Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Зьніч, Васа Псаракі, Уладзімер Дзянісаў, Уладзімер Папруга, Алег Трусаў


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 19 жніўня). Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла, Ганна Соусь. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка

АЎТАР І ТВОР

ЗЬНІЧ: “БЕЛАРУСЬ ПАКРЫТАЯ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫМІ КОЛЕРАМІ ХРЫСТОВАЙ ПЛАШЧАНІЦЫ”

Вось ужо дзесяць гадоў паэт Зьніч (сьвецкія імя-прозьвішча — Алег Бембель) жыве ў Жыровіцкім Сьвята-Усьпенскім манастыры. Але й прыняўшы манаскі пострыг, інак Мікалай (такое яго новае імя) не адышоў ад літаратуры. Ён працягвае пісаць і друкаваць вершы, рэдагуе багаслоўска-літаратурна-мастацкі лісток “Жыровіцкая абіцель”, рыхтуе да выданьня сваю новую кнігу “За мурам”. Нядаўна паэта-манаха ў манастыры наведаў Міхась Скобла.



(Міхась Скобла: ) “Брат Мікалай, вы прынялі манаскі пострыг, пішаце хрысьціянскія вершы, рэдагуеце “Жыровіцкую абіцель”, а ў якасьці псэўданіму ўзялі сабе імя язычніцкага бога Зьніча. Ці няма тут разыходжаньня з вашым хрысьціянскім сьветапоглядам?”

(Зьніч: ) “Няма. Тут зьявіўся, узьнік хрышчоны Зьніч — дух сьмерці, свяшчэнны Божы агонь, каторы вынішчае на зямлі зло. Хрышчоны Зьніч не супярэчыць праваслаўю”.

(Скобла: ) “Калісьці Аляксандар Блок гаварыў: “Вершы трэба пісаць так, быццам на цябе глядзіць Бог”. Ці ёсьць у вас адчуваньне Божай прысутнасьці ў момант вершапісаньня?”

(Зьніч: ) “Натхненьне Гасподзь дае, звычайна, альбо пасьля багаслужэньня (нават бывае і ў час), альбо пасьля моцнай малітвы. Натхненьне за мурам малітоўнае. Бо Творца ўсяго існага Гасподзь усіх нас хоча бачыць сваімі сутворцамі. Але ён хоча, каб мы былі Ягонымі сутворцамі па ўласнай волі, не прыцягнутымі за вушы, а каб мы вольна абралі шлях сутворчасьці з Госпадам. Мне за мурам гэты шлях Гасподзь даў і Ён мне дапамагае”.

(Скобла: ) “Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, у якой колеравая гама нацыянальнага сьцягу (бел-чырвона-белая) супадае з колерамі Хрыста. Чаму ж пра гэта так мала ведаюць праваслаўныя вернікі?”

(Зьніч: ) “Мы сапраўды адзінае племя на зямлі, якое колерамі сваёй плашчаніцы акрыў Гасподзь. Таму мы найбольш блізкія да Яго. І хросны шлях Хрыста — гэта й шлях Беларусі, наш з вамі шлях. А вернікі, на жаль, ня ведаюць ня толькі гэтага. Мы слаба ведаем Эвангельле, Новы Запавет, запаведзі Божыя, Нагорную пропаведзь… Шмат чаго мы ня ведаем. Таму – будзем ведаць, будзем заглыбляцца ў слова Божае. Ведаць пра сымболіку нашу, адчуваць яе глыбінныя карані.

Як вядома, касавінка на Божым крыжы якраз сымбалізуе двух разбойнікаў, расьпятых побач з нашым Збаўцам. Яны абодва адчувалі аднолькавыя фізычныя пакуты і спачатку пракліналі ўсё на сьвеце: і свой лёс, і сваіх мучыцеляў, і самога Хрыста, які ня можа ні сабе, ні ім дапамагчы. Але калі разбойнік справа пачуў, як моліцца Хрыстос, у сэрцы ягоным нешта зварухнулася, і ён папрасіў: “Госпадзе, памяні мяне, калі прыйдзеш у Царства Тваё”. І Гасподзь адказаў яму: “Існа кажу табе: сёньня са мной будзеш у раі”. Першым, каго Гасподзь узяў у рай, быў раскаяны разбойнік.

