Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве сьмерць Пацюнаса называюць забойствам


Тацяна Поклад, Вільня Загадкавую сьмерць літоўскага дыплямата Вітаўтаса Пацюнаса ў Берасьці ў ноч з 22 на 23 жніўня некаторыя літоўскія палітыкі называюць палітычным забойствам. Тым часам афіцыйныя прадстаўнікі Літвы гавораць, што гэта “не шараговы выпадак”, адносна якога ёсьць “інфармацыя, якая выклікае непакой”.

48-гадовы Вітаўтас Пацюнас – вайсковец, які служыў у літоўскім Дэпартамэнце дзяржаўнай бясьпекі і быў афіцыйна дэлегаваны працаваць у прадстаўніцтвы літоўскага МЗС за межамі краіны, іначай кажучы, дэкляраваны супрацоўнік бясьпекі на дыпляматычнай працы.

В.Пацюнас працаваў дараднікам у генэральным консульстве Літвы ў Горадні. Яго жонка Людвіка Пацюнене – рэдактар літоўскай нацыянальнай тэлевізіі. Яна вядучая аўтарскай праграмы на гістарычныя тэмы “Знакі часу”. У сям''і чацьвёра дзяцей, самай малодшай дачцэ 13 гадоў.

Літоўская прэса піша, што калегі і блізкія Вітаўтаса Пацюнаса, усе, хто яго блізка ведаў, рашуча адхіляюць магчымасьць самагубства альбо няшчаснага выпадку – вэрсію, якую выказвае беларускі бок, паводле беларускай прэсы.

Прэм''ер-міністар Літвы Гедымінас Кіркілас кажа, што Беларусь дапамагае расьсьледаваць абставіны сьмерці Вітаўтаса Пацюнаса і “нічога не хавае”. Г.Кіркілас сказаў у адмысловым інтэрвію з гэтай нагоды для “Радыё навінаў”:

(Кіркілас: ) “Насамрэч, такое расьсьледаваньне ўжо і пачалося. Нашыя экспэрты выехалі ў Беларусь. Беларускія праваахоўчыя органы супрацоўнічаюць, і найбольш важна тое, што нічога не хаваецца. Інфармацыя, якая выклікае неспакой, адносна абставінаў гэтай сьмерці, ёсьць, але я спадзяюся, калі нашыя праваахоўнікі і беларускія, і экспэрты, і дыпляматы будуць супрацоўнічаць, мы знойдзем праўду. Сапраўды, гэта не шараговы выпадак у гісторыі нашай дыпляматыі”.

Вітаўтас Пацюнас прыехаў у Берасьце, як і дыпляматы некалькіх іншых краінаў, на прыём ва ўкраінскі кансулят з нагоды 15-годзьдзя незалежнасьці Ўкраіны. Газэта “Lietuvos Rytas” сёньня падае падрабязнае інтэрвію з супрацоўнікамі гатэлю “Інтурыст” у Берасьці, якія дзяжурылі ў ноч з 22 на 23 жніўня.

Яны распавялі, што Вітаўтас Пацюнас вярнуўся з прыёму ва ўкраінскім кансуляце каля 22-х гадзін з двума спадарожнікамі, якія размаўлялі па-літоўску – адзін зь іх быў шафёр, другі, як мяркуецца, літоўскі дыплямат Дайнюс Трынкунас (гэтае імя называе газэта “Берасьцейская праўда”). Неўзабаве яны зышлі, а Вітаўтас Пацюнас, падобна, яшчэ працаваў – сьвятло гарэла. Прыкладна каля 2-й гадзіны ночы супрацоўнікі гатэлю чулі глухі стук, быццам нешта цяжкое ўпала, але, калі выйшлі з гатэлю, нічога не знайшлі.

Цела Вітаўтаса Пацюнаса знайшлі раніцай будаўнікі. У яго нумары на 9 паверсе не было гаўбца. Паводле літоўскай прэсы, нібыта, ёсьць і іншыя сьведчаньні, паводле якіх у пакоі дыплямата быў і трэці наведнік.

Вітаўтас Пацюнас удзельнічаў у расьсьледаваньні сувязяў былога прэзыдэнта Літвы Раландаса Паксаса (які пакінуў сваю пасаду пасьля імпічмэнту) з расейскім бізнэсоўцам Юрыем Барысавым.

Сьмерць літоўскага дыплямата ў Літве называюць загадкавай. Лідэр кансэрватараў Літвы Вітаўтас Ландзбэргіс заявіў, што гэта магло быць толькі палітычнае забойства.

Літоўскі прэм''ер запэўніў, што будзе зроблена ўсё для высьвятленьня праўды, а ў сёньняшнім інтэрвію для літоўскага “Радыё навінаў” адзначыў:

(Кіркілас: ) “Ведаеце, былі розныя выпадкі, былі зьбітыя і іншыя дыпляматы іншых краінаў у гэтай краіне (Беларусі), таму і столькі падазрэньняў”.

Міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцекунас кажа, што Вітаўтас Пацюнас пачаў сваю дыпляматычную працу ў Беларусі ў тым часе, калі цяперашні міністар замежных справаў Літвы быў амбасадарам у Менску. Ён “трымаў слова, быў працавіты, сумленны супрацоўнік”, кажа Пятрас Вайцекунас.

(Вайцекунас: ) “Гэты выпадак мы дасьледуем вельмі ўважліва, адказна, гэта не шараговы выпадак у літоўскай гісторыі, яму будзе нададзеная адпаведная ўвага з абедзьвюх інстытуцыяў – МЗС і Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі. Заўчаснае публічнае агучваньне хаця якога меркаваньня, ацэнкі на дадзеным этапе нанясе шкоду інтарэсам Літвы”.

У Літве па факце сьмерці дыплямата Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы і Генэральная пракуратура Літвы распачалі дасудовае расьсьледаваньне, якім кіруе і якое арганізуе пракурор дэпартамэнту па расьсьледаваньні арганізаванага злачынства і карупцыі Генэральнай пракуратуры Літвы.
XS
SM
MD
LG