Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты БДУ застаюцца без інтэрнатаў


Радыё Свабода, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы 28 жніўня

Сёньня “Белгазета” у інтэрвію з Аляксандарам Мілінкевічам абмяркоўвае праграму дзеяньняў апазыцыі ўвосень. Галоўнымі накірункамі палітык называе падрыхтоўку да мясцовых выбараў, узмацненьне інфармацыйнай кампаніі, дапамогу рэпрэсаваным. Камэнтуючы гэтыя рашэньні палітсавету аб»яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч заяўляе: “Мы будзем працаваць на перамогу!”.

У Менску, як паведамляе “Белгазета”, сёлета не выконваецца плянавае заданьне па будаўніцтву жыльля. Журналісты даведаліся, што сталіца можа недаатрымаць амаль 100 тысяч квадратных мэтраў. Гэта блізу паўтары тысячы кватэраў. Прычыны ўзмацненьня такога дэфіцыту ў Менску аналізуюцца ў артыкуле “Мільён на гарызонце”.

Працяг тэмы – у рэпартажы пра цяперашнія пошукі студэнтамі прытулкаў для жыльля. Карэспандэнт наведаў Белдзяржунівэрсытэт і высьветліў, што амаль дзьве тысячы выхаванцаў не будуць забясьпечаны месцамі ў інтэрнатах. У Менску, піша “Белгазета”, з гэтай праблемай сутыкнуліся амаль 30 працэнтаў першакурсьнікаў.

Тыднёвік “Белорусы и рынок” у сёньняшнім нумары дасьледуе чаму ўзаемаадносіны так званых роднасных прадпрыемстваў Беларусі і Расеі ўсё часьцей пераходзяць у фармат канфлікту. Канкрэтна выданьне цікавіць паводле якіх прычынаў Менскі і Яраслаўскі маторныя заводы правалілі сёлета праграму “саюзны рухавік”.

Як піша сёньня газэта “Белорусы и рынок», эканамічным банкрутам можа быць аб”яўлены Менскі гадзіньнікавы завод. Паведамляецца, што прадпрыемства завінавацілася па абавязковых плацяжох 8 мільярдаў рублёў. Журналісты даводзяць, што на рысу эканамічнага краху прадпрыемства патрапіла паводле адсутнасьці умоваў для прыцягненьня інвестыцыяў, у тым ліку замежных.
XS
SM
MD
LG