Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Госьць на Свабодзе” – Анатоль Вярцінскі</B>


Радыё Свабода Сёньня ад 21.00 да 22.00 на пытаньні слухачоў па менскім тэлефоне (8-017) 290-39-52 адказваў вядомы беларускі паэт, былы галоўны рэдактар газэты “Літаратура і Мастацтва” (1986-1990), дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Анатоль Вярцінскі.

Ён – сябра Прэзыдыюму Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, адзін са стваральнікаў ПЭН-цэнтру, актыўны ўдзельнік Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.

Нагадаем колькі радкоў паэта Анатоля Вярцінскага, якія шмат чаго гавораць пра яго самога:

“Бачу я: нехта некага любіць — гэта іх справа, гэта іх права; Бачу я: нехта некага губіць — тут і мая ўжо справа…”

Яшчэ, зь верша, які мае мэтафарычны назоў – “Чалавек маленькага росту”:

...“Чаму ня рос, па чыёй віне?” Чалавек адказвае проста: “Гэта залежыць не ад мяне...”

Няўжо беларусы застануцца нацыянальна “маларослымі”? За каго паэту хочацца сёньня заступіцца? Адкуль у сучасным грамадзтве дэфіцыт дабрыні і перабор варожасьці?

А што найбольш турбуе сёньня палітыка, грамадзяніна Анатоля Вярцінскага?

(Вярцінскі: ) “Чарговая, пятнаццатая гадавіна наданьня статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь. У ёй урачыста гаворыцца пра такія высакародныя, гуманныя ідэалы, як свабоднае і годнае жыцьцё кожнага грамадзяніна, культурнае і духоўнае разьвіцьцё беларускай нацыі. Гэтая гадавіна супала літаральна ў часе з канчатковым высяленьнем з уласнага дому старэйшага творчага аб’яднаньня, якое ў народзе часам называлі нават родным, – Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Яшчэ адзін дзень, што меўся быць сьветлым, чырвоным днём календара, становіцца яго чорным днём...”

Фрагмэнты размовы спадара Вярцінскага з нашымі слухачамі слухайце заўтра, 25 жніўня, у нашым эфіры
XS
SM
MD
LG