Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 24 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне! З вамі ў “Начной АБЛОЗе” Севярын Квяткоўскі.

На беларускім партале TUT.BY папулярныя тэмы для абмеркаваньня, такія: “Сын Аляксандра Мілінкевіча адлічаны з польскай адукацыйнай “Праграмы Кастуся Каліноўскага”, “Выхад мультымэдыйнага дыску “Open air RAVElution” пра вясновыя падзеі на Плошчы”, “Аляксандар Лукашэнка ўваходзіць у сьпіс самых папулярных палітыкаў Расеі” і інфармацыя пра гібель літоўскага дыплямата ў Берасьці. Але самую большую колькасьць наведнікаў прывабіла паведамленьне “Зімой камуналка вырасьце ў два разы?” Удзельнік дыскусіі Санчо піша што ў адрозьненьне ад іншых форумаў, тэму абмяркоўваюць толькі ня згодныя з афіцыйнай палітыкай: “Да чаго б гэта? Гэтая тэма вельмі важная для жыцьця нашага грамадзтва. Альбо сказаць няма чаго?”

На сайце Тэхнакарці зьмешчаны допіс карыстальніка Яўгена, які са спасылкай на брытанскі інфармацыйны партал ВВС распавядае пра кур’ёзны выпадак з двума эгіпцянінамі на беларускай мяжы, пад якой яны зрабілі падкоп, і выйшлі на тэрыторыю Польшчы: “Яны заблукалі, і неўзабаве набрылі зноў на тую самую мяжу з Беларусьсю. Небаракам падалося, што гэта мяжа Нямеччыны, і праз новы падкоп яны пралезьлі… назад у Беларусь, дзе трапіліся памежнікам і адсядзелі 10 сутак”.

24 жніўня стартаваў першы ўласна беларускі сайт блогаў ”БайБанэр” . Сайт дзьвюхмоўны: беларуска-расейскі. Аўтары адзначаюць, што, калі вы ўжо маеце на якіс іншым рэсурсе свой блог, яго можна зарэгістраваць на “БайБанэр”, і анонсы вашых паведамленьняў будуць аўтаматычна зьяўляцца на агульнай стужцы сайту “БайБанэр”.

На сайце Бібліятэкі Кангрэсу ЗША зьмешчаны ўнікальны фотапраект. Тут можна пабачыць каляровыя выявы шэрагу гарадоў Расейскай імпэрыі пачатку 20-га ст., у тым ліку Менску, Віцебску, Полацку, Горадні. У 1910 годзе расеец Сяргей Праскурын-Горскі прыдумаў, як можна фіксаваць выявы ў колеры, і з дапамогай адмысловага праектару дэманстраваць іх на экране. Па 1917 годзе фатограф эміграваў, а ў 1948 годзе сын вынаходніка прадаў калекцыю выяваў бібліятэцы Кангрэсу ЗША. Доўгі час людзі ня ведалі, як зрабіць з тых мэталёвых плытаў каляровыя фотаадбіткі. Пакуль не вынайшлі, што з дапамогай лічбавай тэхнікі іх можна сканаваць. І вось цяпер можна пабачыць, як насамрэч выглядалі беларускія гарады 100 год таму.

А ў гітпарадзе на сайце “Тузін гітоў” лідыруе песьня “Аўтабіяграфія” ў супольным выкананьні лідэра гурту “Крама” Ігара Варашкевіча і лідэра гурту “NRM” Лявона Вольскага. Цікава, што на другое месца патрапіла песьня гурту IQ-48 “Сьвятло ў цемры”. Абедзьве песьні напісаныя на першы Міхала Анемпадыстава, якога прызналі “Чалавека году на Тузіне Гітоў”. “Я, канечне, малайчына, але ёсьць людзі, якія б больш пасавалі да “чалавека году”, – сьціпла пракамэнтаваў ганараваньне Міхал Анемпадыстаў”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG