Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя сілы Гомельшчыны аб''ядналіся для мясцовых выбараў


Радыё Свабода Учора ўвечары ў Гомелі прадстаўнікі апазыцыйных сілаў рэгіёну падпісалі пра супрацоўніцтва ў часе выбараў у мясцовыя Саветы. У ліку падпісантаў – кіраўнікі абласных арганізацыяў Аб`яднанай грамадзянскай партыі, ПКБ, БНФ, Народнай Грамады, штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча ды шэрагу іншых арганізацый.

Гаворыць старшыня рэгіянальнай рады Партыі БНФ Віктар Раманішка:

(Раманішка:) “У нас ёсьць ужо вопыт сумеснай працы на прэзідэнцкіх выбарах. Навошта ламаць тое, што нармалёва сябе зарэкамендавала. Па-другое, трэба нашых агульнанацыянальных лідэраў падштурхоўваць да сумеснай працы, бо цяпер яны не так супрацоўнічаюць, як хацелася б”.

У пагадненьні запісана, што дэмакратычныя арганізацыі Гомельскай вобласьці будуць сумесна весьці падрыхтоўку патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, вызначаць для іх акругі, аказваць інфармацыйную падтрымку, рабіць маніторынг выбарчай кампаніі. Гаворыць лідэр абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

(Палякоў:) “На мой погляд, посьпех залежыць ад таго, наколькі мы гатовыя працаваць разам. Такое жаданьне было сёньня прадэманстравана. І, мне здаецца, што ў рэгіянальнай кааліцыі праблем ня будзе, калі яны ня будуць штучна стварацца на нацыянальным узроўні”, - лічыць спадар Палякоў.

Якой канкрэтна падтрымкі чакаюць ад дэмакратычнай кааліцыі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты ? Пра гэта разважае адзін з падпісантаў кааліцыйнага пагадненьня, дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў:

(Глушакоў:) “У прынцыпе – інфармацыйнай і юрыдычнай падтрымкі. Гэта найбольш істотнае, чым можа дапамагчы кааліцыя любым кандыдатам, у тым ліку і мне. Але стварэньне кааліцыі само па сабе ня вырашыць праблему абраньня канкрэтнага чалавека ў мясцовы Савет. Трэба, каб сам гэты чалавек вельмі моцна жадаў абрацца, каб ён быў зарыентаваны на перамогу, меў добрую каманду, бо кааліцыя наўрад ці будзе ў стане такую каманду для яго сфармаваць”.
XS
SM
MD
LG