Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Навошта апазыцыя рыхтуецца зноў удзельнічаць у выбарчым фарсе?..”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”

Мінае лета – а разам зь ім і палітычнае зацішша. Апошнім часам зьяўляецца ўсё больш паведамленьняў, што і ўлада, і апазыцыя пачалі падрыхтоўку да мясцовых выбараў, якія маюць адбыцца на пачатку студзеня 2007-га году. Гэту тэму абмяркоўваюць у сваіх лістах на “Свабоду” й нашы слухачы.

З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Ліст ад Аляксея Голуба з Пастаў.

“Вось дзіва: апазыцыя зноў рыхтуецца да выбараў. Зьбіраюцца, з разумным выглядам абмяркоўваюць чарговыя пляны нейкіх мерапрыемстваў, распрацоўваюць сцэнары агітацыйнай кампаніі… Ну, колькі можна наступаць на адны й тыя ж граблі? Ды ня будзе ў нас ніякіх выбараў. Сьпісы дэпутатаў, напэўна, ужо складзены раённымі ды абласнымі “вертыкальшчыкамі” і цяпер зацьвярджаюцца ў адпаведных органах. Навошта ў такім разе апазыцыі ўдзельнічаць у гэтым фарсе, надаваць яму нейкі легітымны выгляд, ствараць ілюзію палітычнай канкурэнцыі й дэмакратычнасьці. Няхай у бюлетэні будзе адзін уладны кандыдат. Няхай усе людзі бачаць: ніякіх выбараў у нас няма, бо вярнуўся “савок”, калі ўсе рабілі выгляд, што галасуюць, а кандыдат ад улады набіраў 99 працэнтаў галасоў. Фарс і павінен быць фарсам. Апазыцыя ж чамусьці зьбіраецца гуляць з уладай у гульні, выгодныя толькі ўладзе”.

Большасьць апазыцыйных лідэраў гэтак жа, як і Вы, спадар Голуб, лічаць, што маючыя адбыцца мясцовыя выбары ня будуць ні справядлівымі, ні дэмакратычнымі. Але выбарчая кампанія дае дадатковыя магчымасьці для легальнай агітацыі, для грамадзкай дзейнасьці. І гэтыя магчымасьці апазыцыйныя актывісты вырашылі скарыстаць.

Ці стварыў бы байкот выбараў з боку апазыцыі дадатковыя складанасьці для ўлады? Ці былі б у такім разе выбары безальтэрнатыўнымі, з адным кандыдатам у бюлетэні? Наўрад ці. Стварыць бачнасьць дэмакратычнасьці нескладана й без удзелу дэмакратычнай апазыцыі. Ахвотнікаў паўдзельнічаць у гэтых гульнях шмат: шматлікія папярэднія выбарчыя кампаніі ў Беларусі ня раз гэта засьведчылі.

Наш слухач Генадзь Губарэвіч зь Менску разважае пра адметнасьці сыстэмы беларускага правасудзьдзя. У якасьці прыкладу апісвае наступную сытуацыю, сьведкам якой сам быў на прадпрыемстве, дзе працуе.

“Здарылася гэта ўвесну на заводзкай прахадной. Адзін мой таварыш пасьлізнуўся на мокрай бліскучай падлозе, упаў. У нас, ведаеце, на аздабленьне прахадных грошай не шкадуюць. (Хоць на складзе тым часам можа ня быць самага неабходнага – напрыклад, ізаляцыйнай стужкі ці лямпачак… Зрэшты, гэта – іншая тэма). Дык вось: таварыш пасьлізнуўся ды яшчэ нешта буркнуў з гэтай нагоды. У яго забралі пропуск, а празь некалькі дзён у цэх прыйшла папера, нібы ён быў п’яны. З усімі адпаведнымі наступствамі.

