Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Барыс Кавэрда


Уладзімер Арлоў, Менск 21.8.1907, Віленшчына — пасьля жніўня 1931, ? Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

7 чэрвеня 1927 году на Варшаўскім вакзале прагучалі стрэлы, рэха якіх абляцела старонкі усёй эўрапейскай прэсы. Беларус Барыс Кавэрда сьмяротна параніў паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава (Навума Вейкіна), які на Захадзе быў вядомы як непасрэдны удзельнік расстрэлу сям’і расейскага імпэратара Мікалая ІІ. (Калі саветы спрабавалі накіраваць Войкава пасланьнікам у Канаду, яму адмовілі ў агрэмане, афіцыйна назваўшы “царазабойцам”.)

Паседжаньні польскага Надзвычайнага суду суправаджаліся дэманстрацыяй непрыхаванай сымпатыі публікі да зусім маладога падсуднага, якому яшчэ ня споўнілася і дваццаці гадоў. У прысутнасьці дамаў з букетамі кветак і 120 журналістаў навучэнец Віленскай беларускай гімназіі і супрацоўнік тыднёвіка “Беларускае слова” Кавэрда заявіў: “Прызнаю, што забіў Войкава, але вінаватым сябе не лічу. Я застрэліў Войкава за ўсё тое, што зьдзейсьнілі бальшавікі ў Расеі,— за мільёны людзей...”

Барысава маці Ганна, загадчыца беларускага сірочага прытулку ў Вільні, сьведчыла, што калі сям’я жыла ў эвакуацыі ў Самарскай губэрні, сына перасьледавалі як “буржуазнае дзіця”. Бальшавікі зруйнавалі школу, дзе вучыўся Барыс, і праваслаўную царкву, якую наведвалі Кавэрды. ЧК расстраляла Барысавага стрыечнага брата і шмат знаёмых...

Насуперак спробам расейскай эміграцыі і польскай прэсы паказаць Кавэрду расейскім патрыётам альбо – адпаведна – палякам з паходжаньня й перакананьняў, Барыс абвясьціў на судзе, што “адчувае сябе беларусам”. Да беларускіх справаў былі далучаныя і бацькі падсуднага. (Бацька, Сапрон Кавэрда, да прыкладу, займаўся вэрбоўкаю добраахвотнікаў у створаную з ініцыятывы Беларускай вайсковай камісіі падпольную арганізацыю “Зялёны Дуб”.)

Гісторык Ніна Стужынская лічыць учынак Кавэрды своеасаблівым адказам-выклікам з аднаго боку на слабасьць і адсутнасьць адзінства беларускіх антысавецкіх сілаў, а з другога — на практыку тагачасных польскіх уладаў абвінавачваць беларускую апазыцыю ў сымпатыях да бальшавіцкага рэжыму.

Незважаючы на тое, што Кавэрду абаранялі славутыя польскія адвакаты, ён атрымаў 15 гадоў зьняволеньня. Амністыя скараціла тэрмін да 10. У 1931-м эўрапейскія газэты паведамілі, што пасьля чатырохгадовага зьняволеньня Барыс Кавэрда ў стане дэпрэсіі перарэзаў сабе вены, але быў выратаваны. Гэта былі апошнія зьвесткі пра беларускага тэрарыста.

Днямі я згадваў яго лёс, ідучы па полацкай вуліцы імя Войкава.
XS
SM
MD
LG