Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня выйдзе на волю Андрэй Пачобут


Радыё Свабода, Горадня Актывіста непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Андрэя Пачобута асудзілі на дзесяць сутак арышту за дробнае хуліганства паводле артыкулу 156 Адміністрацыйнага кодэксу.

15 жніўня на Вайсковых могілках у Горадні ўшаноўвалі памяць жаўнераў Войска Польскага. Мерапрыемства стаў здымаць апэратар абласнога тэлебачаньня. Там знаходзіліся пераважна пажылыя людзі, якія не хацелі, каб іх фільмавалі. Спадар Пачобут сказаў пра гэта апэратару Андрэю Бялятку.

Увечары праз тры дні, у пятніцу 18 жніўня, Андрэя Пачобута разам зь ягоным калегам з Саюзу палякаў Мечаславам Яскевічам затрымалі міліцыянты. У Саюзе гэта расцанілі як жаданьне сарваць паседжаньне Галоўнай рады СПБ, якая мела сабрацца на наступны дзень і сябрамі якой зьяўляюцца абодва затрыманыя.

Справу на затрыманых перадалі ў Кастрычніцкі раённы суд Горадні. А.Пачобут і М.Яскевіч прабылі ў міліцэйскім ізалятары амаль поўныя чацьвёра сутак. Нарэшце судзьдзя Зінаіда Барцэвіч вызначыла: спадара Пачобута арыштаваць на дзесяць сутак, а справу адносна спадара Яскевіча спыніць – з прычыны адсутнасьці складу адміністрацыйнага правапарушэньня -- і выпусьціць яго на волю.
XS
SM
MD
LG