Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Валеры Сьлюнчанка


Уладзімер Арлоў, Менск 25.8.1945, г. Старадуб (Бранская вобл., Расея) — 19.6.1992, Менск. Пахаваны на могілках каля в. Слабада ў навакольлі Плешчаніцаў.

У маёй памяці ён неадлучны ад старажытных полацкіх храмаў, якім пашчасьціла ацалець у культурнай рэвалюцыі і якія ў 1980-я гады былі адрэстаўраваныя паводле Валеравых таленавітых праектаў, набыўшы — пасьля дзесяцігодзьдзяў занядбаньня — знаёмае нам сёньня велічнае аблічча.

Найперш — гэта Сафія, якую Уладзімер Караткевіч назваў «белым караблём над Дзьвіною», магчыма, не без уплыву знаёмства з Валерам. На рэспубліканскім сэмінары творчае моладзі у 2-й палове 60-х пісьменьнік быў уражаны працамі студэнта архітэктурнага факультэту Менскага палітэху Сьлюнчанкі, а потым падтрымаў яго цёплым і мудрым лістом, калі Валера, пакутуючы ад казённай факультэцкай атмасфэры, вырашыў кінуць інстытут.

Сафійскі сабор, лёс якога быў давераны Сьлюнчанку, стаўся адным зь першых аб’ектаў навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Міністэрства культуры БССР. (Адмыслоўцы, дарэчы, сьцьвярджаюць, што у Беларусі дзяржаўная структура рэстаўрацыі, параўнаўча зь іншымі рэспублікамі СССР, была створаная ці не ў апошнюю чаргу.) Дапамагаючы спэцыялістам, полацкая інтэлігенцыя ладзіла ў мурах Сафійкі суботнікі, пасьля якіх Валера чытаў нам лекцыі пра беларускі рэнэсанс і беларускае барока, дэклямаваў вершы Буніна і дасьціпна рэагаваў на рэплікі будучага пісьменьніка Вінцэся Мудрова кшталту “Хорошие стишата, вот только автор — белоэмигрант”.

Валера і сам пісаў цікавыя вершы: пра жанчын і пра восень — па-расейску, а пра маці — па-беларуску.

Ён бясконца перачытваў Басё і Ўнамуна.

Ён любіў параўноўваць грамадзтва з слаёным пірагом, дзе пячорныя людзі складаюць зусім ня самую тонкую праслойку.

Насуперак тагачасным прапагандысцкім заклікам ня жыць адным днём, ён вучыў мяне, што якраз адным днём і трэба жыць— так, каб у ім заўсёды было месца каханьню, сяброўству, музыцы, паэзіі...

Відаць, таму, што менавіта так Валера жыў сам, ён пасьпяваў зрабіць неверагодна шмат. Ён стварыў праект рэканструкцыі гістарычнага цэнтру Полацку, яго праектныя распрацоўкі сталі асноваю рэстаўрацыі ня толькі Богаяўленскага і Крыжаўзьвіжанскага сабораў у Полацку, але і Усьпенскага й Станіславаўскага касьцёлаў у Мсьціславе і Магілеве, Калоскай царквы ў Горадні, сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах... Перажыўшы другое нараджэньне, гэтыя помнікі зрабіліся ня проста месцам паломніцтва турыстаў і вернікаў, а найістотнейшай часткаю матэрыяльнага падмурку, на якім адраджаліся нашая гістарычная памяць і нацыянальная сьвядомасьць.

Калі ў 1983-м у адноўленай полацкай Сафіі адчынялі канцэртную залю, Валера быў адзіным, хто прамаўляў па-беларуску. Гэта выклікала відавочнае незадавальненьне мясцовага і прыежджага начальства, якое, выступаючы па паперцы, блытала гады й стагодзьдзі, а сябе, няўважліва чытаючы шпаргалкі, называла “благородными потомками”.

Валера меў хворае сэрца, якое не па чутках ведала, што такое хірургічны скальпэль. Калі мы купаліся ў полацкіх азёрах, ён зь вінаватаю ўсьмешкаю станавіўся на дно, не праплыўшы і дзясятка мэтраў.

Мы прыйшлі зь ім на сьвет у адзін дзень, але ўжо шмат гадоў Валерава нараджэньне адзначаецца 25 жніўня безь яго. У 1992-м ён раптоўна памёр, прылёгшы на летніку з кнігаю Караткевіча.

Сьлюнчанка бязьмежна любіў Полацак, які, па сутнасьці, стаў для яго родным горадам. Але нехта ў нашым зь ім Полацку затоена не любіў Валеру, зайздросьцячы яму, як заўсёды шэрая нікчэмнасьць зайздросьціць сьветламу таленту. Іначай з Сафійскага сабору ня зьнік бы Валераў фотапартрэт, зь якога наведнікаў сустракалі ўважлівыя вочы чалавека, што зазіраў у недаступныя многім глыбіні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG