Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 25 жніўня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю

Сёньня беларускае сеціва скаланула зьвестка – Аляксандар Лукашэнка даручыў распрацаваць новыя правілы арфаграфіі й пунктуацыі. На форумах парталу TUT.by навіну актыўна абмяркоўваюць. Некалькі цытатаў:

“…трэба распрацаваць новыя правілы фанэтыкі, каб усе галосныя й звонкія зычныя прамаўляліся сіпата й натужна. Каб неяк унёсак для нашчадкаў абазначыць”.

“Гэта канечне наіўна, але мне падабаецца думаць, што мове вернуць графічнае азначэньне мяккасьці суседніх зычных ды папрыбіраюць русізмы, кшталту “каструля”. Вельмі, вельмі хочацца верыць… Навіна пра вывучэньне “Гісторыі Беларусі” на расейскай мове была ўсяго толькі на мінулым тыдні”.

“А да гэтага ў чэрвені Зімоўскі абяцаў беларусізаваць БТ на 50 адсоткаў, а “Лад” на 100 адсоткаў. Мяркую што гэта зьвёны аднаго ланцужка. Цікава, што гэта будзе за "беларусізацыя". Каб толькі не чарговая русыфікацыя мовы... Ой баюся, яшчэ адной наркомаўкі ня вытрываем...”

Моўную праблему, праўда, не ў зьвязку з новай рэформай беларускай арфаграфіі, абмяркоўваюць і на форумах сайту Litara.net. Карыстальнік Mann Kurt, адзін з найбольш актыўных “літаранцаў”, разважае пра “рэальную, жывую сакавітую мову” – сродак камунікацыі беларускіх гарадоў пераходнага пэрыяду. “Як насамрэч размаўляюць сёньня ? Не ідылічныя пэйзане школьнай праграмы, а чыста канкрэтныя дзеўкі й пацаны ? Такія творы мастацтва, як “Случай з пацаном”, lyrics “Ляпіса” і “Лепрыконсаў” ды іншыя на нашых вачах ствараюць гэты фэномэн… “Што Вы хацелі ?” Так, зь некаторым адценьнем вышэйшасьці, сустрэнуць вас прадавачкі й круп’е, краўцы і міліцыянты. Не “чего вам угодно, сударь” і ня “чым магу дапамагчы”, і нават не “чаго б вы хацелі ?”, як вымагаюць зануды, а менавіта так… З глыбінь жыватворных бяздоннага багацьця, чужога кожнаму фармалізму й абстракцыі. Не, дзякуй, я ўжо нічога не хачу, адсюль і загадны тон гэтага ветлівага звароту, і мінулы час. Хацеў, да таго, як пачуў адказ. Каюся й рэтуюся. Досыць зь мяне й вашай хмурай паліцайскай усьмешкі”.

Vasilisa_li зьмяшчае ў сваім інтэрнэт-дзёньніку такуе зацемку: “У нас прынята насіць чорнае. Прынята лічыць, што чорны колер пасуе да ўсяго – ён добра кантрастуе альбо падкрэсьлівае любы іншы колер. У палітры ён займае пачэснае галоўнае месца, засьціць куды больш цікавыя, але менш унівэрсальныя. Набываючы ўнівэрсальныя нагавічкі й сукенкі людзі вераць, што гэта элегантна й паступова ператвараюць гардэроб у аб’ект зайздрасьці для ўдоваў. Калі навокал змрочныя колеры і ня меней змрочныя твары, робіцца неяк скрушна. Учора я пачала забаўляцца – я апавядала “людзям у чорным” дзіцячыя страшылкі: “У адной чорнай-чорнай агенцыі працавалі чорныя-чорныя людзі. Яны мелі чорныя-чорныя гарнітуры, чорныя-гарныя клявіятуры і чорныя-чорныя тэчкі на чорных-чорныя сталах. І ўсё навокал было чорным-чорным і змрочным-змрочным…” Можа таму сёньня мае калегі згадалі, што ёсьць у іхных гардэробах нячорныя-нячорныя рэчы і нягледзячы на надвор’е прыйшлі ўсё ж у весялейшых апранахах”.

Некалькі вядомых беларускіх блогераў з сайту www.livejournal.com сумуюць пра Плютон. Аўтар Рarteigenosse у сваім дзёньніку піша: “…ў Празе на Кангрэсе Міжнароднага зьвязу астраномаў вучоныя пазбавілі Плютон статусу адной з плянэт Сонечнай сыстэмы. Такім чынам у Сонечнай сыстэме засталося 8 плянэт. Ад сёньняшняга дня ў падручніках астраноміі ўва ўсім сьвеце будуць пісаць пра 8 афіцыйна прызнаных навукаю плянэт: Мэркуры, Вэнэру, Зямлю, Марс, Юпітэр, Сатурн, Уран і Нэптун”. Камэнтары чытачаў дзёньніка:

“А ў мяне ў школе Гробік (настаўнік па грамадзянскай абароне) звар''яцеў і казаў усім, што Плютон зьнік. Была справа. Але потым расшукалі той Плютон усё-такі, як здавалася пасьля”.

“Плютон – гэта сымулякр. Нат’ калі вучоныя адменяць усе плянэты – на маім жыцьці гэта ніяк не адаб’ецца”.

“Учора вырашылі, што калі навукоўцам Плютон не патрэбны, то мы забіраем яго сабе. Нават выпілі за яго здароўе”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG