Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школы правяраюць на гатоўнасьць да новага навучальнага году


Радыё Свабода Сёньня ў Міністэрстве адукацыі пройдзе калегія, прысьвечаная гатоўнасьці адукацыйных установаў Беларусі да новага навучальнага году. Да сэзону падрыхтавалі шэраг новаўвядзеньняў: у прыватнасьці пашыраны сьпіс ідэалягічнай літаратуры.

Напярэдадні намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно патлумачыў, што за лічаныя дні да пачатку навучальнага сэзону кантрольныя службы мусяць пераканацца: школы стопрацэнтна гатовыя адчыніць дзьверы перад вялізнай арміяй навучэнцаў – а гэта блізу 1,5 мільёна дзяцей.

(Фарыно: ) “Адпаведныя органы нагляду сёньня аналізуюць усё: і спартовую базу – на прадмет таго, ці адпавядае яна патрабаваньням часу. І арганізацыю харчаваньня – якой яна будзе ў той ці іншай школе. Вялікая праца вядзецца ў падрыхтоўцы кабінэтаў да пачатку вучэбнага году. Санітарныя службы правяраюць функцыянальнасьць усіх памяшканьняў у пляне стварэньня адпаведных умоваў і, асабліва, па тэхніцы бясьпецы – каб былі захаваныя жыцьцё і здароўе дзяцей ва ўстановах адукацыі”.

Ужо за парогам школы і дзяцей, і дарослых чакаюць сюрпрызы. Перадусім, Міністэрства адукацыі выдала рэкамэндацыі ў справе арганізацыі ідэалягічнай працы сярэдніх адукацыйных школаў. Ад гэтага году ўкараняюцца цэлыя вучэбна-мэтадычныя комплексы, якія складаюцца з трох частак: уласна школьны дапаможнік, практычны дадатак да яго, а таксама мэтадычныя інструкцыі выкладчыку. Так, у мэтадычках напісана: сёньня ў абавязкі ўсіх уведзеная адказнасьць за правядзеньне ідэалягічнай і выхаваўчай працы ў калектывах. Як адзначаецца, працэс мусіць адбывацца ў рэчышчы важных дзяржаўных падзеяў 2006 году – прэзыдэнцкіх выбараў і рашэньняў ІІІ Усебеларускага народнага сходу.

У плянах новага навучальнага году – перавод на расейскую мову навучаньня прадмету “Гісторыя Беларусі”. На прэсавай канфэрэнцыі тыдзень таму кіраўніцтва Міністэрства адукацыі гаварыла, што адна з галоўных задачаў на бліжэйшую пэрспэктыву – большая ўвага вывучэньню замежных моваў. Пры гэтым месца беларускай замоўчваецца, што абурае нават настаўнікаў. Перадусім, такога падыходу не разумеюць пэдагогі са стажам. Маімі суразмоўцамі – настаўнікі-пэнсіянэры з Гарадзеншчыны Мікалай і Ларыса Ракі.

(Мікалай Рак: ) “Неабходна больш гадзінаў аддаваць уроку беларускай мовы, каб беларуская мова капітальна пераважвала расейскую…”.

(Ларыса Рак: ) “…Ня толькі на сам прадмет “Беларуская мова” – усе прадметы павінны выкладацца па-беларуску. Толькі так трэба пытаньне ставіць. Нам усім сорамна, што ў Беларусі няма вышэйшай навучальнай установы, дзе б усе прадметы вывучаліся на беларускай мове”.

Сёлета на замову Міністэрства адукацыі беларускія прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці распрацавалі і запусьцілі ў вытворчасьць новыя мадэлі школьнай вопраткі. Не настойваючы на адным узоры адзеньня, міністэрства ўсё ж не пакідае дзецям ды іхным бацькам асаблівага права выбару – апранацца можна толькі з мадэльнага шэрагу, зацьверджанага ведамствам. Што да пачаткоўцаў, то яны пагалоўна павінны апранацца ў школьныя строі. Ні пра які вольны стыль, як у папярэднія гады, гаворкі няма ўвогуле: джынсы ізноў асацыююцца з бунтам і рэвалюцыямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG