Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Завадзкая выйшла замуж


Любоў Лунёва, Менск Летась Сьвятлана пазнаёмілася з Сержуком ў Друскенінкайскім санаторыі , дзе той папраўляўся пасьля адказнай апэрацыі. Сяржук Бахун з’яўляецца сустаршынём незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” і ўзначальвае берасьцейскую філію.

Сьвятлана сказала “Свабодзе”, што яе “зразумеюць жанчыны, якія доўга былі самотнымі і патрабуюць апору”. Сьвятлана падкрэсьліла, што новы шлюб ніяк не паўплывае на дзейнасьць, ськіраваную на высьвятленьне лёсу яе былога мужа Зьмітра Завадзкага: “Мы будзем гэтым займацца разам”. Інтэрвію са Сьвятланай Завадзкай слухайце ў нашай ранішняй праграме 28 жніўня.

--------------------

Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік 6 гадоў таму. У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватай ў выкраданьні Завадзкага групу былога байца спецпадраздзяленьня МУС "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча і прыгаварыў двух чалавек да пажыццёвага зьняволеньня. У сакавіку 2004 года пракуратура прыпыніла дасьледваньне справы аб выкраданьні Завадзкага. У 2005 годзе расьследваньне было адноўлена. У траўні сёлета маці журналіста атрымала ліст з рэспубліканскай пракуратуры, у якім паведамляецца, што справа ізноў прыпыненая з той жа матывацыяй, што і два гады таму – "у сувязі зь невыяўленьнем бязь зьвестак зьніклай асобы".

Сьвятлана Завадзкая - актыўны ўдзельнік акцыяў грамадзянскай ініцыятывы "Мы памятаем". Яна неаднойчы ўзьнімала праблему нерасьследаваных палітычных зьнікненьняў у Беларусі. У гэтай справе яна сустракалася ў Белым доме з прэзідэнтам Бушам, выступала на Парляменцкай асамблеі НАТА. Сьвятлана таксама заснавала журналісцкі фонд імя Зьмітра Завадзкага. Летась была зьбітая амонаўцам на пікеце памяці яе мужа. Пракуратура адмовілася ўзбудзіць крымінальную справу па гэтым факце.
XS
SM
MD
LG