Дык вось, усе мы, у той ці іншай меры, — разбойнікі, кожны разбойнічае па-свойму. Будзем ісьці шляхам раскаянага разбойніка, будзем раскаянымі – зразумеем, чаму нас Гасподзь пакрыў бел-чырвона-белым сьцягам. Будзем не раскаянымі — што ж, тады выберам вечнасьць без Хрыста..

(Скобла: ) “Вы кантактуеце са слонімскімі школамі. Ці хінуцца сучасныя школьнікі да рэлігіі, да Бога?”

(Зьніч: ) “Магу вам адказаць канкрэтна. Пяць гадоў мы з настаўніцай Слонімскай гімназіі Ліліяй Уладзімераўнай Шынкевіч вялі клясу. Давялі яе да выпуску. І сёлета 100% яе выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Цягам пяці гадоў вучні гэтай клясы прыяжджалі на манастырскія паслушаньні, дапамагалі нам у гаспадарчых клопатах, у выданьні лістка “Жыровіцкая абіцель”, удзельнічалі ў багаслужэньнях, прычашчаліся. І пасьля паступленьня яны адзінадушна сказалі: “Дапамога Божая была з намі, мы яе адчувалі рэальна”. Дзякаваць Богу, што цяпер школа і царква разам.

Працягваючы тэму школы, дазволю сабе працытаваць жменьку радкоў, прысьвечаных маладому пакаленьню. Юнай беларусачцы: “Не адтуляйся ад родных палеткаў. Абыдуцца землі чужыя бяз нас. Будзь кляснай настаўніцай сваім дзеткам — хай Бог табе дасьць іх аж цэлы кляс!”.

Тым, хто бярэ шлюбны вянец, які, калі ён данесены да канца, прыроўніваецца да вянца мучанікаў. Ёй: “Будзь ласкавай і маўклівай, паслухмянай і цярплівай, малітоўнай, працалюбнай і ня збоч з дарогі шлюбнай!”. Яму: “Не абрыдлым небаракам, будзь заўсёды мілым, любым, каб саюз ваш быў ня бракам, а сапраўдным Божым шлюбам!”.

(Скобла: ) “Дай Бог каб вашы наказы былі пачутыя. У 1985 годзе за выданьне кнігі на Захадзе вас выключылі з камуністычнай партыі. А калі б сёньня да вас у манастыр прыехаў прадстаўнік гэтай самай партыі, выбачыўся і вярнуў партбілет, вы ўзялі б яго?”

(Зьніч: ) “Узяў бы! Толькі з адной умовай, што КПСС будзе расшыфроўвацца: Крыжаўзьвіжанскі Праваслаўна-Сацыяльны Саюз — з адпаведнай зьменай свайго статуту і праграмы”.

(Скобла: ) “Ну, гэта была б ужо іншая партыя… “Жыровічы — сьвяты для нас куточак”, — гэта пачатак аднаго зь вершаў Ларысы Геніюш. Вы нядаўна з Жыровіцкага манастыра выяжджалі ў Зэльву дзеля ўшанаваньня памяці паэткі. Што для вас значыць гэтае імя?”

(Зьніч: ) “Раба Божая Ларыса — вялікая наша рыфмарка, шчырая праваслаўная верніца. Царства ёй нябеснае! Беспасярэдне мне зь ёю ў жыцьці не пашанцавала сустрэцца. Але праз сяброў ёй было перададзена маё чатырохрадкоўе, якое яна вельмі цёпла ўспрыняла: “Вякі плывуць, а Ён раскрыжаваны, жывы… ў крыві цячэ цьвікоў іржа... А род людзкі, нячыстым апантаны, ня мае сілы зьняць Яго з крыжа”. Праз гэтае чатырохрадкоўе я адчуваў з Ларысай Геніюш нейкую малітоўную лучнасьць. І цяпер я кожны дзень малюся за супакаеньне душы рабы Божай Ларысы і адчуваю, як ад яе ідзе цеплыня. Як тады, калі сябры перадалі ад яе словы падзякі за тое маё чатырохрадкоўе”.

(Скобла: ) “Працытаванае вамі чатырохрадкоўе было надрукаванае, здаецца, у адной з вашых “замежных” кніг. Увогуле, зьдзіўляе геаграфія іх выданьня. Кніга “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс” выйшла ў Лёндане. “Рэха малітвы” — у Нью-Ёрку. “Саната ростані” — у Беластоку. Ці не прыйшла пара выдавацца на радзіме?”

(Зьніч: ) “Калі я ў свой час падаваў заяву на ўступленьне ў Саюз пісьменьнікаў, я яе сфармуляваў наступным чынам: “Максіму Танку, Нілу Гілевічу. Прашу прыняць мяне ў ваш Саюз. Бо ў краіне сіняй, дзе я ўваскрасаю ў сузор’і мар, найбялейшых у свеце, я не самотны, я кнігу маю з друкарні пані Маргарэт Тэтчэр”. Браты-пісьменьнікі пасьмяяліся і ніяк не адрэагавалі на маю заяву. Потым я да яе дапісаў дадатак: “Марыся Тэтчэр сваёй ральлёй пайшла, болей поле маё не арэ яна. Другая кніжка самоты маёй — з друкарні пана Рональда Рэйгана”. А потым яшчэ адзін post scriptum зьявіўся: “І вось нечакана кніжачка трэцяя — з друкарні пана Войцеха Ярузэльскага”. Калі Гасподзь захоча, можа, мая наступная кніга “За мурам” выйдзе ў друкарні якога-небудзь тутэйшага пана”.

ЗЬНІЧ. З БУДУЧАЙ КНІГІ “ЗА МУРАМ”

* * * …мае белыя строі — у месцы сьвятым… апранаю іх — перад Прычасьцем… спапяляецца пекла — у сэрцы маім… і на міг усьміхаецца шчасьце… …потым – цешуся хітраспляценьнямі слоў… зачароўваюць мары і мроі… і у змрок апранаецца сэрца маё… у жалобныя чорныя строі… …хто сьвячу майго крохкага шчасьця задзьмуў?.. падміргну спакушэньням-віхурам… скрушна й вусьцішна гордаму сэрцу майму на разломе між сьветам і мурам…

БЛІЖНЯМУ

…дэман ня можа тварыць: лёс яго — толькі бурыць… помні не мімаходзь: Творца — адзін Гасподзь… дзеюць і Той, і той нашай з табою рукой…

* * * Алесю Клышку і ўсім, хто любіць Беларусь

Брат, зьбірай Беларусь па каменьчыку. Час прадсконны. Зьбірай камяні!.. Нават мёртвыя ў скрусе укленчылі, шанец ёсьць яшчэ — не абміні… Вырашальныя хвілі апошнія, выйграе, хто ўваскрос са Хрыстом. Нашы сэрцы пакуль што ня скошаны, але гнуцца пад чорным дажджом… Нас яшчэ не панесьлі да хвойніка… Наш настаўнік — што справа сканаў… Ён ня мячык, а сэрца разбойніка прама ў райскую браму ўвагнаў!

БРАТАМ-НАЦЫЯНАЛІСТАМ

Прыйдзе ад бязьвер’я і бясслаўя к Богачалавеку мой народ… Беларусь — часьцінка праваслаўя. …а для вас, браты — наадварот.

ГІМН БЕЛАРУСІ

На матыў Палянэзу Агінскага

…Краю мой, Ты палёг у сэрцы зямлі, Эўропаю названай… пакрыты Плашчаніцаю — Хрыстом… пакліканы — Апосталам… хрышчоны — Роўнаапостальным у веры Праваслаўнай, ратуесься малітвай і пастом… — Жыве Беларусь!.. — Жыве! — і ў Польшчы… і ў Нямеччыне… паўсюдна, дзе дух чалавечы ратуецца ў Царкве… — Жыве Беларусь!.. — Жыве!.. — — Жыве Беларусь!.. — Жыве!.. — і ў Бэльгіі.. і ў Ангельшчыне… паўсюдна, дзе памяць вечная схіляецца у журбе… — Жыве Беларусь!.. — Жыве!.. — — Жыве Беларусь!.. — Жыве!.. — ў Амэрыцы… і ў Аўстраліі… паўсюдна, дзе зь сьмерці паўсталі, хто не забыў сябе. — Жыве Беларусь!.. — Жыве!.. — у Піцеры… і ў Маскве… ў Сыбіры… і ў Кітаі зь нябыту Яна ўваскрасае… — Жыве Беларусь!.. — Жыве!.. …ля сэрцаў сьляпых і глухіх, крывавячы губы і скроні, лятуць і лятуць тыя коні — па гонях сваіх і чужых… …лунаюць бель-чырвань і бель у золаце і блакіце… то — нібыта золак у жыце, ўзыходзіць Царквы карабель… …у сэрцы і галаве, дзе цені шаленства і горасьць, — жыве Падабенства і Вобраз… — Жыве Беларусь!.. — Жыве!.. — …Краю мой, Ты палёг у сэрцы зямлі, Эўропаю названай… пакрыты Плашчаніцаю — Хрыстом… пакліканы — Апосталам… хрышчоны — Роўнаапостальным у веры Праваслаўнай, ратуесься малітвай і пастом…

ВЭРНІСАЖ

ВАСА ПСАРАКІ: “БУСЕЛ ЛУЧЫЦЬ БЕЛАРУСЬ З ГРЭЦЫЯЙ”

У Музэі сучаснага мастацтва ў Менску адчынілася выстава шырока вядомай на Захадзе дзіцячай пісьменьніцы і кніжнага графіка Васса Псаракі. Яна нарадзілася і жыве ў сталіцы Грэцыі Атэнах, а яе творы выстаўляюцца ў Нямеччыне, Італіі, Гішпаніі, Францыі, Чэхіі, Японіі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, Швэцыі, Бэльгіі… З Васай Псаракі на адкрыцьці яе выставы ў Менску сустрэлася нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.



(Валянціна Аксак: ) “Унікальную грэцкую мастачку і пісьменьніцу адкрыў для нашых гледачоў беларускі мастак Сяржук Цімохаў, які летась пазнаёміўся зь ёю на Міжнародным конкурсе кніжнай графікі ў Бялградзе, дзе, дарэчы атрымаў Гран-пры. І я прашу яго сказаць колькі словаў пра Васу Псаракі”.

(Сяржук Цімохаў: ) “Я пазнаёміўся з Васай Псаракі на біенале кніжнай ілюстрацыі ў Бялградзе ў 2005 годзе. Там я упершыню ўбачыў яе творы. Самае цікавае, што там была яе кніжка, якая настолькі прывабна выглядала і настолькі была цэльнай па дызайне, што мне адразу захацелася пазнаёміцца з аўтаркай. І, як высьветлілася, яна сама гэтую кніжку і напісала. Яна сама піша казкі для дзяцей і сама іх ілюструе, прычым адмыслова для гэтага стварае шрыфт. Сама па сабе яе кніга — гэта рукатворны мастацкі твор. Мне падалося, што яе мастацтва можа быць цікавае для беларускіх гледачоў, для беларускіх мастакоў, якія займаюцца афармленьнем кніжак, і для беларускіх дзяцей, якія ня звыклі да такіх кніжак, як у Васы Псаракі”.

(Аксак: ) А цяпер пытаньні да самой Васы Псаракі. Спачатку вы толькі ілюстравалі кнігі іншых аўтараў, а потым сталі самі пісаць. Чаму? Вас не задавальнялі тэксты, да якіх вы рабілі малюнкі, ці па нейкай іншай прычыне?”

(Васа Псаракі: ) “Ілюстрацыі былі галоўным маім заняткам. Тэксты мне падабаліся, і вобразы да іх я ўяўляла спачатку ў сваёй галаве, а потым малявала… А пачала я пісаць гісторыі для дзяцей пасьля аднаго здарэньня ў маім садзе. Там у сажалцы жылі розныя жабкі, у адной зь якіх на сьпінцы была жоўтая палоска. Звычайна, яны гучна квакалі па начах, але аднойчы ноччу я не пачула іх кваканьня. Я выйшла да сажалкі і ўбачыла бусла, які прыляцеў і зьеў усіх маіх жабак, апрача той, што з палоскай на сьпінцы. Я хацела яе сфатаграфаваць, але доўгі час жабка хавалася ад мяне. Потым мяне запрасілі ў Балоньню, у школу, дзе я распавяла гісторыю маіх жабак. Дзецям гісторыя вельмі спадабалася, і я вырашыла яе запісаць”.

(Аксак: ) “Ці стаў згаданы бусел адмоўным пэрсанажам вашых кнігаў?”

