Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвятлана Завадзкая ў новым шлюбе засталася Завадзкай


Любоў Лунёва, Менск Сьвятлана сказала Радыё Свабода, што новы шлюб не стане перашкодай у справе высьвятленьня лёсу Зьмітра Завадзкага.

Сьвятлана Завадзкая і Сяржук Бахун пабраліся шлюбам. Вясельле справілі 25 жніўня. Сьвятлана і Сяржук пазнаёміліся летась у кастрычніку ў Друскенінкайскім санаторыі “Драўгістэ”. Кіраўнік берасьцейскай філіі і сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” папраўляў там сваё здароўе пасьля складанай апэрацыі.

(Завадзкая:) “Гэта чалавек, якога мне даў Бог… Ён вельмі добры, вельмі шчыры. Я зразумела, што магу з гэтым чалавекам прайсьці астатак жыцця. Таму й было прынята гэтае рашэньне, але яно прымалася вельмі цяжка…

(Карэспандэнтка:) “Што перашкаджала”?

(Завадзкая:) “Чуткі, якія будуць хадзіць, маўляў, жонка Завадзкага выйшла замуж і ўсё, кіне справу… Вось гэтыя пытаньні стаялі ўвесь час у галаве, колькі я ведала гэтага чалавека, які цяпер стаўся маім мужам”.

(Карэспандэнтка:) “А, насамрэч?”

(Завадзкая:) “А насамрэч – гэта чалавек, які будзе мне дапамагаць у маёй справе далей. Ён сам з апазыцыі беларускай, таму наша справа будзе працягвацца. Ён і так мне ўжо дапамагае. Гэта стане справай усёй нашай сям’і”.

(Карэспандэнтка:) “Як да гэтага паставілася Вольга Рыгораўна?”

(Завадзкая:) “Ведаеце, я разумею, што гэта, магчыма, было цяжка ёй пачуць, але жыццё ідзе наперад… Можа, у маім жыцці і не было б сустрэчы з гэтым чалавекам і я б жыла далей, але, як здарылася, так здарылася. Вось такі чалавек прыйшоў у маё жыццё і я вельмі ўдзячна Богу. Ёсьць апора. Я цяпер не адна. Для жанчыны гэта вельмі важна. Я думаю, што любая жанчына мяне падтрымае, якая была самотная, якая перажыла нейкія страты ў жыцці… Я хачу, каб слухачы ведалі, што справа па высьвятленьні лёсу Дзімы не скончылася, што барацьба працягваецца і што Дзіма, як быў любімым чалавекам для мяне й для майго сына, – так і застаецца… Ведаеце, у мяне ўсе гэтыя гады не было вялікага прыгожага партрэта Дзімы ў доме. А вось Сяржук, калі з’явіўся ў маім жыцці, сам прынёс гэты партрэт і паставіў яго каля тэлевізара.”

––––––––––––––––––––––––––––––––––––

Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік 7 ліпеня 2000 г. Праз два гады ў выкраданьні журналіста абвінавацілі групу былых байцоў спэцпадраздзяленьня “Алмаз” на чале з Валерыем Ігнатовічам. Але лёс Зьмітра дагэтуль невядомы. Пракуратура прыпыняла крымінальную справу і аднаўляла. Сёлета справу зноў прыпынілі з фармулёўкай – “у сувязі зь невыяўленьнем бязь зьвестак зьніклай асобы”.

Сьвятлана Завадзкая – адна з арганізатараў грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”. Мела шмат сустрэчаў на высокім узроўні ў краінах Захаду. Летась у часе правядзеньня акцыі памяці Зьмітра Завадзкага на Кастрычніцкай плошчы яе зьбіў спэцназавец. Пракуратура не прыцягнула яго да крымінальнай адказнасьці.
XS
SM
MD
LG