Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: “Бітлы”


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Аднойчы, калі я вучыўся ў восьмай клясе, сябрук прапанаваў завітаць да свайго стрыечнага брата: брат вучыўся ў Маскве і прывёз адтуль кружэлку з запісам ансамбля “Бітлз”. Пра “бітлоў” тым часам я ўжо чуў шмат розных плётак, чытаў пра іх у “Камсамольскай праўдзе” і нават бачыў на кінаэкране. На нашай дваровай агітпляцоўцы круцілі фільм з цыклю “Ў краінах капіталу” і тамака мільгануў сюжэт: нечыя голыя ногі калацілі па клявіятуры піяніна і суворы голас за кадрам тлумачыў, што гэта вычвараюцца куміры заходняй эстрады, сумнавядомыя “бітлы”.

Мы прыйшлі да брата сярод белага дня, але той, адчыніўшы дзьверы, паўстаў дарэшты заспаным і незадаволеным. “Ізноў…” – прастагнаў студэнт і стогн выдаваў на тое, што я быў далёка ня першы, хто прыцёгся паслухаць кружэлку. Сябрук матлянуў галавой, маўляў, не зьвяртай увагі, і мы на цырлах прайшлі ў пакой. На прайгравальніку аграмаднай радыёлы ўжо стаяла кружэлка-“саракапятка”.

“Усе іх лаюць, а між іншым прыемная музыка”, -- заўважыў сябрук, шапятнуў францускае імя Мішэл, і ў нетрах радыёльных брынкнула гітарная струна.

Я слухаў шчымлівую мэлёдыю з глыбокім перакананьнем, што сябар нешта пераблытаў, паставіў ня тую кружэлку. Зьверападобныя істоты, якіх паказвалі ў “кіне”, не маглі сьпяваць такіх песень. “Мі-шэл, ма бэл”, -- гучала з дынаміку, і нейкая цёплая хваля падымалася ў грудзёх, і мне карцела некуды бегчы, і здавалася, што гэтая песьня заўсёды жыла ўва мне, ды толькі цяпер набыла голас.

“Бітлы”. Гэтае слова стала для нас, падлеткаў, своеасаблівым сымболем, таварным знакам сьветлага і недасяжнага сьвету, поклічам да супраціву цёмнай і тупой саветчыне, якой аж па край поўнілася жыцьцё. Начамі, з насьцярогаю азіраючыся на сонных бацькоў, мы круцілі ручкі настройкі гламаздаватых радыёлаў у спадзеўцы пачуць “Бітлз”, тымі ж начамі, зачыніўшыся ў ваннай, рабілі цьмяныя, сто разоў перазьнятыя здымкі сваіх куміраў, а па пятніцах гамузам сядалі да тэлевізараў, каб чарговым разам пачуць Can’t Buy Me Love: яе круцілі ў якасьці музычнай застаўкі да перадачы “Ў аб’ектыве – Амэрыка”.

Даўно прамінула юнацтва, а песьні лівэрпульскай чацьвёркі гучаць і дагэтуль. Прайдзіся па любым горадзе і абавязкова іх пачуеш. Яны вырываюцца з адчыненых фортак, з буцікаў па продажу кампакт-дыскаў, іх са сьвярблівай нецярплівасьцю мадэлююць мабільныя тэлефоны. І па-ранейшаму далёкім рэхам сьветлага і недасяжнага сьвету, поклічам да супраціву ўсяму тупому і цёмнаму гучыць музыка “бітлоў”.
XS
SM
MD
LG