Таварыш, пракансультаваўшыся зь юрыстам, зьвяртаецца ў суд. Сьведкамі ідуць трое ягоных калегаў, у тым ліку я. І пра што ў нас у судзе толькі ні пыталі: і як на заводзе з дысцыплінай, і ці п’юць рабочыя… А вынік? Справу наш таварыш прайграў. Аргумэнтацыя суду: рабочыя разам працуюць, разам п’юць і адзін аднаго выгароджваюць… Вось так: пайшлі сьведкамі – сталі субутэльнікамі. Такое правасудзьдзе. Думаю, гэта – сур’ёзная тэма для абмеркаваньня”.

Гэта, сапраўды, надзвычай важная праблема для грамадзтва, бо рана ці позна закранае інтарэсы кожнага. Заходні сьвет шляхам шматлікіх спроб і памылак на ўласным досьведзе пераканаўся: справядлівае вырашэньне спрэчак і канфліктаў магчымае толькі тады, калі судзьдзя незалежны ад каго б то ні было. Судовая сыстэма ў прававой дзяржаве абаронена ад умяшаньня звонку шматлікімі мэханізмамі. На суд ня можа націснуць ніводзін чыноўнік, якую высокую пасаду ён ні займаў бы. Таму ня рэдкасьць, калі на лаву падсудных трапляюць нават кіраўнікі дзяржавы.

А калі судзьдзя сваёй пасадай абавязаны выканаўчай уладзе? Калі ён, просячы кватэру, ідзе на паклон да старшыні гарвыканкаму? Ці здольны такі судзьдзя вынесьці апраўдальны прысуд апазыцыйнаму лідэру, абвінавачанаму ў арганізацыі масавай акцыі, альбо ў спрэчцы высокапастаўленага чыноўніка і незалежнай газэты стаць на бок апошняй? Тэарытычна – можа, але на практыцы ў Беларусі такога за апошняе дзесяцігодзьдзе фактычна не было.

Наш слухач Віктар Баранаў з Рагачова ў лісьце на “Свабоду” разважае пра зьмест праграмаў, якія запаўняюць эфір беларускіх радыёстанцыяў.

“На дзяржаўных альбо паўдзяржаўных каналах радыё – прапаганда і расейская “папса”. Нічога нацыянальнага. Беларускае насельніцтва ня мае магчымасьці слухаць свае беларускія мэлёдыі. Чым нашы людзі вінаватыя перад уладай? Я ўжо чатыры лісты накіраваў на адрас радыёстанцый і Міністэрства культуры. У адказ – адпіскі альбо маўчаньне. Адзін ліст напісаў у Нацыянальны сход. Але адтуль яго перакінулі ў Мінкульт. Нават кароў на фэрмах раздражняе расейская й замежная “папса”. А вось калі ўключаюць клясычную музыку – надоі ўзрастаюць: гэта даказаны на практыцы факт. Дык чаму нашым чыноўнікам больш падабаецца прымітыўная нізкапробная музыка, якую яны гатовы круціць дзень і ноч?

А вось слухаць “Свабоду” ў многіх не атрымліваецца. Па-першае, на кароткіх хвалях прыём часта вельмі дрэнны; па-другое, купіць прыймач добрай якасьці не атрымліваецца: няма іх зусім у продажы. Відаць, дзяржава не зацікаўлена, каб прадпрыемствы выпускалі добрыя прыймачы й людзі ведалі праўдзівыя навіны.

Да таго ж, магнітолы замежнай вытворчасьці (і танныя, і дарагія), як правіла, не разьлічаны на прыём перадач у дыяпазоне кароткіх хваляў”.

Міністэрства культуры й Міністэрства інфармацыі неаднаразова спрабавалі прымусіць беларускія FM-станцыі запаўняць эфір беларускай музыкай. Уводзіўся абавязковы ліміт – спачатку 50, а потым нават 70 працэнтаў часу ў эфіры мусілі гучаць музыка й сьпевы беларускіх выканаўцаў. Але мова выкананьня пры гэтым не рэглямэнтавалася. Што ў выніку? Беларускія эстрадныя сьпевакі амаль пагалоўна сьпяваюць па-расейску – напэўна, у разьліку на тое, што гэтак яны хутчэй і прасьцей заваююць публіку й стануць папулярнымі. А эфір беларускіх FM-cтанцый як быў, так і застаўся спрэс запоўнены расейскамоўнымі эстраднымі сьпевамі (адно што больш нізкага, чым маскоўскі, узроўню).

Што да кароткахвалевых прыймачоў. Айчынная прамысловасьць, сапраўды, згортвае іх выпуск, бо лічыць нерэнтабэльным. Днямі мы распавядалі, што Менскае аб’яднаньне “Гарызонт” адмовілася ад вырабу новай мадэлі прыймача “Акіян” зь лічбавай настройкай, спаслаўшыся на высокую канкурэнцыю з боку кітайскіх вытворцаў. Між тым, попыт на такую прадукцыю ў Беларусі існуе. Застаецца спадзявацца, што вольную нішу на рынку зоймуць іншыя вытворцы, якія ўмеюць працаваць ува ўмовах канкурэнцыі. У гэтыя жнівеньскія дні ў краінах былога Савецкага Саюзу часта ўспамінаюць падзеі 15-гадовай даўніны, калі ў Маскве была ажыцьцёўлена няўдалая спроба камуністычнага рэваншу. Свой погляд на тыя падзеі выказаў у лісьце на “Свабоду” й наш слухач Ільля Копыл зь Менску.

“Калі б тады путчысты перамаглі, мы сёньня абмяркоўваць такія пытаньні не маглі б. Магчыма, людзей, здольных гаварыць тое, што думаюць, увогуле не засталося б. Кіраўніцтва Беларусі, як вядома, цалкам падтрымала путч. Першы сакратар ЦК КПБ Малафееў яшчэ да 19-га жніўня заклікаў кіраўнікоў СССР увесьці надзвычайнае становішча па ўсёй краіне. СМІ паведамлялі, што пад Менскам чакаў цягнік, вагоны якога былі абсталяваны для перавозкі арыштантаў. Каго арыштоўваць – сьпісы ўжо былі складзены. Першай пад арышт падпадала апазыцыя.

Але арганізатары не ўлічылі таго, што на двары быў не 64-год, калі яны ціха адхілілі ад улады Хрушчова й народ моўчкі гэта праглынуў. За гады перабудовы адбылося шмат значных падзей, якія й вызначылі лёс савецкай імпэрыі: чарнобыльская катастрофа, Першы зьезд народных дэпутатаў СССР, калі мы захапляліся выступамі Андрэя Сахарава, Юрыя Афанасьева, Гаўрыіла Папова, Анатоля Гарбунова й многіх іншых. Саюзныя рэспублікі на той час ужо прынялі дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Калі б гэта ж зрабілі аўтаномныя рэспублікі, не было б сёньня й Расейскай Фэдэрацыі. Пры любых абставінах СССР распаўся б.

...І ўсё ж ГКЧП перамог. І здарылася гэта ў Беларусі ў лістападзе 96-га году”.

Сапраўды, спадар Копыл, тады, у 91-м, у грамадзтве панавалі настроі, якія пакідалі мала шанцаў камуністычным змоўшчыкам. Вялізная колькасьць людзей ужо адчула смак свабоды й спадзявалася, што хуткія палітычныя зьмены прынясуць з сабой і імклівыя зьмены ў эканоміцы, а значыць – і ў побыце, у жыцьці кожнай сям’і. На практыцы, аднак, атрымалася інакш – пераходны пэрыяд аказаўся супярэчлівым і цяжкім. І празь некалькі гадоў грамадзкія настроі ўжо рэзка зьмяніліся. На хвалі людзкіх расчараваньняў і падманутых спадзяваньняў і сталі магчымыя тыя падзеі 94-га, 95-га й наступных гадоў, якія Вы, спадар Копыл, лічыце перамогай ГКЧП у Беларусі. У пэўным сэнсе Вы, відавочна, маеце рацыю: гэта таксама своеасаблівы рэванш, спроба вяртаньня ў мінулае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Валянцін Жданко, Менск

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG