Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 23 жніўня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіны: сёлета ў ВНУ Менску паступіла рэкордная колькасьць іншагародніх абітурыентаў, ёсьць праблема зь інтэрнатамі. Вось некаторыя камэнтары: “У мяне стрыечны брат на чацьвёртым курсе ва ўнівэрсытэце інфармацыі й радыёэлектронікі вучыцца. У іх у групе тры менчукі. Мінула чатыры гады – выяўляецца, рэкорды ставім”.

“Народ… я ня супраць вяскоўцаў у Менску, але чаму ў ВНУ на бюджэце вучацца вяскоўцы са 140 баламі і ня вучацца гарадзкія з 250?!”

“Колькі ўжо казалі на гэтую тэму: зрабіце дарогу асфальтаваную, інтэрнэт… кабэльнае ТВ, камунікацыю з горадам, добрыя заробкі й забараніце прадаваць чарніла “Палескі настрой”… Едуць жа ж у Менск не ў заробкі, а ў больш прасунутае жыцьцё”.

Жыхары Менску ў інтэрнэт-суполцы minsk_by на сайце Жывы журнал абмяркоўваюць, што магло здарыцца са сталічнай сыстэмай каналізацыяў. Нехта 4ialavek піша: “У раёне Веры Харужай на перакрыжаваньні з Багдановіча ўжо другі дзень сьмярдзіць… Дзіка там, на ўсю вуліцу. Можа хто ведае, што гэта?! Асабліва адчуваецца каля Веры Харужай, 25”. Іншыя чальцы суполкі таксама заўважылі нешта падазронае, прычым у самых розных раёнах сталіцы. А вось некалькі развагаў на тэму, адкуль ідуць непрыемныя пахі.

“На палях за кальцавой аўтадарогай рыхтуюць народнымі сродкамі землі да сяўбы азімых”.

“Кажуць, сэзонная зьява”.

“Мяркую, гэта зьвязана з падтапленьнем некаторых калектараў пасьля залевы”.

“Сяджу ў банку на перакрыжаваньні Харужай і Багдановіча. Такое адчуваньне, што прапах ужо сам наскрозь. Хоць бы пятнічны канцэрт на Бангалор не адмянілі. У зьвязку з антысанітарнымі ўмовамі, напрыклад”.

Літаратар Сяргей Балахонаў, якога папулярным сайце інтэрнэт-дзёньнікаў Жывы журнал болей ведаюць як balachon’a, абураецца: “Ну вось нарэшце на сайце The Cardigans я пабачыў Minsk у сьпісе месцаў іхных summerfestivals (летнія фэсты). Але ад таго, што яны едуць in Belorussia, а не ў Belarus, я аж losing my favourite game (разгубіўся). А тое, што кардзіганы зьбіраюцца выступаць на Town Square (на гарадзкой плошчы) нашай родненькай сталіцы, а не на “взлетной полосе аэропорта “Минск-1”, як задумалі арганізатары бульбяна-зорнага шоў, мяне гайдае мала. Шкадую, што ў ангельскай сяку самы мізэр, а то сфармаваў бы швэдам мэсэдж і павучыў бы, як слушна называць маю краіну, каторую і без таго скланяюць па сьвеце на розныя лады...”

А ў забаўляльным сайце для бізнэсмэнаў Bulba.biz можна прачытаць пра тое, што 2008-ы Генэральнай Асамблеяй ААН абвешчаны Міжнародным годам бульбы. ААН заклікае дзяржавы зьвярнуць увагу на тую ролю, якую бульба можа адыгрываць у забесьпячэньні харчовай бясьпекі й ліквідацыі галечы ў сьвеце.

На сайце Радзіма майго духу зьявіліся новыя артыкулы пра гісторыю беларускіх мясьцінаў. Сярод гэтых публікацыяў – аповед пра сядзібу Быхаўцаў, што на Глыбоччыне. (цытую) “У сярэдзіне ХІХ ст. Кашталянаўшчына вядома як маёнтак Глыбоцкай воласьці Дзісненскага павету. Маёнтак быў уласнасьцю Чарняўскіх. Меў 800 маргоў абшару, з іх 300 лесу… Вясной 1861 году тут адбыліся хваляваньні сялянаў, якія адмовіліся выконваць павіннасьці ў гаспадарцы сваіх паноў. У пачатку ХХ ст. у маёнтку жыло 47 чалавек… На жаль, цяперашнія глыбоцкія ўлады не зацікаўленыя ў захаваньні культурна-гістарычнай спадчыны. Кашталянаўшчыну чакае той самы лёс, што й палац у Залесьсі, сядзібу Бжастоўскіх ў Валыне, сядзібу Масальскіх ў Глыбокім, Дамейкаў у Дзеркаўшчыне й дзесяткаў іншых сядзібаў і палацаў Глыбоччыны, якія расьцягалі па цагліне”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG