Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Публіка: больш канцэртаў на вольных пляцоўках


Севярын Квяткоўскі, Менск У нядзелю 27 жніўня ўпершыню ў гісторыі Менску на пляцоўцы Аэрапорта-1 ладзіўся рок-канцэрт. “Цьвік” праграмы – рок-поп гурт The Cardigans”, які “разагравалі” расейцы “Уматурман”, “Горад 312” і беларусы “J_Mors”. Большасьць квіткоў каштавала ад 15000 да 50000, а гледачоў сабралася больш за дзесяць тысяч. Напярэдадні – 25 жніўня на плошчы Бангалор каля пяці тысяч гледачоў сабраліся, каб паслухаць бясплатны канцэрт вядомых беларускіх гуртоў: “NRM”, “NeuroDubel”, “Крама”, “Памідор/OFF” ды іншых, пра якія рэдка можна прачытаць у дзяржаўнай прэсе ды пачуць па беларускіх фм-станцыях.

(Карэспандэнт: ) “Я знаходжуся перад аэрапортам “Менск-1”, тут пачаўся канцэрт, які больш як месяц анансаваўся праз рэклямную кампанію. Частка гледачоў знаходзіцца перад агароджаю аэрапорту, і слухае музыку адсюль. Гэта тыя маладыя людзі, у якіх няма грошай, каб набыць квіткі. Маё пытаньне да юнакоў – ці ёсьць такі беларускі гурт, на які б вы маглі адшкадаваць пэўную суму?”:

(Алена: ) “На “Палац”.

(Дзяніс: ) “Стары Ольса”.

(Андрэй: ) “Крыві”, “NRM”, “NeuroDubel”.

(Карэспандэнт: ) “Што трэба, каб беларускія гурты маглі жыць з музыкі? Нават стаць багатымі?”

(Алена: ) “Больш канцэртаў на вольных пляцоўках”.

(Андрэй: ) “Больш рэклямы трэба”.

(Сяргей: ) “Пра беларускія гурты ведаюць менш, чым пра расейскія ці амэрыканскія”.

(Алена: ) “Патрэбны добры прамоўшн”.

Як выглядае прамоўшн па-беларуску адносна гуртоў, якія не выступаюць на афіцыйных мерапрыемствах, распавядае прадусар Віталь Супрановіч. Кіраўнік аб’яднаньня “Беларуская Музычная Альтэрнатыва” мяркуе, што самая прынцыповая праблема ў тым, што Менгарвыканкам мае права даваць дазвол на правядзеньне канцэртаў на адкрытай пляцоўцы за пяць дзён уласна да імпрэзы. Працягвае Віталь Супрановіч

(Супрановіч: ) “За гэтыя некалькі дзён рэклямы беларускія гурты могуць зьбіраць па розных ацэнках ад 5 да 10 тысяч гледачоў. Натуральна, калі б рэкляма была не пяць дзён, а месяц ці два, мяркую, беларускія гурты могуць зьбіраць дзясяткі тысяч чалавек. Мне здаецца, што ў першую чаргу гэта праекты Лявона Вольскага “Крамбамбуля” і “NRM”, “Крама”… Нармальная зборка сабрала б такую колькасьць людзей, і людзі заплацілі б гэтыя грошы”.

На адкрытых канцэртах, якія зрэдчасу ўлады дазваляюць ладзіць людзям, не лаяльным да сучаснай дзяржаўнай палітыкі, забараняецца ўздымаць нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі. Але і на камэрцыйных музычных мерапрыемствах не абыходзіцца без цэнзуры з боку міліцыі. Калі рыхтаваўся матэрыял, два хлопцы – Ільля Петравец і Ўладзімер Лемеш – паведамлі пра свой візыт на канцэрт у аэрапорце “Менск-1”:

(Петравец: ) “Мы зь сябрам зайшлі па білетах. У сябра майка з лічбай “16”. АМОНаўцы вывелі, і ня хочуць пускаць. Сказалі, маўляў, “вы былі п’яныя, мацюкаліся”.

Выява лічбы “16” азначае рух салідарнасьці з палітзьняволенымі і зьніклымі палітыкамі. 16 чысла кожнага акцыі салідарнасьці ладзяцца ў розных кутках Беларусі ды іншых краінаў.

За абвінавачаньне “брыдкаслоўе” ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі былі затрыманыя і асуджаныя на суткі адміністратыўнага арышту сотні дэмакратычных актывістаў ва ўсіх кутках Беларусі.

Што да рок-музыкі, калі я запытаўся ў маіх суразмоўцаў ля агароджы аэрапорту “Менск-1” чаму такая розьніцца ў правох на выступ на адкрытых пляцоўках у замежных, і большасьці беларускіх рок-гуртой, я пачаў паўжартаўлівы-паўсур’ёзны адказ:

(Хлопец: ) “Калі адказаць на гэтае пытаньне – нас “пасадзяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG