Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"З-за некаторых настаўнікаў у школу хадзіць ня хочацца..."


Радыё Свабода “Якую школьную праблему, на вашую думку, трэба вырашыць перш за ўсё ў новым навучальным годзе”? На нашае пытаньне тыдня адказваюць бацькі і школьнікі Гомеля.

(Жанчына:) “Дзеці ня хочуць вучыцца – вось і ўся праблема”.

(Школьнік:) “Першая праблема – гэта падручнікі. Трэба, каб падручнікі былі бясплатныя. Дорага плаціць за падручнікі. І ежа, каб была бясплатнаю ў школе”.

(Жанчына:) “Дзеці ў школу ходзяць вучыцца, таму галоўнае – якасьць ведаў, якія яны атрымліваюць”.

(Жанчына:) “Трэба было белую блузку купіць - да формы. Яна каштуе 40 тысяч. Абутак дзіцячы – 40-50 тысяч. Гэта кошты не дзіцячыя. А яшчэ наш прэзыдэнт казаў: нараджайце пабольш дзяцей, нараджальнасьць павінна падвышацца. З такімі цэнамі нельга пражыць”.

(Школьнік:) “Школьную форму трэба адмяніць, не патрэбна школьная форма”.

(Жанчына:) “У нас дачка займаецца навукаю. Самастойна. У клясе сваёй усіх вучаць, а яна як бы асобна сядзіць. Для такіх дзяцей трэба штосьці стварыць - асобную клясу ці якія-небудзь дадатковыя заняткі”.

(Жанчына:) “Даўно пара вярнуць у школы нацыянальную адукацыю – выкладаць прадметы на беларускай мове. Хутка школьнікі перастануць усьведамляць, што яны – беларусы, грамадзяне беларускай дзяржавы”.

(Школьнік:) “Трэба пазбавіць школу ад настаўнікаў-тыранаў”.

(Мужчына:) “Нагрузка для дзяцей першай, другой клясы вельмі вялікая, і ў 12 гадоў многія ўжо наогул ня вучацца”.

(Школьніца:) “Трэба зьменшыць нагрузку на нас, школьнікаў. Я, напрыклад, люблю займацца спортам, але на гэта ў мяне няма часу”.

(Жанчына:) “Павінна быць харчаваньне добрае ў дзяцей, і каб школа сачыла за фізычным здароўем і разьвіцьцём дзіцяці”.

(Дзяўчына:) “У школе павінны быць нейкія пазашкольныя мерапрыемствы, напрыклад, танцавальны гурток, каб дзеці маглі фізычна разьвівацца, адпачываць пасьля ўрокаў. У многіх школах такіх гурткоў няма, і дзеці пасьля школы нічым не займаюцца”.

(Школьніца:) “Я вучуся ў біялягічнай клясе, а мяне вымушаюць займацца матэматыкай”.

(Школьніца:) “Я лічу, што ў школе павінны выкладаць людзі, якія любяць дзяцей, могуць іх зацікавіць. А то прысылаюць такіх, што ў школу хадзіць ня хочацца”.

Гэта былі адказы бацькоў і школьнікаў Гомеля на пытаньне: “Якую школьную праблему, на вашую думку, трэба вырашыць перш за ўсё ў новым навучальным годзе”?
XS
SM
MD
LG