Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы не баяцца адпачываць у Турэчыне


Ігар Карней, Менск Міністэрства замежных спраў Беларусі афіцыйна паведаміла: сярод пацярпелых ад тэрарыстычных актаў у ноч на 28 жніўня ў Турэччыне беларускіх грамадзянаў няма. Паранена каля трох дзясяткаў чалавек, сярод іх – турысты зь Вялікай Брытаніі й мясцовыя жыхары. Нягледзячы на досыць частыя выпадкі тэрактаў, Турэччына па-ранейшаму застаецца прыярытэтным кірункам для беларускіх турыстаў.

Сёньня МЗС Беларусі распаўсюдзіла афіцыйнае паведамленьне: беларусаў сярод пацярпелых падчас сэрыі выбухаў у Стамбуле й Мармарысе няма. Паводле зьвестак, атрыманых у амбасадзе Беларусі ў Анкары, у ноч на панядзелак раненьні рознай ступені атрымалі грамадзяне Турэччыны й Вялікай Брытаніі. Пры гэтым у зьнешнепалітычным ведамстве нагадалі: два месяцы таму падчас выбуху ў горадзе Манаўгат блізу Анталіі цяжкія траўмы атрымалі тры беларускі, і адной з жыхарак Магілёву давялося ампутаваць нагу.

Прадстаўнікі турыстычнай галіны Беларусі чарговы раз канстатуюць: гэтыя выпадкі наўрад ці паўплываюць на жаданьне беларусаў адпачываць у Турэччыне. Як кажа кіраўнік рэспубліканскага Саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цыхмэйстар, альтэрнатывы турэцкім курортам пакуль што аб’ектыўна няма. У даступнай для беларусаў цэнавай палітры нідзе ў іншай краіне не прапануюць гэткіх суадносін кошту й якасьці. Да таго ж, для ўезду ў Турэччыну ня трэба траціць часу на афармленьне візы – яе за 20 даляраў афармляюць наўпрост на лётнішчы.

(Цыхмэйстар: ) “На сёньняшні дзень я пакуль што альтэрнатывы турэцкаму кірунку ня бачу. Маю на ўвазе спалучэньне кошту, якасьці, сэрвісу. Тут жа – раскрутка за многія гады, калі гэта ўсё на слыху, на слыху, на слыху, цісьне на цябе. Урэшце ты падсьвядома ўжо, на ўзроўні статкавага мысьленьня думаеш: а чаму б ня зьезьдзіць? Да таго ж, туркі ад гэтага году сталі прапагандаваць сваю краіну. Як і беларусы, туркі – аказалася -- ня ведаюць сваёй краіны. Яны прызналі, што ня ведаюць гісторыі, і пачалі акцэнтавацца на ўнутраным турызме. І гэта яшчэ, у пэўнай ступені, паўплывала на рэклямныя магчымасьці -- што да зьнешняга сьвету. Ну, а экстрым нас ніколі не палохаў: нашаму чалавеку прапануй хоць крыху таньней, -- ён паедзе куды заўгодна”.

Дынаміка выездаў грамадзянаў Беларусі на адпачынак у Турэччыну адна з самых заўважных. Калі ў 2000 годзе на турэцкія курорты выехалі блізу 8 тысяч беларусаў, то летась гэтая колькасьць узрасла ў чатыры разы. Экспэрты кажуць, што ў 2006-м можа быць пабіты й гэты рэкорд, бо беларусы ўсё больш актыўна мяняюць традыцыйны Крым на Турэччыну. Пасьля чарнаморскіх узьбярэжжаў Расеі і Ўкраіны менавіта Турэччына замыкае тройку прыярытэтаў беларускіх турыстаў, пасунуўшы нават Баўгарыю.

Апроч зьвестак пра пацярпелых ад тэрактаў, паведамляецца, што ў Турэччыне цягам мінулых выходных загінула сама меней 10 чалавек у дарожных аўтакатастрофах. Яшчэ каля паўсотні турыстаў, уключна з замежнікамі, паранены. МЗС Беларусі ўдакладняе: беларускіх грамадзянаў сярод пацярпелых няма.
XS
SM
MD
LG