Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Витебский курьер": Эвакуяваныя жыхары дзевяціпавярховага дома


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы 25 жніўня.

"Витебский курьер". "Яр наступае". У Віцебску на вуліцы Праўды прарвала калектарную трубу, так званую ліўневую каналізацыю, размыла яр, і пад пагрозай разбурэньня дзевяціпавярховы дом. Жыхары дому эвакуяваныя, хто паехаў да сваякоў, хто ў гатэль "Віцебск". Вакол дому працуе цяжкая будаўнічая тэхніка, падсыпаюць жвір і каменьне.

"Народная Воля" пад рубрыкай "Закулісьсе" публікуе артыкул Аляксандра Класкоўскага "Чым заплацiм за газ?" У Сочы расейскi прэзыдэнт частаваў беларускага калегу экзатычным фiле марскога чорта. Але напярэдаднi быў чорт з табакеркi: выпад ананiмнай крамлёўскай крынiцы. Маўляў, у Менску марна “цешаць сябе iлюзiяй, што нешта можа змянiцца ў пазыцыi ”Газпраму" датычна паставак газу ў Беларусь". Крынiца празрыста намякнула: ня варта спадзявацца, што можна зноўку ўламаць Пуцiна на танны газ, як гэта пашэнцiла зрабiць у Сочы напрыканцы 2005 года. Тады саюзнiку далi аванс перад выбарамi. А цяпер, наадварот, хочуць спагнаць па поўнай праграме.

"Комсомольская правда" в Белоруссіі". "Эгіпцяне перакапалі беларуска-польскую мяжу лыжкай для абутку". Мухамэд и Саід грызлі беларускую зямлю зубамі, каб трапіць у Заходнюю Эўропу. Але пільныя беларускія памежнікі іх затрымалі і дэпартавалі ў Расею.

Маладзечанская "Рэгіянальная газэта" распачала новую рубрыку "Энцыкляпэдыя з куфэрка". Краязнаўца з Вілейкі Анатоль Рогач працаваў у Віленскім і Гарадзенскім архівах і вынайшаў, што вядомы польскамоўны паэт Эдвард Жалягоўскі (псэўданім Антон Сава), сябра Тараса Шаўчэнкі, паходзіць з фальварку Карэкаўцы на Вілейшчыне. Распавядае Аляксандар Манцэвіч.

(Манцэвіч: ) "Жалягоўскі называў украінскага паэта "пакутнікам і народным парвадыром, а Шаўчэнка прасякнуўся да нашага земляка пачуцьцямі шчырага сяброўства і высока цаніў яго паэзію. На адным з вечароў у Пецярбургу Жалягоўскі прачытаў свой верш "Да брата Тараса Шаўчэнкі", а Шаўчэнка неўзабаве піша верш "Насьледаваньне Эдварду Саве". Пра гэтыя старонкі жыцьця Жалягоўскага ўкраінцам гэта вядома, а мы, на жаль, гэтага ня ведаем".

"Брестская газета" . Пятнаццацігадовы школьнік з Санкт-Пецярбургу, які прыехаў на вакацыі да сваёй бабулі ў Кобрынь, арганізаваў крадзеж 12 тысяч даляраў з кватэры свайго роднага дзядзі, індывідуальнага прадпрымальніка. А з гаража іншага прадпрымальніка з Баранавічаў двое беспрацоўных выкралі 300 тысяч даляраў да калекцыйную зброю.
XS
SM
MD
LG