Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даручыў распрацаваць новыя правілы беларускай мовы


Ганна Соўсь, Менск Аляксандар Лукашэнка даручыў Міністэрству адукацыі распрацаваць новыя правілы правапісу й пунктуацыі беларускай мовы. Гэтае пытаньне абмяркоўвалі сёньня падчас дакладу кіраўніку дзяржавы міністра адукацыі Аляксандра Радзькова.

Як паведамляе прэсавая служба прэзыдэнта, рашэньне распрацаваць новыя правілы тлумачыцца тым, што цяпер выкарыстаньне беларускай мовы грунтуецца на правілах, прынятых у 1957 годзе. Пры тым, мова разьвіваецца і ўдасканальваецца, што выклікае неабходнасьць аднавіць і прывесьці да аднастайнасьці дзейныя правілы правапісу й пунктуацыі, гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы.

У Міністэрстве адукацыі, спасылаючыся на канец працоўнага тыдня, сёньня ня сталі ўдакладняць, якія разьдзелы ў правілах будуць удасканаленыя, аднак паабяцалі патлумачыць гэта ў панядзелак 28 жніўня.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў зьвяртае ўвагу на тое, што распрацоўваць новыя правілы беларускай мовы даручана Міністэрству адукацыі, а не Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук, да таго ж паводле зьвестак кіраўніка ТБМ, сёньняшняя размова паміж прэзыдэнтам і міністрам адукацыі адбывалася сам-насам.

(Трусаў: ) “Так што, мабыць, гэта нешта сакрэтнае. Доўга ішла размова паміж міністрам адукацыі, і самае цікавае, што даручылі не Акадэміі навук, а Міністэрству адукацыі рабіць рэформы. Такога не было пры бальшавіках. Тады ўсе рэформы рабіла Акадэмія навук, у тым ліку і апошнюю ў 1950-я гады”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаго вы чакаеце ад новых правілаў?”

(Трусаў: ) “Нічога добрага я не чакаю. Хутчэй за ўсё, слова “прэзыдэнт” будзе пісацца зь вялікай літары. Я думаю, што гэта цалкам можа быць у правілах. І забароняць клясычны правапіс, каб “Наша Ніва” не выходзіла клясычным правапісам. Гэта яны могуць зрабіць. А ўвесьці мяккія знакі, “не”, “ня” і ўсё астатняе — гэта наўрад ці. Нешта я ня веру, каб нашая ўлада ды яшчэ Міністэрства адукацыі на гэта пайшлі. Такім чынам, я нічога добрага ад гэтых рэформаў не чакаю”.

Нагадаем, што ў 1997 годзе група навукоўцаў з Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук на чале з акадэмікам Аляксандрам Падлужным пачалі рыхтаваць новыя правілы правапісу й пунктуацыі беларускай мовы. Першая вэрсія новай рэдакцыі правілаў зьявілася ў 1999 годзе мізэрным накладам. Аднак нават пры мінімальным інфармаваньні было шмат крытыкі й заўвагаў мовазнаўцаў. Потым былі другая і трэцяя вэрсіі новых правілаў, якія ў 2003 годзе перадалі ў Міністэрства адукацыі на зацьверджаньне. На чым будуць грунтавацца навукоўцы, якія маюць распрацоўваць новыя правілы правапісу і пунктуацыі беларускай мовы, пакуль што дакладна невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG