Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газ-вада


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Напачатку 60-х гадоў газ-ваду – так тады называлі газіроўку -- прадавалі з адмысловых вазкоў. Усярэдзіне вазка меўся сатуратар, тут жа стаяў балён з углякіслым газам, і дзяўчына-прадавачка поўніла шклянкі салодкай шыпучкай. Шклянка вады без сыропу каштавала адну, а з сыропам – 3 капейкі. Сыроп звычайна быў двух гатункаў – малінавы і грушавы. Ён быў наліты ў падаўгаватыя мэнзуркі і меў вельмі прыемны колер. Да таго ж, у адрозьненьне ад навачасных сынтэтычных прадуктаў, сыроп быў натуральны, і пах сапраўднай малінай і сапраўднымі грушамі.

Бацька, памятаю, заўсёды браў мне газіроўку з двайным сыропам. Яна каштавала 6 капеек. Сам жа піў чыстую газ-ваду, сьцьвярджаючы, што яна лепш наталяе смагу.

Працу прадавачкі газ-вады ўскладнялі восы, якія роем віліся вакол мэнзурак з сыропам. Адагнаць іх было немагчыма, і ў бедных жанчын былі спрэс пакусаныя рукі. Перападала і тым, хто наталяў смагу. Памятаю, аднаго майго сябра, калі той піў газіроўку з двайным сыропам, аса куснула ў вуха. Аднак аса – гэта яшчэ ня самае страшнае. У жніўні паласавацца сыропам прыляталі шэршні. Іхны ўкус дужа балючы, і калі шэршэнь кусаў чалавека ў галаву, гэта магло скончыцца шпіталізацыяй.

У сярэдзіне шасьцідзясятых ў буйных гарадах сталі ўсталёўваць аўтаматы па продажы газіраванай вады: чырвоныя мэталёвыя буды. Тае пары іх часьцяком паказвалі ў савецкіх кінафільмах. Сваёй прысутнасьцю яны ўвасаблялі тэхнічны поступ. Вось жа і знакаміты Шурык з “З апэрацыі “Ы” паліваў пасьля іспытаў патыліцу газіроўкай з аўтамату.

Каб напоўніць шклянку, трэба было ўкінуць у шчыліну 3 капейкі. Аднак дэфіцыт грошай і агульнай культуры меў вынікам масавае пашкоджаньне аўтаматаў. Напачатку, каб напіцца бяз грошай, па іх білі кулаком. Былі выпадкі, што пасьля хвацкага ўдару шклянка поўнілася. Потым сталі кідаць у шчыліну адмыслова вытачаныя мэталёвыя шайбы памерам з трохкапеечную манэту. Нарэшце, дадумаліся выкарыстоўваць адну і тую ж шайбу. Дзеля гэтага прывязвалі яе да лёскі, кідалі ў шчыліну, а потым выцягвалі назад. Дадамо таксама, што з аўтаматаў кралі шклянкі і каб папіць газіроўкі даводзілася прыхопліваць з дому свой посуд.

Улетку 1970 году ў Астрахані назіралася ўспышка халеры. Каб пазьбегнуць распаўсюду небясьпечнай хваробы Міністэрства аховы здароўя забараніла рэалізацыю піва, кваса і газіроўкі са шклянак і кухляў. Аўтаматы з газіраванай вадой цэлы год не працавалі, а неўзабаве іх наагул прыбралі з вуліц.
XS
SM
MD
LG