта будзе не рэформа, а толькі ўдакладненьне існых правілаў. Паводле Лукашанца, у новай рэдакцыі ўдакладняюцца правілы пераносу, напісаньне малой і вялікай літары, пашыраецца напісаньне “у” нескладовага, на значную частку запазычаных слоў пашыраецца прынцып аканьня.
XS
SM
MD
LG