Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Флярыян Даноўскі


Уладзімер Арлоў, Менск 1834, Панявежы (цяпер Літва) — 6.3.1902, в. Каралінова (цяпер Пастаўскі раён). Пахаваны на Канябіцкіх могілках паблізу в. Камаі (Пастаўскі раён).

У сакавіку 1849 году па ўсёй Літве-Беларусі пракацілася хваля арыштаў. У Вільні, Менску, Горадні, Слоніме, Наваградку царская паліцыя забірала студэнтаў, гімназістаў, маладых службоўцаў — сяброў таемнага “Саюзу літоўскай моладзі”, што якраз на тую вясну прызначыў пачатак вызвольнага паўстаньня.

Ці ня самым юным з 200 прыцягнутых да сьледзтва патрыётаў быў віленскі навучэнец Флярыян Даноўскі. Праз васемнаццаць бясконцых турэмных месяцаў гэты яшчэ амаль хлопчык з адухоўленым, летуценным абліччам і такой самай душою выслухаў вырак ваеннага трыбуналу: 15 гадоў катаргі. Перад тым, як закаваць шаснаццацігадовага Флярыяна ў кайданы і адправіць на этап, яго прагналі праз шыхт жаўнераў з шпіцрутэнамі.

Напачатку ён, прыкуты да тачкі, працаваў у вусьцішных Нерчынскіх капальнях. Але ў кагосьці з начальства здрыганулася сэрца: юнака раскавалі і перавялі на пасяленьні ў Табольск.

Пры канцы 50-х гадоў пазамінулага стагодзьдзя сябры “Саюзу літоўскай моладзі” па амністыі вярталіся ў родныя мясьціны. Аднак, думаючы, што дух нядаўніх катаржанаў зламаны, каляніяльныя расейскія ўлады пралічыліся.

У красавіку векапомнага 1863-га Даноўскага зноў схапілі за прыналежнасьць да паўстанцкай арганізацыі. Усе спробы царскіх катаў вырваць прызнаньне былі марныя. Тады Флярыяна падвялі да шыбеніцы. “Табе толькі 29 гадоў, усё жыцьцё наперадзе,— сказаў расейскі капітан.— Усяго некалькі імёнаў і адрасоў...” — “Ня ведаю”,— адказаў Даноўскі. На шыю накінулі пятлю і душылі да страты прытомнасьці...

У траўні 1864-га — новы арышт. Пасьля двух гадоў астрогу — высылка ў Сібір, знаёмы шлях этапам да Табольску, а потым да Іркуцку.

Вярнуўшыся празь дзесяць гадоў на радзіму, ён знайшоў прытулак у Прынарачанскім краі ў маёнтку Каралінова вядомага мастака Альфрэда Ромера, які ўвекавечыў Даноўскага ў адным з сваіх партрэтаў. Магілаю гэтага чалавека-легенды апякуецца сёньняшні калега Ромера мастак Алесь Цыркуноў, які пасяліўся ў тых мясьцінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG