Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнікі заклікалі чытачоў дапамагчы выплаціць доўг (фота)


Ганна Соўсь, Менск Прызначанае на сёньня высяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара перанесьлі на сераду. Пісьменьнікі разглядаюць шэраг захадаў для захаваньня памяшканьня ў будынку на Фрунзэ, 5, і адзін зь іх — усенародны збор сродкаў для выплаты ГГУ Адміністрацыі прэзыдэнта 55 мільёнаў рублёў доўгу за арэнду памяшканьняў.

Сёньня раніцай адразу па ўскладаньні кветак да помніку Тарасу Шаўчэнку з нагоды Дня незалежнасьці Ўкраіны кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў скіравалася ў Дом літаратара, куды неўзабаве прыбылі судовыя выканаўцы й прадстаўнікі гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта, каб пачаць працэдуру прымусовага высяленьня. Чаму высяленьне перанесьлі на 30 жніўня, тлумачыць кіраўнік саюзу Алесь Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Дзякуючы высілкам усіх нашых сяброў-дабрадзеяў, якія ўступалі ў перамовы з кіраўніцтвам галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня, атрымалася перанесьці гэтае прымусовае высяленьне. Да серады ў нас ёсьць час сабраць раду Саюзу пісьменьнікаў і ўзгадніць пытаньні аб магчымасьці рэструктурызацыі нашага доўгу, таксама правесьці перамовы са службоўцамі аб магчымым частковым пагашэньні нашай пазыкі каштоўным кніжным фондам, які мы бясплатна перадалі дзяржаве”.

Нагадаю, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў перадаў каля 60 тысяч тамоў урадавай і лідзкай бібліятэкам. Мэмарыяльны пакой Максіма Танка, у якім сабраліся пісьменьнікі, быў ужо часткова падрыхтаваны для высяленьня — са сьценаў зьнялі партрэты клясыкаў, аднак яшчэ працуе “вяртушка”, празь якую былая старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава спрабавала датэлефанавацца да міністра адукацыі. Вольга Іпатава кажа пра намер зьвярнуцца да грамадзкасьці з заклікам дапамагчы сплаціць доўг.

(Іпатава: ) “Калі яны, якія нам павінны шмат мільёнаў даляраў за наш дом, патрабуюць з нас 23 тысячы даляраў, то я думаю, што мы мусім іх сабраць — і зьбяром. Мы павінны застацца ў Доме літаратара, бо гэта для нас сапраўды сьвятое месца, адрозна ад іх, якія зьбіраюцца тут зрабіць нешта “развлекательное”. Як “Народная Воля” пісала, мы будзем рады любым грошам, якія будуць ад душы. Выстаім мы, выстаіць і Беларусь”.

Падтрымаць пісьменьнікаў сёньня прыйшоў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Ёсьць два варыянты. Адзін — змагацца да канца за сваю годнасьць і за праўду, таму што несправядліва плаціць гэтыя грошы. І… застацца на вуліцы, тады мы згубім гэты мэмарыяльны дом. І другі варыянт — пачаць выплачваць, хай няслушную кару выконваць. І тады мы захоўваем самае галоўнае, тое духоўнае, што ў нас ёсьць. І я — за другі варыянт. Сьвет не бяз добрых людзей і ў Беларусі, і ў замежжы, і мы ў стане ўсе сабрацца, каб даказаць, што нас зламаць ня так лёгка”.

Высяленьне з Дому літаратара можа прывесьці да пазбаўленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў юрыдычнага адрасу і адпаведна скасаваньня рэгістрацыі творчага саюзу ў Міністэрстве юстыцыі. Нагадаем, што сёлета 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта, паводле якога кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў мусіць пакінуць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду. Большую частку гэтай сумы складаюць пазыкі за ўтрыманьне бібліятэкі ад 2002 году.

Летась газэта “Народная Воля” зьвярнулася да чытачоў з просьбай дапамагчы выплаціць 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Гайдукевічу, якую прызначыў суд. Тады судовыя выканаўцы замарозілі рахунак газэты, апячаталі паперу ў друкарні, і выданьне магло спыніць выхад. Тады цягам некалькіх дзён з дапамогай грамадзкасьці патрэбную суму сабралі.



Асабістая справа пісьменьніка Васіля Быкава таксама падлягае высяленьню



Былая старшыня Вольга Іпатава і намесьнік кіраўніка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Міхась Скобла абмяркоўваюць наступныя дзеяньні



Cудовая выканаўца і прадстаўнік Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта праглядаюць паперы аб прымусовым высяленьні



Вольга Іпатава, Аляксандар Мілінкевіч і Алесь Пашкевіч гавораць пра лёс Саюзу пісьменьнікаў (на стале асабістая справа Васіля Быкава)



Ідзе абмеркаваньне
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG