Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Язэп Янушкевіч


Язэп Янушкевіч, Ракаў Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі слухачам Свабоды падае літаратар, кандыдат філялягічных навук Язэп Янушкевіч, які нарадзіўся і жыве ў славутым мястэчку Ракаў.

20 жніўня, нядзеля

Правёўшы ранічкою (пасьля 6-й) сямейнікаў на мора, прыткнуўся з Notebookам на пусьцюткім аўтавакзале, ля сьпячых бамжоў: да адыходу рубяжоўскага больш як паўгадзіны. Папрацую над творамі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Паўгадзіны – гэта таксама час. Мой, адзіна дадзены Богам.

06:55. Вось і падчысьціў адсканаваную першую песьню з “Халімона на каранацыі”. Там, дарэчы, ёсьць цудоўная згадка пра Пінск і найсмачнейшыя ў сьвеце пінскія ўюны, пра якія ніхто ня згадваў у спрэчцы зь Нінай Мячкоўскай адносна “праблемы” аўтарства “Пінскай шляхты”.

Усё – на Ракаў, дзе буду менш, як за гадзіну! Так, дзяўчаты і дзецюкi давыд-гарадоцкiя i проста гарадоцкiя, глыбоцкiя i краснопольскiя, рэчыцкiя i ганцавiцкiя, пiнскiя i буда-кашалёўскія, стаўпецкія і столінскія, воранаўскія і валожынскія, касцюковiцкiя, браслаўскiя i быхаўскiя... Усе вы — бядовыя родзiчы мае, што пазрывалiся з родных гняздоўяў i пашылiся ў раённых ці сталічных кватэрных катухах. За ўсiх вас, каму па начах сьнiцца родны адшараваны да сонечнага бляску шырокi парог i ганак зь цёмнымi сенцамi, празрысты ўзьлесак з сунiцамi пад высокiм сонцам, скошаная сенажаць зь цёплай копанкай, дзе так залiхвацка сьцёбаць нядаўна заведзеных карасiкаў, хто чуе рык i галасы жывёлы на выгане — я за ўсiх вас хачу прасiць дараваньня ў роднай зямелькi за здраду. За ўсiх вас мне хочацца зьехаць у Ракаў, хадзiць штодня роднымi вулкамi, якiмi хадзiлi ў школу, выкручваць калаўротам са старой студнi паўнюткiя вёдры, прыносiць дровы, прапальваць грубку, каб ва ўсiх выстылых хатах вашых Бацькоў, да якiх ужо ня можаце прыехаць, было цёпла i ўтульна, каб у хлявах глыбока ўздыхалi, перажоўваючы жвачку, Ланькi i Зоркi, каб у будках Рэксы i Знайды былi накормленыя, а Муры i Басi ўтульна вуркаталi ў снах на печы, скруцiўшыся клубком. I каб у родных вокнах дапазна гарэла сьвятло, а ранкам над комiнамi весела падымаўся ўгару пахкi дым.

07:50. Як зіхацяць у туманным шэраве чырвонымі ліхтарамі буйныя грушы, прышчэпленыя цесьцям-нябожчыкам! Так, сёлета ужо 9 гадоў, як ён памёр. І во раптам усё пасаджанае дзедам Сяргеем: яблычны белы наліў, чарэшня, невысокая вішанька, два гатункі груш (летні і восеньскі) — спорна дало плён. Гэтак праз дзесятак гадоў удзячна згадаецца блізкі чалавек, які пайшоў з жыцьця, зрабіўшы ўсё, каб хоць на каліва зямля мая стала лепшай, чым была…

Калі ўдзень кінуў пахвалу кіраўніцы нашага ракаўскага касьцельнага хору (Альжбэта з слыннай сям’і сьпеўных Лямбовічаў) як хораша сёньня сьпявалі на перанесенай з 10-й на 12-ую імшы, дык пачуў, што гэта "нармалёва" — галасы "прачнуліся"… Бо ранкам яны заўсёды не ў адпаведным стане. Нават у прафэсіянала толькі апоўдні пачынаюць гучаць настраёва. Відаць, на твары маім счытаўся моцны сумнеў, і я ўжо зьбіраўся запярэчыць, але мяне, як рыбіну восьцямі на беразе, “дабілі” пытаньнем: “А ці ты задумваўся калі, Язэпе, чаму бальшыня канцэртаў — толькі ўвечары? Нават урачыстыя, урадавыя. Гэтыя ж маглі сабе ў задавальненьне паслухаць ад самага ранку…”

Дык вось чаму мне “мядзьведзь на вуха наступіў”! Найплёньней працую толькі ранкамі. А потым – як прыкладзецца.

21 жніўня, панядзелак

Ад’ехаў на Ўкраіну мой калега – старэйшы перакладчык Валеры Стралко. Увосень павінна выйсьці “Новая зямля” Якуба Коласа па-ўкраінску ў ягоным перакладзе, да якога і я маю дачыненьне, як колісь з трохмоўнай “Новай зямлёй” тут у Беларусі (2002). Хоць бы тым, што ўласнаручна набраў усе 10963 радкі паэмы па-ўкраінску. Ну і “Пісьлямову” папрасілі. Блага толькі, што калегі з Кіеву да агульнай рэдактуры мяне не дапусьцілі. Дарма…

На пачатку лета давялося ў тамтэйшым выдавецтве змагацца за “поўнае выданьне” коласаўскага шэдэўру. Паколькі кіеўскаму рэдактару паэма падалася “завялікай” і месцамі “нецікавай”. Дбаючы пра чытача, прапанавалі перакладчыку апусьціць некаторыя “цьмяныя” мясьціны, ад чаго паэма ў перакладзе “толькі выйграе”.

Вось ужо гэты “клопат пра чытача”! Раней цэнзура, цяпер — яе практычна няма. А дурні — не пераводзяцца! Зрабілася крыўдна і прыкра. Чаму? Пераклад украінскі, у адрозненьне ад папярэдніх польскага і тым больш расейскага — выкананы кангеніяльна! (sic!) Калі ў польскім перабольшана “набегла” больш сотні радкоў (11093), у калгасна-брыгадным (бо перакладалі цэлым гуртам паўдзесятка перакладчыкаў цягам паўтара дзесяцігодзьдзя, 1934-1949) расейскім 9988 радкоў, дык ва ўкраінскім акурат 10963! Радок да радка, як каласок да каласка, як у нашага КОЛАСА! І на табе — скарачаць… Рашуча запратэставаў, пратэст пачулі.

Цяпер во новае — здымаюць прастаўленую мною нумарацыю радкоў, як “лішняе і непатрэбнае, бо “адцягвае” чытацкую ўвагу. Людцы, зноў за нас турбуюцца “рэдактары”...

22 жніўня, аўторак

Не выходзіць з галавы пачутае ўчора ад Генадзя Кісялёва навіна, што Марылі Карлавай-Мальдзіс ужо няма. А я й ня ведаў! Працавітая, колькі адбарабаніла-адклацала на друкарскіх машынках за жыцьцё! Набірала колісь начыстую ўвесь тэкст і маёй кандыдацкай…

А тут трэба лекі ад ціску (берлінпрыл ды вінпацэцін) для цёткі Дануты з Выганіч даставаць: перанесла днямі мікраінсульт. Пакрысе адыходзіць, але рука правая ня робіць. А тут і тэлефонная гамонка з спадарыняй Зінай Турончыхай прынесла нецікавыя навіны пра гаспадара ў далёкіх беластоцкіх Трыпуцях. “Юрка перажыў удар” (гэта значыць па-нашаму таксама інсульт). У чэрвені адлежаў у шпіталі. “Як заўважылі і калі здарылася?” “Я заўважыла. Пачаў невыразна гаварыць. Здарылася тое надвечар. На другі дзень рана прыехала хуткая і забрала”.

Зажаліўшыся, увечары сябру старэйшаму паскардзіўся на сябе: “Клёне, я нейкі бядовы да працы стаў. У дадатак да пабітай нагі і рэбраў, сеючы вось з дзядзькам Стахам пясок над глінаю, зачапіўся і пакаціўся няўдала: напароўся на арматурыну, і мой чацьвёрты палец правай рукі, надарваўшыся, стаў даўжэйшы за ўсе астатнія (я й не падазраваў, што пальцы нашыя гэтак квола мацуюцца да далані)! Прышылі назад (наклалі 4 швы).

А ўжо пра тое, што ў дадатак да ўсяго ў левы локаць уджаліла мяне аса, я й пісаць ня стаў. Сьмешна было б, як у показцы пра бядовага жыда местачковага, у якога ўтварылася кіла, а на кілу ўсьсела скула. Эх, пацягаў бы ён пакалечанымі рукамі на гарышча вёдры з глінаю – не такое б у “прыватны дзёньнік” напісаў!..

23 жніўня, серада

Дзень у працы фізычнай. Комін на залі і ляжак на гарышчы амаль спарадчаны. Назіраючы за дзядзькам Стахам каторы раз дзівіўся: як жа моцнае й шпаркае да працы старэйшае пакаленьне! Нам ужо так – ані не працаваць… А ўжо якое спрытнае і кемнае! Памятаю, у Пенаты мае браты, дапамагаючы, два дні не маглі дзьверы ўставіць роўна. А прыйшоў Волесь Цыбульскі, стрэліў прымружаным паглядам, узяў сякеру і… За паўгадзіны кінуў: “Ну, праверце грунтвагаю, ці добрае ў мяне яшчэ вока..”

24 жніўня, чацьвер

Найабложны чацьвер. Ні на хвіліну дождж не прыпыняў – паліваў і паліваў. Эх, каб ня зьбітае на пахаваньні Янкі Брыля калена й ня трэснутыя рэбры — на моры ў цяпле раскашаваў бы. І пальцаў мне ніхто не прышываў бы. Дык жа праўдзіва: каб чалавек ведаў, дзе пакоціцца…

Затое дакончылі зь дзядзькам Стахам комін над стаяком плюс выгналі на гарышчы ляжак амаль трохмэтровы плюс замуравалі дзюркі й падпалілі. Цяга – адмысловая! Зроблена мурова. Грэйся толькі.

Са шкадобай еду ў залеву на Менск. Мо нават на працэдуры пасьпею. А заўтра па справах “літфондаўскіх” зранку крутануся – і на Ракаў параней…
XS
SM
MD
LG