Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: хто варты помніка ў Заслаўі?


Радыё Свабода Каму, на вашую думку, варта было б паставіць помнік у Заслаўі? На гэтае пытаньне адказвалі тамтэйшыя мінакі.

(Спадарыня Галіна: ) “Ёсьць такія людзі”.

(Спадар Аляксей: ) “Рагнеда, Ізяслаў… Можна б было паставіць помнік Рагнедзе, каб ведалі, адкуль пайшоў горад Заслаўе. Як у заходніх краінах. У нас разбуралі помнікі — а там засталіся помнікі царам, каралям. Там стаяць яны і прыгожа глядзяцца. Таксама і тут можна”.

(Спадар Васіль: ) “Я лічу, што такім людзям, якія шмат часу працавалі й лёс якіх паяднаны з Заслаўем. Безумоўна, Яну Грыбовічу, Антонію Пшазьдзецкаму, які таксама шмат чаго зрабіў, — быў вялікі Замкавы палац ягоны. І яшчэ я б адзначыў такога выдатнага дзеяча, як Язэп Драздовіч, які быў у Заслаўі ў 1920-я гады, рабіў замалёўкі, археалягічныя раскопкі тут праводзіў, і нават альбом зрабіў, і адзін з самых першых — скульптуру Рагнеды, драўляную, якая захоўвалася ў Акадэміі навук пазьней. Вось галоўныя людзі, якія заслугоўваюць увагі”.

(Спадарыня Вера: ) “Трэба паставіць помнік усім загінулым за Заслаўе”.

(Карэспандэнт: ) “Каму, на вашу думку, варта было б паставіць помнік у Заслаўі?”

(Спадарыня Людміла: ) “Нікому. Тут бязладзьдзе вялікае”.

(Спадарыня Ніна: ) “Добрыя людзі ёсьць. Напрыклад, намесьнік старшыні гарсавету Ізотаў Леанід Паўлавіч. Вельмі прыстойны чалавек. Вельмі ўмее працаваць зь людзьмі”.

(Спадарыня Ганна: ) “Каму? Проста нікому”.

(Спадар Віктар: ) “Сітніку. За тое, што заўжды жывем у сьмецьці”.

(Карэспандэнт: ) “А хто такі Сітнік?”

(Спадар Віктар: ) “Мэр Заслаўя. Абяцаў усе ямы засыпаць да 9 траўня”.

(Спадарыня Ганна: ) “У нас няма асфальту. Адзін пясок”.

(Карэспандэнт: ) “Каму, на вашу думку, варта было б паставіць помнік у Заслаўі?”

(Спадарыня Ларыса: ) “Пасмучаву Васілю Фёдаравічу. Гэта былы дырэктар Заслаўскай кардонна-паліграфічнай фабрыкі. Пры ім будавалася. Было перадавым прадпрыемствам. Але ён памёр ужо”.

(Школьніца Віка: ) “Можна было б паставіць помнікі Якубу Коласу і Янку Купалу. За тое, што яны пісалі добрыя вершы і апавяданьні павучальныя для дзяцей”.
XS
SM
MD
LG