Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што не атрымалася 15 гадоў таму?


Уладзімер Глод, Менск 25 жніўня 1991 году ўвайшло ў найноўшую гісторыю Беларусі як дзень, калі Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі надалі статус канстытуцыйнай сілы і калі была прыпыненая дзейнасьць КПБ-КПСС. Гэта рабілася перадусім намаганьнямі дэмакратычных дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, якія гуртаваліся вакол парлямэнцкай фракцыі Беларускага Народнага Фронту. Аднак ня ўсё з таго, што імі задумвалася, тады зьдзейсьнілася. Прынамсі, не атрымалася вызваліць ад пасадаў тагачаснага прэм''ера Вячаслава Кебіча і ягоных намесьнікаў, міністра юстыцыі Леаніда Дашука, старшыню Дзяржтэлерадыё Аляксандра Сталярова, кіраўніцтва рэспубліканскай Пракуратуры. "Калі б тое ўдалося, як бы цяпер магла разьвівацца Беларусь?"

Пятро Садоўскі ў той час уваходзіў у склад кіраўніцтва Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Ён згадвае, што пазачарговай сэсіі папярэднічала паседжаньне прэзыдыюму, на якім выступаў тагачасны пракурор, старшыня спэцыяльнай камісіі па расьсьледаваньню тых падзеяў, цяпер ужо, дарэчы, нябожчык, Генадзь Тарнаўскі:

(Садоўскі: ) "І ён так усё падаў, што ніхто не вінаваты, што ўсе глядзелі, каб тут парадак быў. І ніхто не зьбіраўся кансалідавацца з кіраўнікамі путчу і г.д.".

Магчыма, такія высновы паўплывалі на некаторых дэпутатаў, і таму прапановы фракцыі БНФ аб адстаўцы Кебіча ды некаторых іншых асобаў не атрымалі неабходных для такога рашэньня колькасьці галасоў. Спадар Садоўскі лічыць: каб тыя зьмены нават і адбыліся, наўрад ці прывялі б яны да радыкальных зьменаў:

(Садоўскі: ) "Ну, зьнялі б Дашука ці Сталярова, дык паставілі б некага іншага. Сыстэма гэтая глыбока карані пусьціла, і замены некаторых людзей мала што даюць. Самы цяжар зьмены сыстэмы ў дэмантажы каранёў, якія ад нечага кормяцца і якіх гэта задавальняе".

Пазыцыю Пятра Садоўскага падзяляе яшчэ адзін удзельнік тых падзеяў -- Мечыслаў Грыб, які ў тыя дні таксама ўзначальваў парлямэнцкую камісію:

(Грыб:) "Пытаньне не трэба так ставіць, што, маўляў, усё тады залежала ад Сталярова, пракурора ці Кебіча. Здымаць -- гэта малады радыкалізм. Маладыя, яны ж, вельмі катэгарычныя: так ці гэтак, ніякіх пагадненьняў, узгадненьняў ці кансэнсусу яны не ўспрымаюць. Ну, зьнялі б Сталярова, зьнялі пракурораў -- што б адбылося? Пасьля, дарэчы, іх памянялі. Ну і што? Сыстэма больш моцная за асобных людзей. Так заўжды было, можа, акрамя сёньняшняга часу".

Палітоляг, доктар навук Вячаслаў Оргіш:

(Оргіш: ) "На мой погляд, тое, што ў свой час не былі звольненыя вышэйшыя асобы, якія спрычыніліся да пэўных падзей і ўвасаблялі дух старой сыстэмы, гэта, канешне, памылка тых, хто імкнуўся да дэмакратычных пераўтварэньняў, да ўсталяваньня незалежнай беларускай дзяржавы. Але зыходзіць з той тэзы, што яна стала перадумовай таго, што Беларусь пайшла не тым шляхам, як бальшыня краінаў Эўропы, гэта не зусім правільна. Зразумела былі іншыя, больш сур’ёзныя, прычыны таго, што адбываецца цяпер на Беларусі".
XS
SM
MD
LG