(Псаракі: ) “Не, я так не пісала пра яго… Ён ня быў дрэнным… Гэта была першая мая кніга, у якой гэты бусел быў галоўным героем. Я ўявіла, як ён ляціць у небе і чуе маіх жабак. Ён жа быў галодны…З гэтай гісторыі пачалося маё пісаньне кнігаў для дзяцей. Яна для мяне вельмі важная і цікавая”.

(Аксак: ) “Тут цікава тое, што ў беларусаў бусел — амаль што сьвятая птушка. Бусел — сымбаль беларусаў, бусел прыносіць дзяцей беларусам. І таму цікавыя вашыя ўражаньні ад Беларусі, якая ахоўваецца птушкай, што ў свой час у Грэцыі зьела вашых любімых жабак”.

(Псаракі: ) “Узімку гэтая птушка з намі, а потым улетку — з вамі. Яна нас гэткім чынам лучыць. А вось сёньня я гуляла па горадзе і ўбачыла ў вас матылькоў, якіх у нас няма. Яны вельмі прыгожыя, з моцнымі чырвонымі крыламі…”

(Аксак: ) “Выстава Васы Псаракі будзе доўжыцца ў Менску да 9 верасьня, а затым яна пераедзе ў Полацак у Музэй беларускага кнігадрукаваньня”.

БЛІЗКАЯ ГІСТОРЫЯ

УЛАДЗІМЕР ДЗЯНІСАЎ: “ВЕРХНІ ГОРАД ПЕРАЖЫВАЕ САПРАЎДНУЮ АГОНІЮ”

У Менску, у раёне вуліц Гандлёвай і Кірылы і Мятода на замову Экзархату Беларускай праваслаўнай царквы вядзецца будаўніцтва Менскай духоўнай акадэміі. Як сьведчаць архэолягі, у часе земляных работ быў вывезены на сьметніцу пяцімэтровы культурны слой, а ў самім катлаване выяўленыя падмуркі будынкаў канца 16 — пачатку 17 стагодзьдзяў. Будаўнічую пляцоўку наведала нашая карэспандэнтка Ганна Соўсь.

Паводле вядомага дасьледчыка муроўкі, архэоляга, кандыдата гістарычных навук Алега Трусава, знаходкі на месцы будаўніцтва можна датаваць канцом 16-га — пачаткам 17-га стагодзьдзя. Пакуль не праведзенае грунтоўнае дасьледаваньне, архэоляг не бярэцца вызначыць, што гэта быў за будынак, але схіляецца да дзьвюх вэрсій — альбо культавая пабудова, альбо адзін з першых цагляных жылых дамоў у Менску. Вось меркаваньне на гэты конт намесьніка старшыні Менскага гарадзкога таварыства аховы помнікаў, сябры Рады беларускага камітэту Міжнароднага савету па помніках і гістарычных мясьцінах ІКАМОС Уладзімера Дзянісава.

(Дзянісаў: ) “У працэсе земляных работ зьнішчаліся вельмі цікавыя мураваныя канструкцыі, якія знаходзіліся пад зямлёй. Што гэта было — адказаць сёньня даволі цяжка, паколькі большая частка канструкцый ужо зьнішчаная, захаваліся толькі невялікія фрагмэнты. Дарэчы, гэты схіл, на якім цяпер вядуцца земляныя работы, вельмі старажытны. Даўней ён называўся Казьмадзям’янаўскай гарой. Тут у 16-17 стагодзьдзях стаяў знакаміты Менскі Казьмадзям’янаўскі, спачатку праваслаўны, а потым уніяцкі, манастыр, тут былі ягоныя пабудовы. Дарэчы, манастыр быў зьнішчаны ў сярэдзіне 17-га стагодзьдзя падчас вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. Што цяпер робяць архэолягі? Фактычна, яны назіраюць за зьнішчэньнем помніка архэалёгіі. Нагляд можа ажыцьцяўляцца толькі там, дзе невядома: ёсьць помнік, ці няма. Але ж увесь Верхні горад і наагул гістарычны цэнтар Менску ў адпаведных межах прызнаны комплексным помнікам! Пад аховай знаходзіцца і культурны пласт, таму ўсе будаўнічыя работы могуць праводзіцца толькі ў адпаведнасьці з законам і толькі пасьля поўнага вывучэньня, фіксацыі і дасьледаваньня. Гэта ў нас ня робіцца”.



На думку майго наступнага суразмоўцы, былога галоўнага дзяржаўнага інспэктара ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму Ўладзімера Папругі, Праваслаўная царква нясе маральную адказнасьць за тое, што цяпер адбываецца ў Верхнім горадзе, паколькі будаўніцтва заняло вельмі вялікую частку старажытнага кварталу Менску, які, да таго ж, ня быў дасьледаваны.

(Папруга: ) “Задача грунтоўнага дасьледаваньня гістарычнай тканкі гэтай часткі гораду, я ўжо не кажу пра археалёгію, якая сама па сабе прапісана ў ахоўным заканадаўстве, і павінна была прайсьці па поўнай праграме, а не ў рэжыме так званых назіраньняў ці архэалягічнага нагляду. Гаворка ідзе пра тое, што гэтая частка гораду ніколі не дасьледавалася. Мы ня ведаем гістарычнай пляновачнай структуры, мы ня можам ідэнтыфікаваць і пасадзіць на рэальную падаснову забудову, якая тут калісьці існавала. Гэта датычыць мэтадалёгіі. А калі казаць пра тое, якім барбарскім спосабам усё гэта цяпер было раскапанае... Гэтыя падмуркі, якія адкрываюцца, ніхто ніколі не абмяраў, не дасьледаваў, не ідэнтыфікаваў. Ужытыя цяпер спосабы — абсалютна барбарскія. Гэта больш падобнае на вайну”.

Кандыдат гістарычных навук архэоляг Алег Трусаў, які на гэтым тыдні вывучаў падмуркі ў катлаване ў Верхнім горадзе, таксама мяркуе, што цяпер найперш трэба на пэўны час спыніць будаўнічыя работы і правесьці архэалягічныя раскопкі.

(Трусаў: ) “Як правіла, пасьля раскопак будаўніцтва працягваецца далей. Але калі падмуркі каштоўныя, іх не разбураюць, іх неяк музэефікуюць, робяць кансэрвацыю. Могуць у нейкі будынак убудаваць. Ёсьць пэўныя правілы, і гэта павінен рабіць архітэктар, аўтар праекту з дапамогай спэцыялістаў. Гэта вельмі проста”.

Цяпер ж мэтанакіравана разбураецца гістарычная тканка гораду — сьведчыць былы дзяржаўны інспэктар у справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны Ўладзімер Папруга.



(Папруга: ) “Менску ўжо амаль тысяча гадоў, а нашы веды пра горад —папросту дзіцячы садок. Я ўжо не кажу пра архэалёгію. У нас няма гістарычнага апорнага пляну (ён ня зроблены на раскапаную тэрыторыю), пляну, які б клаўся на рэальную горадабудаўнічую падаснову. Гэта вялікая праблема, вялікая рана. Тыя людзі, якія ўзялі на сябе адказнасьць, — архітэктары, чыноўнікі Менгарвыканкаму і Міністэрства культуры — яны пакрыюць сябе ганьбай, незмыванай плямай, якая назаўжды ляжа на іх сумленьне. Зрэшты, што казаць пра сумленьне? Іх дзеяньні падлягаюць пад крымінальную адказнасьць, і ўся праблема палягае ў тым, як пракуратура глядзіць на гэтую праблему, як выконвае свае абавязкі...”. Намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў пакуль што з пэсымізмам глядзіць на будучыню гістарычнай часткі Менску.

(Дзянісаў: ) “У дадзеным выпадку Верхні горад перажывае сапраўдную агонію. Калі мы, напрыклад, паспрабуем прайсьціся пешшу па старажытных вуліцах і завулках, то наўрад ці зможам гэта зрабіць, бо там тэрыторыя цалкам пераўтвораная ў велізарную аўтастаянку. І вось будаўніцтва новага велізарнага аб’екту… І гэта толькі пачатак. На тэрыторыі Верхняга гораду плянуецца будаўніцтва шэрагу новых аб’ектаў. Ужо цяпер абмяркоўваецца праектная дакумэнтацыя на будаўніцтва забаўляльнага цэнтру. І дзе? У двары Базыльянскага кляштару Сьвятога Духу! Гэта Музычны завулак, вуліца Інтэрнацыянальная, вуліца Энгельса, дзе знаходзіцца цяпер надземная вялізная паркоўка. Увесь Верхні горад будзе забудаваны абсалютна новымі аб’ектамі, і гэты працэс фактычна ніхто ні з кім, я маю на ўвазе грамадзкія структуры, не ўзгадняе, не абмяркоўвае”.

Архэоляг, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў таксама мяркуе, што патрэбнае шырокае грамадзкае абмеркаваньне плянаў забудовы ў гістарычным цэнтры Менску.

(Трусаў: ) “Мне здаецца, наша Акадэмія навук зусім згубіла той імпэт, які калісьці быў, таму што каб кіраўніцтва Акадэміі навук на чале з Мясьніковічам актыўна выходзіла на кіраўніцтва Праваслаўнай царквы, на кіраўніцтва Менгарвыканкаму, то, я думаю, усе гэтыя пытаньні можна было зьняць. Я памятаю, як мы ў свой час змагаліся за Верхні горад, таксама было шмат праблемаў, але мы маглі дайсьці і да Машэрава, а потым да Кісялёва, які быў тады першым сакратаром ЦК. І Кісялёў мусіў спыніць будаўніцтва мэтро, дазволіў нам раскопкі і сам прыяжджаў на месца. Тады Побаль, Штыхаў, Пазьняк ды іншыя архэолягі спынілі будаўніцтва мэтро і раскапалі ўнікальныя абарончыя збудаваньні. Гэта там, дзе цяпер станцыя мэтро “Няміга”. Проста ў нас цяпер зусім ня тыя навукоўцы”.

ЯК ГЭТА РОБЯЦЬ У ПРАЗЕ?

Камэнтар Сяргея Абламейкі

Вось жа, як вы чулі, на думку Алега Трусава шмат што ў захаваньні рэшткаў старой менскай забудовы залежыць ад пазыцыі Нацыянальнай акадэміі навук. Я б дадаў – і ад грамадзкасьці таксама. Плюс – агульная культура кіроўнай эліты і культура выкананьня законаў.

Улетку 2005 году на адным з цэнтральных пляцаў Прагі – плошчы Рэспублікі – пачалося будаўніцтва вялікага гандлёвага і офіснага цэнтру. Калі выкапалі катлаван, наткнуліся на рэшткі сьценаў раманскіх дамоў 12-га стагодзьдзя. Імгненна было спынена будаўніцтва, пачаліся археалягічныя раскопкі, чэскі друк абляцела сэнсацыя – аказваецца стары горад у 12-м стагодзьдзі быў значна большы, чым меркавалася раней.

Адкапаныя дамы знаходзіліся больш чым паўкілямэтра ад цэнтральнага пляцу Прагі. У знойдзеных рэштках жылых пабудоваў былі нават прыбіральні, што сьведчыла пра высокі грамадзкі статус іх гаспадароў. Вышыня сьценаў адкапаных будынкаў у раманскім стылі была 3-4 мэтры.

Што ж зрабіў інвэстар пабудовы гандлёвага цэнтру – адзін з трансэўрапейскіх канцэрнаў? Нічога, што б нагадвала дзеяньні беларускіх будаўнікоў і тых, хто ў цяпер Беларусі будовы замаўляе. Ён інвэставаў дадаткова некалькі мільёнаў эўра у зьмену праекту – і цяпер у будаваным гандлёвым і офісным цэнтры зьявіцца музэй і некалькі рэстарацыяў з уключэньнем у іх інтэр’ер праскіх муроў 12-га стагодзьдзя...

У Менску ж сытуацыя іншая. Калі ў лістападзе мінулага году зносілі дом 19-га стагодзьдзя па вуліцы Гандлёвай 27, дык гэта рабілася на падставе экспэртызы, якая засьведчыла, што дом у вельмі кепскім стане. І вось днямі газэта “Наша Ніва” паведаміла, што такую ж экспэртызу Экзархат Рускай Праваслаўнай царквы замовіў і для дома нумар 7 па вуліцы Кірыла і Мятода – гэта камяніца 17-18-га стагодзьдзяў, якая некалі належала да кляштару бэрнардынак. Паводле газэты, верагоднасьць таго, што экспэртыза прызнае канструкцыі дому аварыйнымі – вельмі высокая. Менавіта ў такі спосаб у апошнія гады ў Менску былі зьнішчаныя дзесяткі старых пабудоваў.
XS
SM
MD
LG