Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт на Бангалоры мае адбыцца пры любым надвор''і


Любоў Лунёва, Менск Сёньня а 6 вечара ў парку Дружбы народаў, што побач з плошчай Бангалор, адбудзецца дазволены ўладамі бясплатны рок-канцэрт. Гурты N.R.M., Neuro Dubel, Tav.Mauzer, Plan, Band A, Крама, Памідор/OFF ды іншыя будуць выступаць цягам чатырох гадзінаў Арганізатары мерапрыемства спадзяюцца, што на канцэрт прыйдуць тысячы грамадзянаў, каб адзначыць угодкі наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі моцы канстытуцыйнага закону.

Арганізатары канцэрту запэўніваюць, што нават, калі будзе моцны дождж, гэта ня спыніць музыкаў. Гаворыць адна з арганізатараў мерапрыемства Кацярына Калініна:

(Калініна:) “Безумоўна, нас непакоіць надвор’е за вакном. Калі будзе дождж, то мы заплянавалі нацягнуць тэнты над сцэнай і затуліць апаратуру ад дажджу. Музыкі могуць граць бяз перашкодаў. Будуць усе ўдзельнікі заплянаванага мерапрыемства. Было нават болей жадаючых, я маю на ўвазе іншыя гурты і выканаўцаў, але, на жаль, у нас толькі чатыры гадзіны і мы ня можам расьцягнуць гэты час”.

Канцэрт плянавалі правесьці яшчэ 27 ліпеня. Гарадзкія ўлады не далі дазволу, матывуючы гэта тым, што ў парку ў той дзень адбываліся пікеты ў абарону Аляксандра Казуліна. Яны не пагадзіліся дазволіць правесьці канцэрт праз гадзіну пасьля заканчэньня пікету, маўляў нельга ладзіць два мерапрыемствы ў адзін дзень і ў адным месцы. На практыцы некалькі разоў было, калі ў часе правядзеньня пікету казулінцаў, побач адбываўся пікет супраць палітыкі ЗША, альбо супраць эмігрантаў з Блізкага Ўсходу. Гаворыць адзін з арганізатараў канцэрту Віталь Супрановіч:

(Супрановіч:) “Калі казаць пра канцэрты на адкрытым паветры, то з тых імпрэзаў 18 сакавіка добра адбылося. Другое мерапрыемства плянавалася на 27 ліпеня. Новую заяўку задаволі пра ўсё, пра што прасілі заяўнікі”.

Музыкі разьлічваюць на вялікую колькасьць гледачоў. Саліст рок-гурту Neuro Dubel Аляксандар Кулінковіч мае добры настрой. Ён спадзяецца, што надвор’е не паўплывае на духоўную атмасфэру.

(Кулінковіч:) “Перш за ўсё, убачыцца з публікай. У нас цяпер няма такой магчымасьці. Вялікі канцэрт – вялікая колькасьць людзей. Плячом да пляча – гэта адбываецца на кожным канцэрце. Сьпець пару новых песень, для музыкі гэта вельмі важна. Я чакаю, што людзей будзе шмат. Нагода ўсё ж такі – Дзень Незалежнасьці. Бангалор? Ну, падумаеш, выгульваюць сабак. Дзе іх цяпер не выгульваюць?”

(Калініна:) “Людзі прыйдуць. Гэты працэс пераадольваньня страху скончыцца і мы дачакаемся пераменаў. Людзі маюць магчымасьць сабрацца, пабачыць адзін аднаго, пераканаца, што ты не адзін. Гэткая падтрымка вельмі важная”.

На канцэрт прыйдуць сябры моладзевага дэмакратычнага руху, грамадзкія дзеячы, школьнікі і студэнты, якія прыехалі ў сталіцу пасьля летніх вакацыяў.
XS
SM
MD
LG