Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянтаў цікавяць пляны апазыцыі


Міхал Стэльмак, Менск У рэгіёнах праваахоўчымі органамі ўсталяваны пільны кантроль за дзеяньнямі дэмакратычных актывістаў. Праваабаронцы лічаць яго незаконным.

У Вілейцы апазыцыянэры рыхтуюць пратэст на дзеяньні міліцыянтаў, якія затрымалі моладзевага актывіста Юрася Палонскага. Вось якія падрабязнасьці паведаміў мясцовы праваабаронца Уладзімер Малярчук:

(Малярчук: ) “24 жніўня ў 21.30 мне патэлефанаваў Палонскі Юрась, якога везьлі ў машыне ў міліцыю. Я накіраваўся з аддзел міліцыі, дзе ў калідоры сустрэў двух сяржантаў, якія затрымлівалі гэтага юнака. Прычына – сядзеў адзін малады чалавек на лаўцы і гэта выклікала чамусьці падазрэньне”.

Патлумачыць затрыманьне актывіста я папрасіў дзяжурнага Вілейскага РАУС спадара Маркевіча:

(Маркевіч: ) “Дзяжурыў не я. У кнізе дастаўленых яго няма. Можа проста ўчастковы яго дастаўляў… Па крайняй меры ў нас ён не дастаўляўся, не зьмяшчаўся ў ізалятар”.

Як паведаміў Уладзімер Малярчук, ён спрабаваў дамагчыся ад міліцыянтаў паважлівага стаўленьня да заканадаўства:

(Малярчук: ) “Як па законе належыць. “Калі вы яго даставілі, вы абавязаны скласьці пратакол. У чым вы яго абвінавачваеце?. Ён жа ні ў чым не вінаваты”. Казаць на гэта не было чаго, тады адзін капітан кажа: “У сувязі з пагрозай тэракту, у яго магло быць выбуховае рэчыва”. Словы такія былі прамоўлены: “Вы належыце да апазыцыі?”

Высьвятленьнем апазыцыйных плянаў займалася і клецкая міліцыя. Паводле тутэйшага актывіста дэмакратычнага руху Сяргея Панамарова, ён быў дапытаны такім чынам:

(Панамароў: ) “Мяне запрасілі ў пашпартны стол. Я прыйшоў у пашпартны стол. Мяне сустракае каля ўваходу намесьнік начальніка міліцыі і выканаўца абавязкаў начальніка міліцыі. Завялі мяне на другі паверх замест пашпартнага стала і пачалі размову. Якім чынам я падаў заяўку на мітынг? Якія мае пляны? Якія пляны апазыцыі?”.

Праваабаронца Уладзімер Лабковіч лічыць дзеяньні міліцыянтаў у Клецку і Вілейцы незаконнымі:

(Лабковіч: ) “Калі мы зыходзім з закону аб міліцыі, то гэты закон прадугледжвае, што такі дагляд рэчаў ці дастаўленьне ў аддзел міліцыі магчымы толькі асобы, якая зьдзяйсьняе правапарушэньне ці ёсьць падазрэньне, што яна зьдзяйсьняе нейкае іншае злачынства. А вось умовы камэнданцкага часу, калі чалавека спыняюць, даглядаюць рэчы, гэта, на маю думку, неправавыя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Тое, што тычыцца допытаў, калі чалавек сутыкаецца з супрацоўнікам міліцыі, напрыклад, у пашпартным стале, яны адназначна носяць незаконны характар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG