Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"...І таму, пакуль на чале Беларусі Лукашэнка, замежныя турысты прыяжджаць ня будуць..."


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 23 жніўня, серада. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Ларыса зь Менску) “ГКЧП не перамог, бо ў іх не было акрэсьленай праграмы. Яны ня ведалі, што рабіць, таму іх дзеяньні большасьць людзей не падтрымалі, яны разгубіліся. Што адбылося, калі б яны перамаглі, ніхто ня ведае, і толькі можна праз 15 гадоў уяўляць, што і робяць слухачы “Свабоды” ды грамадзяне, якіх апытваюць на вуліцах гарадоў. Па гэтых адказах можна меркаваць пра сёньняшняе жыцьцё. Адны задаволеныя, другія – не. У той час, я маю на ўвазе 15 год таму, усе людзі знаходзіліся ў амаль аднолькавых умовах: стабільная праца і стабільны прыбытак. А цяпер грамадзяне падзелены на дзьве часткі: тыя, хто мае вялікія прыбыткі, і тыя, хто толькі зводзіць канцы з канцамі, сярэдняй клясы ў нас няма. Чаму так адбываецца? На гэта пытаньне, магчыма, маглі б адказаць тыя, што ў апазыцыі да ўрада, але, на жаль, да іх не прыслухоўваюцца і нават не даюць магчымасьці выступіць са сваёй праграмай у сродках масавай інфармацыі. Таму стаўленьне да апазыцыі ў большасьці грамадзян адмоўнае, бо некаторыя ня ведаюць, хто такая “апазыцыя” і што яны прапаноўваюць. Калі пытаюся ў знаёмых, ці слухаюць “Свабоду,” дык яны наогул ня ведаюць, што ёсьць такая радыёстанцыя. Няма адпаведнай інфармацыі, таму большасьць людзей абыякава адносяцца да таго, што адбываецца ў краіне.”

“Выбар навучальнай установы – гэта выбар той прафэсіі, якая будзе прыносіць чалавеку ў далейшым як матэрыяльнае, так і маральнае задавальненьне. Трэба пры выбары ВНУ разьлічваць на свае здольнасьці, каб потым не шкадаваць пра свой выбар. Цяпер маладыя людзі мараць адразу атрымаць ад прафэсіі прэстыж і вялікія грошы. Але мы бачым, што праходзіць час, і ўсё так хутка мяняецца ў жыцьці ў час усеагульнай кампутарызацыі, што тое, што сёньня прэстыжна, заўтра ўжо ў заняпадзе. Але ёсьць такія спэцыяльнасьці, якія заўсёды былі патрэбныя чалавеку: будаўнікі, матэматыкі, спэцыялісты ў сельскай гаспадарцы. Я скончыла ў 50-я гады навучальную ўстанову па спэцыяльнасьці “інжынэр тэхноляг па дрэваапрацоўцы.” Працавала амаль сорак гадоў. У той час мы былі ўпэўненыя, што, скончыўшы інстытут, мы атрымаем стабільную працу і стабільны заробак. Цяпер пры заканчэньні ВНУ такой упэўненасьці няма.”

(Спадар) “Прывітаньне. Літаральна паўгадзіны таму пачуў па BBC забаўнае паведамленьне. Па каналу SVT, калі не памыляюся, гэта швэцкі тэлеканал, падчас трансьляцыі навінаў выпадкова на заднім пляне аказаўся уключаным тэлевізар з парнаграфічнай праграмай на экране. Журналістаў пакаралі. Да пабачэньня.”

(Спадар) “Я абураны выказваньнямі спадарыні Ярмошынай наконт скаргі ў Вярхоўны суд пра фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў, пад якой 6 тысяч подпісаў. Можна сабраць яшчэ 100 тысяч подпісаў і нават больш, толькі на яе гэта не зробіць ніякага ўражаньня, таму што гэтая спадарыня служыць не закону, а капрызам аднаго чалавека. І калі б у нас была насамрэч незалежная судовая ўлада, ці сыстэма, як заўгодна можна назваць, то Аляксандр Казулін быў бы на волі, а Аляксандр Лукашэнка за значныя парушэньні закона і канстытуцыі даўно б сядзеў на нарах, а не ў прэзыдэнцкім крэсьле.”

(Спадар) “Добрай вам ночы, даражэнькія! Я заўсёды зьдзіўляюся таму, што адны і тыя ж галасы працуюць часта і ўначы, і раніцай. Так што я вам спачуваю. Ну і калі я такім экспромтам пазваніў, дык раскажыце, як вы адпачываеце, куды ходзіце ў той жа Празе ці ў тым жа Менску. У вас жа, пэўна, ёсьць нейкі вольны час? Проста столькі ж матэрыялу ідзе ў этэр, што проста думаеш, а калі ж тыя хлопцы ці дзяўчаты адпачываюць…І яшчэ да перадачы “Атлянтыда.” Ёсьць мараходцы-беларусы.. Я калісьці вучыўся ў мараходцы клайпедскай, дык вось там Мазур быў і іншыя хлопцы. І пра беларусаў-мараходцаў трэба расказаць. Гэта спадару Ракіцкаму такое пажаданьне. А вам добрага-добрага здароўя і адпачынку. Да пабачэньня. Да этэру.”

“Вось, даражэнькія супрацоўнікі Радыё Свабоды! Я ў тым годзе ці напачатку гэтага прасіў вас расказаць пра ўкраінскі галадамор. І зусім нядаўна я слухаў уначы перадачу ўкраінскага радыё, дык яны расказвалі, што ў іх зьбіраліся выдаць тыя сакрэтныя дакумэнты, якія былі захаваныя ў архівах, за 32-гі і 33-і гады. І гэтыя дакумэнты сьведчаць пра тое, што калі людзі з голаду беглі ва ўсе бакі, дык іх сустракалі кулямётамі і агнём, і людзі даходзілі нават да таго, што елі адзін аднаго, да канібалізму. Дзесяць мільёнаў украінцаў было зьнішчана. Дык трэба было б расказаць. Можа, вы ўжо расказвалі…Але тады паўтарыце, таму што цяпер не магу заўсёды вас чуць, бо глушаць увечары. Толькі з 11 я калі-нікалі злаўлю, а сёньня вось раніцою на 41 хвалі…”

(Спадар) “Я наконт “Летняга альбому.” Прабачце, але гэта адна савеччына…Ці то Мусьлім Магамаеў, ці то нейкія песьні пра космас… Гэта, прабачце, мала цікава насамрэч маладому пакаленьню, асабліва таму, якое ведае, што такое Савецкі Саюз. Усё ж такі, якое мы, беларусы, маем дачыненьне да таго Савецкага Саюзу, які мы, фактычна, які мы, па сутнасьці, і стваралі, і лепшымі будаўнікамі якога зьяўляліся? Дзе нашыя савецкія дасягненьні? Чамусьці гэтага ня бачна, адзін “Беламорканал” і гэтак далей. А вось дзе сапраўды вартасныя ідэі накшталт трактару “Беларус”? Гэта адна з тых ідэй, якую Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка праявіла ўсяму сьвету. І яшчэ некаторыя такія ідэі. Але гэтыя ідэі, прабачце, будуць каштаваць вам грошай. І мы вам падказваць ня будзем. Думайце сваімі мазгамі.”

(Паэт Сяргей Патаранскі) “Ведаеце, проста выклікае абурэньне тое, што цяпер робіцца ў гістарычным цэнтры Менску. І вельмі сумна, што да гэтага далучаная наша, так званая, праваслаўная царква, якая ўвогуле, не нашая, а сапраўды зьяўляецца нейкай агрэсіўнай зброяй супраць здаровага беларускага Адраджэньня, што вельмі сумна і што сапраўды рэальнасьць, бо толькі непасрэдна яе кіраўніцтва, і непасрэдна Філарэт будуць несьці ня толькі адміністратыўную, але і крымінальную адказнасьць за ўсе тыя дзеяньні, што яны робяць, калі прыйдзе час. І яшчэ хочацца сказаць, што вельмі сумна, што такія людзі, як Зьніч, сапраўды цяпер далучаныя да, так званага, “крутога” руху праваслаўя.”

(Спадарыня з Магілёву) “Чаму ў Беларусь ня хочуць прыяжджаць замежныя турысты? Адказ, на мой погляд, вельмі просты. Для Эўропы і Эўразьвязу Лукашэнка ніхто, легітымнасьць Лукашэнкі не прызнае большасьць краін сьвету. Таму Рэспубліка Беларусь, дзе ва ўладзе знаходзіцца нелегітымны кіраўнік, нікога не цікавіць. Вельмі многія дзяржавы прайшлі праз дыктатарскія рэжымы. Усяму сьвету вядома, што робіцца ў краінах, дзе ва ўладзе дыктатар. І таму, пакуль на чале Беларусі Лукашэнка, замежныя турысты прыяжджаць ня будуць.”

(Спадарыня з Салігорску) “Дзень шахцёра для жыхароў гораду не толькі прафэсійнае сьвята. Яшчэ жывыя тыя людзі, якія будавалі і будуюць горад. Прыяжджайце, убачыце. Праграма будзе вялікія. Запрашаю апазыцыю. Без заяўкі, без арганізацыі яны атрымаюць магчымасьць сустрэцца зь людзьмі, якія ці памогуць, ці адхіляць іх. Лідэры дэмакратычных сілаў могуць увайсьці ў кантакт з уладамі. Адзін чыноўнік высокага рангу зробіць больш, чым шматтысячны натоўп. Сачыце за надвор’ем. Дзякуй.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG