Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — пра помнікі, якіх няма ў горадзе


Сяргей Астраўцоў, Горадня Каму, на вашую думку, варта было б паставіць помнік у Горадні? На гэтае пытаньне адказвалі мінакі.

(Маладзён: ) “Я думаю, што можна паставіць помнік Кастусю Каліноўскаму. Можна таксама Быкаву, таму што я ведаю, што ў нас тут ёсьць нават музэй Васіля Быкава, але ён з розных прычынаў разьвіваецца слаба”.

(Ягоны брат: ) “А я лічу, што яшчэ можна паставіць помнік Тадэвушу Касьцюшку”.

(Спадар: ) “А я мяркую, што ўжо можна ставіць помнік Мілінкевічу — за тое, што ён з хоць чымсьці ў нашым жыцьці цяперашнім змагаецца. Я б яшчэ Быкаву паставіў, гэта варты чалавек, думаю, што для Беларусі ён вельмі шмат зрабіў. Пад нашую намэнклятуру ён не падладжваўся, а сумленна жыў і працаваў, хоць яго й не прымалі, аднак урэшце ён чалавек вялікі”.

(Школьнік: ) “Можа, варта паставіць помнік Якубу Коласу? А яшчэ можна было б і Васілю Быкаву”.

(Сталы спадар: ) “Я думаю, што Васіль Быкаў варты такой высокай павагі, паколькі ён і працаваў тут, я зь ім нават асабіста быў знаёмы. Гэта быў чалавек, адданы свайму народу, і я думаю, што трэба было б адзначыць яго ў нашым горадзе”.

(Спадар: ) “Выдатных дзеячаў Беларусі, чыя біяграфія зьвязаная з Горадняй, многа: напрыклад, і Васіль Быкаў, і кампазытар Аляксандар Шыдлоўскі. Зь дзеячаў мінулага варта было б помнікі паставіць аўтару эканамічных рэформаў Антонію Тызэнгаўзу, навукоўцу-батаніку Жану Эмануэлю Жылібэру”.

(Спадар: ) “З гістарычных постацяў трэба найперш паставіць помнік каралю Стэфану Баторыю, мы якраз на плошчы Баторыя і стаім. З гэткіх сьцёбавых помнікаў трэба, напэўна, Люціку паставіць. Быў такі незвычайны дзівакаваты чалавек, жабрак ці не, яго вельмі мастакі любілі. Пра яго шмат легендаў у горадзе захавалася. І яшчэ дам такі пералік людзей, каму варта паставіць помнікі: мастак Напалеон Орда, ксёндз Максімілян Кольбэ, які загінуў у фашысцкім канцлягеры, і сьвяты Губэрт, дзякуючы якому наш горад мае свой герб”.

(Малады спадар: ) “Калі згадваць добрыя часы, Вялікае Княства Літоўскае, дык тады можна было б паставіць помнік каму-небудзь з каралёў, паставіць як сымбаль таго, што мы сапраўды былі вялікай нацыяй і вялікай дзяржавай, і варта было б да гэтага імкнуцца і сёньня”.

(Маладзён: ) “Можна паставіць помнік Максіму Багдановічу — дарэчы, на вуліцы Першага траўня ёсьць ягоны музэй, вось там можна і помнік яму ўсталяваць”.

(Студэнтка: ) “У горадзе перайменавалі плошчу, якая цяпер называецца плошчай Тызэнгаўза, я лічу, што можна яму таксама і помнік паставіць”.

(Спадар: ) “Вітаўту варта паставіць, каб быў прыгожы помнік з бронзы. Альбо можна яшчэ Баторыю паставіць. Існуе ж такое паняцьце: хто ня памятае таго, што было, той ня будзе ведаць, што будзе потым”.
XS
SM
MD
LG