Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новы этап у беларуска-расейскай "газавай вайне" (абноўлены)


Алесь Дашчынскі, Менск Расея не выключае, што выйдзе зь беларуска-расейскага пагадненьня аб стварэньні роўных умоваў у галіне цэнавай палітыкі, якое прадугледжвае роўныя цэны на газ, электраэнэргію, адзіныя тарыфы на чыгуначныя перавозкі для беларускіх і расейскіх суб’ектаў гаспадараньня. Гэтае пагадненьне падпісалі 12 красавіка 2002 году.

Расейскае міністэрства замежных справаў накіравала ноту беларускаму боку, у якой патлумачыла пазыцыю адносна далейшага ўдзелу ў пагадненьні. Пра гэта паведаміла агенцтва ПРАЙМ-ТАСС са спасылкай на крыніцу ў расейскіх дыпляматычных колах. Аднак ні ў расейскім, ні ў беларускім МЗС зьмест гэтай ноты раскрываць ня сталі. Начальнік аддзелу прэсавай службы беларускага МЗС Марыя Ваньшына заявіла:

(Ваньшына: ) “Вы што маеце на ўвазе — што пра нейкую ноту ідзе гаворка? Я ня ведаю нічога. Я вам кажу ад імя МЗС. Я ж афіцыйная асоба. Я ня ведаю нічога пра гэтую ноту”.

Прадстаўнік прэс-службы расейскага міністэрства замежных справаў Андрэй Краўцоў ня стаў камэнтаваць пазыцыю Расеі адносна пагадненьня:

(Краўцоў: ) “Пакуль у мяне няма камэнтароў”.

Размаўляць на гэтую тэму не пагадзіліся і ў сталым прадстаўніцтве саюзнай краіны ў Маскве.

Беларуска-расейскае пагадненьне аб стварэньні роўных умоваў у галіне цэнавай палітыкі, падпісанае чатыры гады таму, не было ратыфікаванае Расеяй. Паводле расейскага боку, яно выконвалася дзякуючы добрай волі, а цяпер ёсьць сумневы, ці трэба Расеі далей яго прытрымлівацца ў справе паставак таннага газу ў Беларусь.

Пагадненьне было заключана на пяць гадоў і прадугледжвае аўтаматычны працяг, калі адзін з бакоў не паведаміць іншаму ў пісьмовай форме пра свой намер спыніць яго дзеяньне. Прычым расейскі бок вінаваціць Беларусь у невыкананьні іншага пагадненьня, якое ішло ў адным пакеце, пра стварэньне сумеснага газатранспартнага прадпрыемства з “Газпромам” на базе “Белтрансгазу”.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, цяперашні тып двубаковых стасункаў нельга разглядаць як фармаваньне адзінай эканамічнай прасторы. Адносна лёсу пагадненьня спадар Заіка заявіў:

(Заіка: ) “Мы самі яго парушылі, калі нашым бюджэтам субсыдуем шэраг буйных прадпрыемстваў, і ня толькі буйных, і ажыцьцяўляем схаваную падтрымку нашай прамысловасьці й сельскай гаспадаркі. Тут проста Расея з намі возіцца, як з малымі дзецьмі, і ў пэўнай ступені гэта ўжо надакучыла. І таму думка пра тое, каб паставіць беларусаў на месца і адмовіцца ад ідэі роўных эканамічных умоваў даўно знаходзіцца ў партфэлі расейскіх policy maker''аў. А Беларусі на гэта адказваць няма чаго”.



Наша даведка: 25 траўня “Газпрам” перадаў “Белтрансгазу” новы варыянт дамовы. Яна прадугледжвае падвышэньне кошту на газ да 200 даляраў за тысячу кубоў – гэта ў чатыры разы болей, чым сёньня. Прадстаўнікі “Газпраму” патлумачылі, што такое падвышэньне мае не палітычныя, а выключна эканамічныя падставы.

Тыдзень таму віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў, што у выпадку, калі кошт на газ дасягне 100 даляраў за тысячу кубічных мэтраў, ўздымуцца камунальныя паслугі. За двухпакаёвую кватэру, дзе жывуць чацьвёра, трэба будзе плаціць да 35 даляраў у месяц.

Кіраўніцтва беларускага ўраду мяркуе, што падвышэньне коштаў на газ не павінна перавышаць 15 адсоткаў.

XS
SM
MD
LG