Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго рыхтавалі ў моладзевым летніку на возеры Пясочным?


Радыё Свабода, Менск Інфармацыйна-аналітычная праграма Беларускага тэлебачаньня “У цэнтры ўвагі” ў сваім нядзельным выпуску распавяла, нібыта, у лесе ля Менску падлеткаў 14--16 гадоў “навучаюць, як процістаяць міліцыі падчас вулічных беспарадкаў”. Маўляў, “гэтак жа навучалі баевікоў УНА-УНСО, на больш высокім узроўні, але па той жа схеме -- баевікоў у Чачні”. Вядоўца заявіў, нібыта, у лесе апазыцыя рыхтуе “гарматнае мяса рэвалюцыі”. Тым часам удзельнікі летніку падрыхтавалі свой відэакліп пра гэты летнік на 8 хвілінаў, які ёсьць у вольным распаўсюдзе. Што ж было насамрэч?

Моладзевы летнік праводзіўся месяц таму на Меншчыне ў Чэрвеньскім раёне, на возеры Пясочным. Удзельнічалі ў ім 35 сябраў розных моладзевых арганізацый, у тым ліку й Маладога фронту. Арганізатарам летніку выступіла Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне інвалідаў вайны ў Аўганістане. Намесьнік старшыні гэтага аб’яднаньня 23-гадовы Павал Красоўскі патлумачыў, што гэта арганізацыя займаецца шанаваньнем памяці воінаў, якія загінулі ў Аўганістане, і ніякіх адносін ня мае да таго, у чым яе спрабуе зьвінаваціць афіцыйнае тэлебачаньне.

(Красоўскі: ) “Гэта быў спартова-адукацыйны летнік. Праводзіліся сэмінары на тэму ўстойлівага разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў. І гэта ўсё было інтэгравана з ранішнімі зарадкамі й выступленьнем “аўганцаў”, якія распавядалі, як яны калісьці ваявалі. Была згода бацькоў, усё было дамоўлена, нармальна. Насамрэч летнік адбыўся. Яны проста з гэтага зрабілі нейкую інфармацыйную нагоду. Можа, ім няма чаго паказваць?!”

Спынілі правядзеньне летніку ля возера каля 30 міліцыянтаў і некалькі асоб у цывільным, якія прыехалі зь Менску. Яны правялі ператрус усіх рэчаў і сканфіскавалі відэакасэту, на якую адзін з удзельнікаў летніку здымаў мерапрыемства дзеля архіву. Менавіта гэтую касэту, а таксама фрагмэнты апэратыўных відэаздымак і скарысталі ў тэлепраграме “У цэнтры ўвагі”. Журналістаў БТ на месцы падзеі не было.

(Красоўскі: ) “Значыцца, па тэлебачаньні сказалі, што, нібыта, апазыцыя рыхтуе моладзь да вайны. Гэта простая прапагандысцкая схема: людзі, народ ня хоча вайны, вайна -- гэта нэгатыўнае. І мы пакажам, што яны рыхтуюцца да вайны. Ніякіх такіх першапачатковых мэт не было. Хлопцы папросту вучыліся, як абараняць сябе. Хлопцы вучыліся на ранішняй зарадцы прыёмам самаабароны”.

Міліцыя ўсяго толькі абвінаваціла арганізатараў летніку ў тым, нібыта, яны няправільна расставілі намёты, парушыўшы тым самым прыродаахоўнае заканадаўства й Дэкрэт прэзыдэнта пра ўпарадкаваньне зямлі.

(Красоўскі: ) “Перад тым, як арганізоўваць летнік, мы прыбралі тэрыторыю, пазьбіралі ўсё сьмецьце, якое ляжала навокал, каля возера. Яны, значыць, зьнялі гэтае сьмецьце й сказалі: вось яны п’юць гарэлку, піва. Бутэлькі плястыкавыя мы зьбіралі, каб прыносіць ваду для гатаваньня ежы, бо вада была кілямэтраў за 10 ад месца. Гэта любімая тэма БТ, беларускай прапаганды: хочуць паказаць, што мы такія вось дрэнныя, алькаголікі. Яны папросту бачаць, што структуры дэмакратычнага кшталту працуюць з моладзьдзю больш эфэктыўна, чым БРСМ”.
XS
SM
MD
LG