Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паўлу Севярынцу адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні (абноўлены)


Радыё Свабода Асуджанаму на два гады абмежаваньня свабоды Паўлу Севярынцу афіцыйна паведамілі, што ён не падпадае пад умоўна-датэрміновае вызваленьне. Адмысловая атэстацыйная камісія, якая вырашала лёс асуджанага палітыка, у сваім вэрдыкце адзначыла, што Павал Севярынец “ня стаў на шлях выпраўленьня, пакаяньня й супрацоўніцтва з адміністрацыяй”.

25 жніўня Паўла Севярынца выклікалі ў спэцкамэндатуру пасёлку Ветрына і абвясьцілі пра адмову ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Пра прычыны распавёў “Свабодзе” сам былы лідэр “Маладога фронту”.

(Севярынец: ) “Рашэньне ўтрымлівала фармулёўку, што я ня стаў на шлях раскаяньня, выпраўленьня і супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Мяне адмыслова перапыталі, ці не раскайваесься ты ў тым, што зрабіў 18—19 кастрычніка, я пасьмяяўся і сказаў, што яны яшчэ будуць раскайвацца ў тым, што цяпер робяць. Гэтак, пасьля мілай размовы, усё скончылася. Рашэньне ў іх было падрыхтаванае, яно прымалася без майго ўдзелу, было спушчанае зьверху”.

Намесьнік начальніка спэцкамэндатуры Аляксандар Драб патлумачыў “Свабодзе”, што Паўлу Севярынцу адмовілі ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні, бо ён своечасова не ўступіў у адну зь дзьвюх сэкцыяў пры камэндатуры: культурна-масавую альбо фізкультурна-спартовую. Камісія пры камэндатуры, якая разглядала магчымасьць датэрміновага вызваленьня Севярынца, расцаніла гэта як нежаданьне перавыхоўвацца. Спадар Драб адмоўся даваць агульную характарыстыку Паўлу Севярынцу.

“Хімікі”, што адбылі палову тэрміну пакараньня і якія вызначыліся ўзорнымі паводзінамі ды працоўнай дысцыплінай, маюць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Павал Севярынец ня меў заўвагаў датычна дысцыпліны і, адбыўшы палову тэрміну, мог быць вызвалены датэрмінова.

Сёньня ж спадар Севярынец атрымаў трохдзённы адпачынак. Першапачаткова яму быў дазволены пяцідзённы адпачынак, і 23 жніўня ён мусіў выехаць у Віцебск, дзе жывуць бацькі. Аднак, паводле Севярынца, гэтым днём у Віцебск павінна была прыехаць дэлегацыя АБСЭ. З гэтай нагоды адпачынак скарацілі на два дні, і ён змог выехаць да бацькоў толькі сёньня.

Нагадаю, Павал Севярынец быў асуджаны на тры гады “хіміі” за арганізацыю мітынгаў пратэсту супраць вынікаў рэфэрэндуму 2004 году. Пазьней год з гэтага тэрміну зьнялі паводле амністыі. Малады апазыцыйны лідэр ужо адбыў год на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. Ён працуе стропальшчыкам на пагрузцы драўніны. “Праца ня столькі цяжкая, колькі небясьпечная”, — кажа пра свой цяперашні занятак Павал Севярынец.
XS
SM
MD
LG