Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сонечнай сыстэме засталося 8 плянэт


Юрась Бушлякоў, Прага Сёньня ў Празе на Кангрэсе Міжнароднага зьвязу астраномаў вучоныя пазбавілі Плютон статусу адной з плянэт Сонечнай сыстэмы. Цяпер Плютон, які з моманту яго адкрыцьця ў 1930 годзе лічылі плянэтаю, пераходзіць у новую катэгорыю “карлікавых плянэт”.

Чым выкліканая такая зьмена? Як ад сёньняшняга дня будзе выглядаць дэфініцыя, што такое плянэта?

Дыскусіі што да статусу Плютона ішлі ўжо даволі даўно, і ў астранамічным сьвеце сёньняшняга рашэньня Кангрэсу Міжнароднага зьвязу астраномаў чакалі.

Рэч у тым, што Плютон выпадае з шэрагу плянэт. Ён складаецца ў асноўным зь лёду, а сваімі памерамі саступае нават Месяцу. У 1992 годзе быў адкрыты цэлы россып аб’ектаў, што знаходзяцца за арбітаю Нэптуна, – пояс Куйпэра. І пасьля гэтага шмат хто з астраномаў пачаў гаварыць пра тое, што Плютон трэба лічыць не асобнай плянэтаю, а ўсяго толькі адным з фрагмэнтаў таго россыпу.

Праблема статусу Плютона яшчэ больш абвастрылася пасьля таго, як сёлета ў студзені вучоныя адкрылі новы, большы за Плютон, аб’ект (яго ўмоўная назва – Зэна). Пытаньне стаяла так: ці лічыць і гэты аб’ект плянэтаю, ці не лічыць за плянэту ні яго, ні Плютона.

І так астраномы падышлі да неабходнасьці цьвёрда вызначыцца, якія касьмічныя аб’екты лічыць плянэтамі.

Згодна з прынятым сёньня азначэньнем, плянэта – гэта нябеснае цела, якое абарачаецца па арбіце вакол Сонца і мае масу, дастатковую для таго, каб сваёй гравітацыяй цела захоўвала сфэрычную форму. Каб лічыцца плянэтаю, нябеснае цела не павінна мець іншых вялікіх целаў у сваім найбліжэйшым суседзтве і ня можа быць спадарожнікам.

Паводле дэфініцыі, у Сонечнай сыстэме ёсьць тры катэгорыі аб’ектаў: плянэты, “карлікавыя плянэты” і малыя целы плянэтнай сыстэмы.

Вось жа, Плютон панізілі ў статусе да “карлікавай плянэты”. Апрача гэтага, астраномы адмовілі ў плянэтным статусе яго спадарожніку Харону, астэроіду Цэрэры і аб’екту пояса Куйпэра Зэне.

Ад сёньняшняга дня ў падручніках астраноміі ўва ўсім сьвеце будуць пісаць пра 8 афіцыйна прызнаных навукаю плянэт: Мэркур, Вэнэру, Зямлю, Марс, Юпітэр, Сатурн, Уран і Нэптун.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG