Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі правапіс чакае не рэформа, але ўдакладненьне


Алесь Дашчынскі, Менск Праект новай рэдакцыі правіл арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы распрацавала міністэрства адукацыі й інстытут мовазнаўства Акадэміі навук. Цягам бліжэйшых двух тыдняў ён будзе ўнесены на разгляд кіраўніка краіны і зацьверджаны прэзыдэнцкім указам.

Пра новыя правілы арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы загаварылі напрыканцы мінулага тыдня, калі кіраўнік Беларусі прыняў з дакладам міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Прэзыдэнцкая прэсавая служба паведаміла, што Аляксандар Лукашэнка даручыў міністру распрацаваць новыя правілы. Цяпер жа выкарыстоўваюцца правілы, прынятыя ў 1957 годзе. У міністэрстве адукацыі нам параілі зьвярнуцца па тлумачэньні да дырэктара інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Аляксандра Лукашанца.

(Лукашанец: ) “Гэта ніякая не рэформа, а толькі ўдакладненьне існуючых правіл. І я лічу, што той варыянт які падрыхтаваны ён аптымальны ў сёньняшняй моўнай сытуацыі. І гэта грунтуецца на тых высновах аўтарытэтнай дзяржаўнай камісіі, якая разгледзела ўсе гэтыя пытаньні, якія ў сувязі з гэтым узьнікалі ў пачатку 90-х гадоў. І яны грунтуюцца на тым, што дзеючы правапіс не патрабуе кардынальнай рэформы, а мэтазгодна ўнесьці толькі некаторыя карэктывы, каб улічыць тыя зьмены, якія адбыліся ў мове ў апошні час, якія вымагае моўная практыка і якія скіраваны на памяншэньне колькасьці выключэньняў, якія існуюць у дзеючым правапісе”.

Паводле спадара Лукашанца, яшчэ ў 1993 годзе была створана дзяржаўная камісія, якая разгледзела пытаньне зьменаў правапісу. Яе высновы надрукавала газэта “Зьвязда”. Яшчэ тады група навукоўцаў і прадстаўнікоў міністэрства адукацыі падрыхтавала праект новай рэдакцыі правіл, але ён доўга ўзгадняўся і нарэшце сёлета канчаткова дапрацаваны.

(Лукашанец: ) “Удакладняюцца правілы пераносу, напісаньне малой і вялікай літары, пашыраецца напісаньне у нескладовага, на значную частку запазычаных словаў пашыраецца прынцып аканьня. Зьмены правіл пераносу нібы такая не істотная з’ява, але яна вельмі важная для практыкі, таму што ў сувязі з сучаснымі выдавецкімі тэхналёгіямі фактычна атрымліваецца гэтыя правілы пераносу, якія дзейнічаюць, вывучаюцца ў школе і патрабуюць толькі ад школьнікаў, а далей на практыцы іх не вытрымліваюць. Гэтыя правілы скарэктаваны”.

Прадстаўніца міністэрства адукацыі Тамара Саўчук сказала, што зьмены не патрапяць у школы да 1 верасьня, таму і падручнікі яшчэ будуць карыстацца старыя.

(Саўчук: ) “Ну, яны ж яшчэ не зацьверджаныя. Як можна друкаваць падручнікі?! Гэта ўсё будзе паэтапна адбывацца. Проста ў тыя падручнікі, якія дзейнічаюць будуць унесены зьмены нязначныя. Настаўнікі беларускай мовы даўно ведаюць, што гэтыя правілы дапрацоўваюцца ў нас”.
XS
SM
MD
LG