Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія галоўныя праблемы стаяць перад беларускай школай?


Альгерд Невяроўскі, Менск Напярэдадні новага навучальнага году гэтае пытаньне тыдня беларускай “Свабоды” вучням і іхным сваякам на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Бабуля з унукам: ) “Ну, якія праблемы? Я бачу праблемы ў 12-гадовым навучаньні. Яно мне не падабаецца. Гэта чалавек заканчвае школу ў 18--19 гадоў. Асабліва, калі хлопец: яму ў войска ўжо трэба ісьці. Няма магчымасьці паступіць. І, відаць, трэба некаторыя падручнікі замяніць. Найперш беларускамоўныя, бо яны састарэлі, і цяжка вучыцца. Яны даўно не перавыдаваліся. І ў іх багата такіх слоў, якіх нават я, што вучылася ў беларускамоўнай школе, не разумею. І складаная праграма па матэматыцы”.

(Маці з дачкой: ) “Вялікая нагрузка на дзіця: кожны дзень па 6 урокаў. Гэта вельмі складана для дзяцей”.

(Бабуля вучня: ) “Я лічу, што ня трэба 12 гадоў трымаць дзяцей у школе. Гэта вельмі складана, асабліва -- для хлопцаў. А, па-другое, надта многа адпачываюць дзеці, а трэба вучыцца”.

(Спадарыня: ) “Харчаваньне не падабалася дзецям. Прымушалі набываць яго загадным чынам, і гэта не падабалася. Калі мае вучыліся тры гады таму, -- хадзілі ў джынсах. А ўсе бацькі хацелі форму. І яшчэ дадатковыя платныя заняткі. Маўляў, ваша дзіця не дае рады -- плаціце грошы, і настаўнік будзе займацца пасьля ўрокаў. Так не павінна быць. Ня мусяць плаціць школе”.

(Вучань: ) “Праблема зацікаўленасьці вучняў вучобай. Я сам зацікаўлены набыцьцём ведаў. А па некаторых іншых вучнях бачу, што яны абсалютна не зацікаўлены ў сваёй адукацыі. Ім усё роўна. Гэта падаецца галоўнай праблемай цяпер”.

(Карэспандэнт: ) “Якія найбольш важныя праблемы стаяць перад беларускай школай?”

(Вучаніца: ) “Напэўна, тое, што настаўнікі ня вельмі паважаюць вучняў і кепска да іх ставяцца”.

(Ейная сяброўка: ) “Многія настаўнікі, сапраўды, не паважаюць вучняў: заніжаюць адзнакі, абражаюць. А ёсьць такія, што могуць і ўдарыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG