Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У мяне ёсьць стэнаграма паседжаньня Вярхоўнага Савету, дзе Лукашэнка казаў “так званая Рэспубліка Беларусь...”


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 23 жніўня) Ці стала незалежнасьць Беларусі незваротнай? Удзельнікі: сакратар камісіі па міжнародных справах Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Валянцін Голубеў і старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб.

(Валер Карбалевіч: ) “У жніўні 1991 году пасьля краху путчу ГКЧП Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня прыняў закон аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР. Няўдача путчыстаў стварыла новую палітычную сытуацыю на ўсёй постсавецкай прасторы. Прыхільнікі старой сыстэмы апынуліся ў разгубленасьці й страху, а дэмакратаў ахапіла эўфарыя. У такой псыхалягічнай атмасфэры і адбывалася галасаваньне Вярхоўнага Савету Беларусі. Ці ўсьведамлялі дэпутаты гістарычную значнасьць свайго рашэньня? Ці тут дзейнічала сіла інэрцыі, прыклад іншых рэспублік, страх?”

(Валянцін Голубеў: ) “Гэтае рашэньне Вярхоўнага Савету было якраз адно з самых прадуманых, разумных. Яно было прынята 25 жніўня 1991 году. Прычым, Беларусь была першая, таму не было з каго браць прыкладу. Ідэя аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР належала апазыцыі. Жнівень-верасень 1991 году былі часам найбольшай актыўнасьці апазыцыі, якую падтрымлівалі дзясяткі тысяч людзей на плошчы. Вярхоўны Савет быў вымушаны падтрымліваць прапановы фракцыі БНФ.

Гэты закон аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР быў прапанаваны эканамістамі. З такімі прапановамі выступілі Ўладзімер Новік, Уладзімер Заблоцкі. Потым пачалі выступаць юрысты: Зьміцер Булахаў, Віктар Ганчар. Цікава, што Зянон Пазьняк выступіў з зваротам да камуністычнай большасьці Вярхоўнага Савету. Ён зазначыў, што цяпер у Маскве дзеляць пірог бяз нас, і Беларусь можа застацца безь нічога. А ў той час у Канстытуцыі БССР існавала такое паняцьце, як “агульнасаюзная ўласнасьць”. І ў Беларусі было шмат прадпрыемстваў, якія падпарадкоўваліся Маскве.

І дэпутаты прынялі важнае і неабходнае для Беларусі рашэньне. Прыняцьце гэтага закону, можа, дало большы імпульс для разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці, чым прыняцьце Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР 27 ліпеня 1990 году”.

(Карбалевіч: ) “З вашых словаў вынікае, што прыняцьце гэтага дакумэнту было нейкай сытуацыйнай рэакцыяй на хаду палітычнага працэсу, а не з прычыны ўсьведамленьня неабходнасьці й гістарычнай значнасьці незалежнасьці Беларусі”.

(Голубеў: ) “Апазыцыйныя дэпутаты ішлі ў Вярхоўны Савет менавіта з мэтай дамагчыся незалежнасьці Беларусі. У той час і грамадзтва, і Вярхоўны Савет былі гатовыя да прыняцьця такога рашэньня. А агульнапалітычная сытуацыя пасьля краху путчу ГКЧП дапамагла зрабіць гэта хутчэй”.

(Грыб: ) “Гэтае пытаньне не такое простае і відавочнае. Нельга сказаць, што ўсе дэпутаты сьвядома падтрымлівалі незалежнасьць Беларусі. Такога не было. Вярхоўны Савет у той час складаўся з 347 дэпутатаў. 78% зь іх належалі да КПСС. Але большасьць была напалоханая падзеямі, якія адбываліся пасьля няўдачы ГКЧП. Бяз гэтага такі закон наўрад ці мог быць прыняты”.

(Голубеў: ) “Я назваў бы тры гістарычныя дакумэнты, што замацавалі незалежнасьць Беларусі: Дэклярацыя аб сувэрэнітэце БССР 27 ліпеня 1990 году, закон аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР 25 жніўня 1991 году, дэнансацыя саюзнай дамовы ад 1922 году аб утварэньні СССР, якая адбылася 8 сьнежня 1991 году”.

(Карбалевіч: ) “Сёлета, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Незалежнасьці, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сёньня поўнасьцю завершанае будаўніцтва беларускай дзяржавы. І гэта падаецца як станоўчае гістарычнае дасягненьне першага прэзыдэнта Беларусі.

А зь іншага боку, у афіцыйнай беларускай ідэалёгіі акт нараджэньня незалежнай Беларусі трактуецца як трагедыя, няшчасьце. Паводле яе, існавала цудоўная і магутная дзяржава СССР, якую ўсе баяліся — а значыць, паважалі. Але ў выніку падступных інтрыгаў злых сілаў (ці то амэрыканскага ЦРУ, ці нацыяналістаў на чале з Пазьняком і Шушкевічам) здарылася белавеская трагедыя. І як пабочны вынік гэтага катастрафічнага гістарычнага катаклізму, як недарэчнасьць, зьявілася незалежная Беларусь. Вось так супярэчліва ацэньвае тыя падзеі цяперашняе кіраўніцтва краіны. Дык ці сапраўды завершанае будаўніцтва беларускай дзяржавы?”

(Голубеў: ) “Цяжка адназначна сказаць, ці завершанае будаўніцтва. Дакладней будзе сказаць, што ідзе будаўніцтва беларускай дзяржавы. Хто б ні быў кіраўніком, ён павінен гаварыць аб умацаваньні сувэрэнітэту. Дзякуй Боку, што спадар Лукашэнка за пятнаццаць гадоў зьмяніў сваю рыторыку. У мяне ёсьць стэнаграма паседжаньня Вярхоўнага Савету, дзе Лукашэнка казаў “так званая Рэспубліка Беларусь”. А сёньня ён кажа зусім іншае.

Сапраўды, у нас ёсьць усе прыкметы незалежнай дзяржавы: тэрыторыя, межы, свае органы ўлады, законы, падатковая і грашова-крэдытная сыстэма, войска. Але цяжка сказаць, што незалежнасьць поўнасьцю гарантаваная. Бо ў нас ёсьць вялікая эканамічная і палітычная, вайсковая, сыравінная залежнасьць ад Расеі. І пакуль існуе пагроза аб’яднаньня Беларусі й Расеі, казаць пра незваротнасьць сувэрэнітэту цяжка. Прыклад Польшчы, Літвы паказвае, што адзінай гарантыяй незалежнасьці можа быць уступленьне ў НАТО”.

(Грыб: ) “Сувэрэнітэт краіны вызначаецца пэўнымі прыкметамі. І Беларусь ім адпавядае. Але гэтыя парамэтры незалежнай дзяржавы стварыў не спадар Лукашэнка, а Вярхоўны Савет 12-га скліканьня. Яшчэ да першых прэзыдэнцкіх выбараў была прынятая Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь. Там была вызначаная тэрыторыя краіны, грошы, падаткі, войска, сымболіка (сьцяг, герб) і іншае. Мы маем свае дыпляматычныя прадстаўніцтвы дзесьці ў трыццаці краінах. І ў нас знаходзіцца шмат амбасадаў іншых дзяржаваў. Таму я згодзен з заявай Лукашэнкі, з тым, што Беларусь зьяўляецца сёньня незалежнай дзяржавай дэ-юрэ і дэ-факта.

Іншы бок праблемы. Мы сапраўды знаходзімся ў вялікай эканамічнай і палітычнай залежнасьці ад Расеі. Але калі глядзець на гэтае пытаньне глябальна, то няма сёньня ў сьвеце краінаў, якія б ні ад каго не залежалі”.

(Карбалевіч: ) “А як ацэньвае цяперашні сувэрэнітэт Беларусі грамадзтва? Ці прызнае масавая сьвядомасьць яго незваротнасьць? З аднаго боку, большасьць грамадзянаў прызнае каштоўнасьць дзяржаўнай незалежнасьці, прызвычаілася да яе. Зь іншага боку, цягам апошніх гадоў незалежныя сацыёлягі пад кіраўніцтвам прафэсара Манаева даводзілі, што больш як 50% насельніцтва гатовыя прагаласаваць на рэфэрэндуме за канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Апошнімі месяцамі гэтая лічба паменшылася, але магчыма, таму, што аслабла інтэграцыйная прапаганда. І ў крытычны момант большасьць грамадзтва можа ахвяраваць сувэрэнітэтам дзеля нейкіх паабяцаных эканамічных выгадаў. Ці існуе такая небясьпека?”

(Голубеў: ) “Я ўважліва сачу за гэтымі сацыялягічнымі дасьледаваньнямі. І заўважаю парадокс. Прыблізна аднолькавая колькасьць людзей выказваецца за саюз з Расеяй, які прапагандуецца, і за ўваходжаньне ў Эўразьвяз, які ніяк не прапагандуецца. У гэтым я бачу схаванае памкненьне беларусаў на кагосьці абаперціся — ці на Ўсходзе, ці на Захадзе.

Я цяпер працую з студэнтамі. Абсалютная большасьць маладых людзей разумеюць, што яны жывуць у незалежнай дзяржаве. Іншая рэч, што адна частка моладзі бачыць гэтую незалежнасьць пад бел-чырвона-белым сьцягам, а другая велізарная частка — пад чырвона-зялёным сьцягам разам з Лукашэнкам. Я ўпэўнены, што грамадзкая сьвядомасьць ня проста ўспрыняла ідэю незалежнасьці Беларусі, а прыняла яе”.

(Грыб: ) “Беларускае грамадзтва ацэньвае сувэрэнітэт неаднолькава. Вялікага імкненьня абараняць яго ўсімі даступнымі сродкамі, на жаль, не назіраецца. Няма такой самаадданай стойкасьці ў абароне незалежнасьці, якая назіралася ў нашых балтыйскіх суседзяў. Яе і быць не магло. У гэтым цяжка вінаваціць беларусаў, таму што такая была нашая гісторыя і лёс”.
XS
SM
MD
LG